Вы тут

Прысуджаны Дзяржаўныя прэміі


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ «Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 года», паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


У галіне навукі і тэхнікі прэмія прысуджана за распрацоўку і ўкараненне тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых супрацоўнікам 9-й гарадской клінічнай бальніцы і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Алегу Румо, Юрыю Астроўскаму, Аляксандру Дзядзько, Алегу Калачыку, Аляксею Шчэрбе, Андрэю Валенцюкевічу.

За распрацоўку і арганізацыю прамысловай вытворчасці экспартна арыентаваных мікраэлектронных вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння на аснове стварэння сучасных метадаў праектавання, паўправадніковых тэхналогій і высокадакладнага аналітычнага і зборачнага абсталявання прэміі ўдастоены супрацоўнікі ААТ «Інтэграл» Віталь Саладуха, Сяргей Чыжык і Сяргей Шведаў, ААТ «Планар» — Валерый Зайцаў і Генадзь Кавальчук, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — Сяргей Грабчыкаў.

У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана калектыву супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў асобе Аксаны Волкавай, Настассі Масквіной, Станіслава Трыфанава, Сяргея Франкоўскага, Ніны Ламановіч, Аляксандра Касцючэнкі за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцяў і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда» паводле твора Уладзіміра Караткевіча.

За значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета «Мефіста», мюзіклаў «Шклянка вады», «Джулія», «Соф'я Гальшанская», «Байкер» прэміі таксама ўдастоены кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.

Названыя работы з'яўляюцца адлюстраваннем найважнейшых і найлепшых дасягненняў нашай краіны ў сферах навукі і тэхнікі, мастацтва і культуры.

Слова — лаўрэатам дзяржпрэміі

Сяргей ГРАБЧЫКАЎ, галоўны навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання Навукова-практычны цэнтр па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук:

— Дзяржаўная прэмія — гэта своеасаблівы вынік велізарнага этапу ў маім жыцці і 40 гадоў працы ў Нацыянальнай акадэміі навук. Відаць, усё гэта было нездарма — плён для краіны ёсць. Высокай адзнакі заслужыла наша сумесная комплексная распрацоўка з ААТ «Інтэграл» і ААТ «Планар» па прамысловай вытворчасці мікраэлектронных вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння. Яны будуць выкарыстоўвацца ў ракетна-касмічнай, авіяцыйнай, ваеннай, атамнай тэхніцы, а таму павінны адпавядаць вельмі высокім патрабаванням па трываласці пад уздзеяннем самых розных дэстабілізуючых фактараў. «Інтэграл» распрацаваў каля 230 новых вырабаў, якія выкарыстоўваюцца пераважна расійскім ВПК. «Планар» стварыў зборачнае абсталяванне, без якога вытворчасць была б немагчымая. Акадэмія навук займалася навуковым забеспячэннем (напрыклад, прапанавала новыя матэрыялы для абароны ад розных відаў выпраменьвання) і аналітыкай — вырабы з праектнымі нормамі меншымі за мікраметр патрабуюць адпаведных метадаў кантролю, такіх як атамна-сілавая мікраскапія.


Аляксей ШЧЭРБА, загадчык аддзела транспланталогіі РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы:

