Вы тут

Удасканаленне заканадаўства — найважнейшая ўмова развіцця краіны


Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мясніковіча М. У. на адкрыцці другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.


Паважаныя члены Савета Рэспублікі і запрошаныя!

На сучасным этапе свайго развіцця Рэспубліцы Беларусь прыходзіцца пераадольваць вельмі сур'ёзныя цяжкасці. Большасць з іх сфарміравалася не ў нас.

Наша, Савета Рэспублікі, задача — усяляк спрыяць прыняццю неабходных заканадаўчых рашэнняў, а таксама выпрацоўцы новых ініцыятыў, накіраваных на выкананне палажэнняў перадвыбарнай праграмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады і зацверджанага ўрадам комплексу мер па яе рэалізацыі.

Дасягнуць гэтых мэт магчыма толькі адказнай і канкрэтнай работай пастаянных камісій, Прэзідыума і Савета Рэспублікі ў цэлым.

Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве (старшыня — А.М. Бадак) трэба будзе ва ўстаноўленым парадку ўдасканаліць дзеючае заканадаўства, як гэта і прадугледжана Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця, у частцы аптымізацыі кантрольнай і нагляднай дзейнасці, юрыдычнай адказнасці гаспадарчых суб'ектаў, стварэння больш камфортных умоў для бізнесу і занятасці насельніцтва. Прапановы Савета Рэспублікі па гэтым пытанні ва ўрад накіраваныя.

На сістэмнай аснове трэба канкрэтна і сур'ёзна займацца пытаннямі ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства ў міждзяржаўных утварэннях у рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС. Будзем настойліва дамагацца зняцця бар'ераў і скарачэння колькасці выключэнняў, каб фарміраваць эфектыўны агульны рынак тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы.

Увагу Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах (старшыня — У.І. Панцюхоў) неабходна сканцэнтраваць на карэкціроўцы заканадаўства ў сферы інвестыцый. Трэба разумець інвестара — і свайго, і замежнага. Вельмі ім няпроста, калі дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы інвестыцый ажыццяўляецца больш чым 40 дзяржорганамі. Інвестыцыйны рэжым будзе эфектыўным, калі будзе вызначацца пераважна законамі, а не індывідуальнымі рашэннямі шматлікіх дзяржорганаў. Мяркуем, што створаная Саветам Міністраў урадавая камісія па гэтым пытанні нарэшце запрацуе і прыме рацыянальныя прапановы па ўдасканаленні інвестыцыйнай дзейнасці, у тым ліку з улікам прапаноў Савета Рэспублікі, якія мы накіравалі ў Савет Міністраў яшчэ ў жніўні 2016 года. Інвестыцыі — гэта перспектыва, і ніякія меры фінансавай стабілізацыі не палепшаць стан спраў, калі краіна не будзе сур'ёзна займацца стварэннем новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў.

Прадметам разгляду Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці (старшыня — І.А. Старавойтава) павінен стаць праект новага Кодэкса аб адукацыі. Савет Рэспублікі вызначаны ў якасці дзяржаўнага органа, адказнага за падрыхтоўку законапраекта «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Тэрмін падрыхтоўкі праекта Закона — чэрвень 2017 года.

Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні (старшыня — А.А. Папкоў) трэба будзе актыўна працаваць над удасканаленнем заканадаўства ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і тарыфнай палітыкі ЖКГ. Пытанне носіць не толькі эканамічны, але і сацыяльны характар. Нямала заканадаўча неўрэгуляваных пытанняў у аграпрамысловым комплексе. Ёсць адпаведныя ўказы Прэзідэнта краіны па рэфармаванні праблемных сельскагаспадарчых арганізацый. Магчыма, у іх развіццё варта прыняць нарматыўныя прававыя акты на ведамасным і рэгіянальным узроўнях. МПА СНД прыняла мадэльны закон аб перавозках, будзем спадзявацца, што ўмовы для далейшай інтэграцыі аўтатранспартнай сістэмы Рэспублікі Беларусь у аўтатранспартныя сістэмы Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза стануць больш камфортнымі. Хоць надзеі слабыя, і без актыўнай работы Аляксандра Андрэевіча з расійскімі і казахстанскімі калегамі належны вынік атрымаць складана.

Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы (старшыня — С.К. Рахманаў) неабходна разам з планавай работай сумесна з калегамі па ЕАЭС прыняць удзел у выпрацоўцы дакументаў, якія ўдакладняюць кампетэнцыю Еўразійскага эканамічнага саюза і краін-партнёраў. Гэтая тэма была паднятая мною ў рамках мерапрыемстваў МПА СНД у Санкт-Пецярбургу 27 сакавіка 2017 года і ў прынцыпе падтрымана.

Паважаныя калегі!

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2016 г. №520 зацверджаны план падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 год. У ім улічана больш за 10 прапаноў Савета Рэспублікі, накіраваных на стварэнне стратэгічнай і стабільнай заканадаўчай асновы доўгатэрміновага ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы.