— Мы распрацавалі тэхналогіі папярэджвання, дыягностыкі і лячэння парушэнняў функцыі печані, звязаных з трансплантацыяй. Варта заўважыць, што перасадка ў гэтым выпадку заўсёды суправаджаецца больш ці менш выражаным часовым пагаршэннем функцыі перасаджанага органа. А звязана гэта з бяскроўным перыядам, калі на працягу некалькіх гадзін да аперацыі печань знаходзіцца без кровазвароту, ва ўмовах кансервацыі. Нашы тэхналогіі ўключаюць прымяненне асаблівага віду інгаляцыйных анестэтыкаў, спецыяльных лекавых сродкаў, сучасных спосабаў марфалагічнай і малекулярна-генетычнай дыягностыкі. Усе нашы тэхналогіі заслужылі прызнанне на міжнародных форумах, прысвечаных трансплантацыі печані і нырак, у тым ліку даследаванне генетычных перадумоў таго, як орган перанясе бяскроўны перыяд. Тэхналогія лекавай абароны трансплантуемай печані прайшла ўсе этапы міжнароднай рэгістрацыі. У еўрапейскім і амерыканскім цэнтрах была атрымана станоўчая ацэнка і на этапе планавання, і на этапах даследавання і ўкаранення. Акрамя таго, удалося стварыць перадавую па сутнасці і выніках праграму гепатабіліярнай хірургіі. Наогул трансплантацыя і хірургія печані пазітыўна паўплывалі на развіццё адна адной. Урэшце мы стварылі сучасную сістэму трансплантацыі печані, гепатабіліярнай хірургіі, што існуе толькі ў высокаразвітых краінах накшталт Германіі і ЗША.


Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ, кампазітар:

— Работы, за якія мяне адзначылі, — гэта ўсё маё жыццё. Я не чакаў гэтай прэміі, але вельмі прыемна, што судзяць па выніках, а не па другасных дасягненнях. Напрыклад, па знакавай для мяне рабоце «Соф'я Гальшанская» — гэта адна з апошніх маіх пастановак, я вельмі доўга да яе ішоў. Недзе ў 2006 годзе прыяцель прывёз мне памятную манету, якую Нацыянальны банк выпусціў да 600-годдзя ад нараджэння Соф'і Гальшанскай. Ён сказаў мне, маўляў, «паглядзі, можа, нешта зацікавіць». І я стаў працаваць, Алена Турава напісала лібрэта, доўгі час мы падбіралі састаў, знайшлі, у тым ліку, Вольгу Жэлезскую, у выкананні якой польская каралева атрымалася пяшчотнай і ласкавай. У мяне даўняе сяброўства з Музычным тэатрам і канкрэтнымі выканаўцамі, напрыклад, з Наталляй Гайдай, для якой я напісаў свой першы мюзікл «Джулія». Потым была «Шклянка вады», якая, дарэчы, ідзе на сцэне ўжо дваццаць другі сезон. З некаторымі тэатрамі я прайшоў усё сваё творчае жыццё, у Беларусі я, напэўна, працаваў з усімі значнымі рэжысёрамі. Маю блізкія па духу сувязі з тэатрамі ў Расіі: летась, напрыклад, я працаваў там над двума спектаклямі.


Ніна ЛАМАНОВІЧ, народная артыстка Беларусі, галоўны хормайстар Вялікага тэатра оперы і балета:

— У нашым тэатры заўсёды ставіліся вартыя оперы беларускіх кампазітараў — Яўгена Цікоцкага, Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава, бо Вялікі тэатр — нацыянальны, і праца з беларускай класікай з'яўляецца нашым маральным абавязкам. «Сівая легенда», за якую цэлы калектыў атрымаў Дзяржаўную прэмію, — гэта наша гісторыя, наша мова, наша музычная і сцэнічная культура. Аўтарам лібрэта з'яўляецца Уладзімір Караткевіч, кампазітарам стаў Дзмітрый Смольскі, у групу ўвайшлі вядучыя салісты — гонар тэатра, тут шчыльна заняты хор, хормайстры і галоўны мастак Аляксандр Касцючэнка. Гэта опера з'явілася ў Вялікім ужо другі раз, але ў цалкам іншай рэдакцыі. «Сівая легенда» ідзе на беларускай мове, тут вельмі яскравае сцэнічна-музычнае ўвасабленне, яна глядзіцца на адным дыханні. Оперны тэатр у нашай краіне адзін, і «Сівой легендай» мы можам ганарыцца: любая краіна, канешне, ганарылася б пастаноўкай такога ўзроўню.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.