Усяго ў ходзе другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь плануецца разгледзець больш за 30 законапраектаў.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У 2018 годзе адбудуцца выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў новага склікання. Кожнаму з нас варта ўдзяліць самую пільную ўвагу гэтаму мерапрыемству. Вельмі важна, каб у Саветы прыйшлі людзі, якія маюць жыццёвы вопыт, здольныя адстойваць свой пункт гледжання, годна прадстаўляць інтарэсы рэгіёнаў і насельніцтва, якія ўмеюць эфектыўна і з улікам сучасных патрабаванняў арганізаваць работу мясцовых Саветаў. Гэта павінны быць патрыёты сваёй краіны, здольныя быць праваднікамі дзяржаўнай палітыкі.

Дзейнасць Савета Рэспублікі ў рэгіёнах, Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі сведчыць, што неабходна ўдасканальваць сістэму работы органаў мясцовага самакіравання.

Уяўляецца мэтазгодным разгледзець магчымасць падрыхтоўкі праекта Канцэпцыі развіцця мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь да 2030 года. Трэба ўсебакова вывучыць гэтае пытанне. Прэзідэнт краіны ўжо некалькі разоў звяртаў увагу на неабходнасць больш адказнай работы дэпутатаў усіх узроўняў. Саветы абавязаны актыўна вырашаць пытанні мясцовай гаспадаркі і — галоўнае — працаваць з людзьмі: тлумачыць, пераконваць, умець павесці за сабой. Дэпутат — гэта фігура палітычная.

Саветы павінны фарміраваць новы парадак сваёй работы: пытанні занятасці, разняволення дзелавой ініцыятывы грамадзян — гэта далёка не поўны пералік вельмі адказных задач, якія трэба вырашаць і на месцах, і ў цэнтры. Галоўнае — ініцыятыўнасць, а не імкненне схавацца за чужую спіну і сысці ад адказнасці.

У сакавіку бягучага года Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў адзначыў 100-годдзе з дня ўтварэння. За гісторыю Савета неаднаразова мяняліся яго форма, назва, метады работы, але нязменнымі заставаліся асноўныя кірункі дзейнасці — рашэнне канкрэтных задач па развіцці горада і стварэнні добрых умоў жыцця для гараджан.

Віншуючы мінчан з гэтай датай, адзначу, што гэты перыяд работы Савета быў нялёгкі, але стваральны. Жадаем Мінскаму гарсавету канструктыўнай і адказнай работы.

Традыцыйна Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь удзяляецца вялікая ўвага актывізацыі дзейнасці на міжнародным напрамку. Савет Рэспублікі сумесна з зацікаўленымі вядзе актыўную падрыхтоўку да чацвёртага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 29—30 чэрвеня ў Маскве.

Прэзідэнты Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка далі згоду на ўдзел у гэтым ужо традыцыйным мерапрыемстве.

Узгоднена тэма Форуму — «Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства». Для нас гэта актуальна ўдвайне: Год навукі і сумесная работа на перспектыву са стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй.

31 сакавіка 2017 года прэзідэнты Беларусі і Туркменістана ўрачыста адкрылі Гарлыкскі калійны камбінат, спраектаваны і пабудаваны беларускімі арганізацыямі з удзелам туркменскіх партнёраў. Гэта найбуйнейшы ў Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі вытворца мінеральных угнаенняў.

Рэалізаваны праект адкрывае вялікія перспектывы для беларускіх арганізацый па стварэнні «пад ключ» буйных комплексаў за мяжой.

Вялікі ўклад у стварэнне і пуск комплексу ў эксплуатацыю ўнёс член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Іванавіч Галаваты і прысутны на сесіі намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Мікалаевіч Калінін.

Беларусь у 2017 годзе ўпершыню прыняла старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве. Запланаваны два мерапрыемствы па лініі парламенцкага вымярэння ЦЕІ — пасяджэнне Камітэта міжпарламенцкага супрацоўніцтва, прысвечанае пытанням інтэлектуалізацыі эканомікі ў рэгіёне ЦЕІ, якое пройдзе 30 мая, а ўвосень — штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі.

У Мінску з 5 па 9 ліпеня адбудуцца 26-я сесія ПА АБСЕ і звязаныя з ёй мерапрыемствы. Асноўная нагрузка тут выпадае на Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Але і члены Савета Рэспублікі павінны быць актыўныя як пры падрыхтоўчай рабоце, так і пры правядзенні саміх мерапрыемстваў ПА АБСЕ.

У міжсесійны перыяд нашу краіну наведала парламенцкая дэлегацыя Ісламскай Рэспублікі Пакістан на чале са старшынёй сената Міанам Раза Рабані. Адбыўся таксама афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Ісламскую Рэспубліку Іран.

Вынікі гэтых візітаў знайшлі адлюстраванне ў трох падпісаных дакументах, рэкамендую іх вывучыць і кіравацца ў сваёй рабоце.

16 красавіка 2017 года Беларусь з візітам наведае Старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзян. У ходзе гэтага вельмі адказнага мерапрыемства трэба будзе абмеркаваць пытанні паглыблення беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Мы ні ў якім разе не павінны дапусціць зніжэння дынамізму ў нашых адносінах, у развіцці стратэгічнага партнёрства з вялікім Кітаем.

Дзякую за ўвагу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».