Вы тут

Чаго чакаць ад экатурызму?


Маляўнічыя мясціны, некранутыя куткі прыроды, багацце расліннага і жывёльнага свету — тыя магніты, якія могуць прыцягваць турыстаў. Трэба толькі гэта ўбачыць і, галоўнае, прыгожа, даступна і цікава давесці да спажыўца.

Як адзначыў начальнік упраўлення біялагічнай і ланшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Свідзінскі, наша краіна валодае значным патэнцыялам для развіцця экатурызму. Але трэба яшчэ многа зрабіць для таго, каб прывабіць гасцей на «зямлю пад белымі крыламі». Напрыклад, патэнцыял асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый з такой мэтай у нашай кране выкарыстоўваецца менш чым на трэць. Таму ў Нацыянальную стратэгію развіцця сістэмы асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый у студзені гэтага года былі ўнесены змяненні і дапаўненні, якія якраз датычацца «раскруткі» экатурызму.


Вядомыя і не раскручаныя

Як заўважыў Мікалай Свідзінскі, не заўсёды стварэнне інфраструктуры на базе саміх нацпаркаў і заказнікаў вядзе да развіцця турызму: «Аналіз работы прыродаахоўных устаноў паказвае, што поспехаў можна дасягнуць толькі ў кааперацыі з вытворцамі мясцовага турпрадукту». Будычыня экатурызму за развіццём комплексных паслуг. Напрыклад, пазнавальныя экскурсіі запатрабаваны ў турыстаў, якія размяшчаюцца і харчуюцца ў аграсядзібах. Прывабліваць гасцей на ахоўваемыя тэрыторыі можна і разнастайнымі мерапрыемствамі. Так, ужо традыцыйнымі сталі фестывалі сенакосу ў Спораўскім заказніку, «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» ў Ельні, «Кліч Палесся» ў Прыпяцкім нацпарку.

Безумоўна, давядзецца папрацаваць і над «абгорткай» для новага турпрадукту. Сёння толькі нацпаркі і запаведнік маюць зарэгістраваныя брэнды і сімволіку, заказнікам таксама варта было б паклапаціцца аб тым, каб зрабіць сваю тэрыторыю больш «пазнавальнай». Вядзецца гаворка і аб неабходнасці стварэння брэнда наогул для экатурызму краіны.

Варта сказаць, што ўжо сёння гасцей у Беларусь можна завабліваць не толькі на арніталагічныя туры і фотапаляванне, якія папулярныя ў еўрапейцаў. Турыстам прапануюць экскурсіі на балотаступах і балотаходах, вывучэнне ў прыродзе слядоў дзікіх жывёл, навучанне дайвінгу і яздзе конна, паходы на плытах, назіранні за зубрам.

Між іншым, каб паглядзець на беларускага волата, зусім не абавязкова ехаць у Белавежскую пушчу — мікрапапуляцыі зубра ёсць і ў заказніках «Азёры» і «Налібоцкі».

Зараз жа самы час выправіцца на канцэрты птушынага аркестра — на ахоўваемых тэрыторыях вясной ладзяць экскурсіі на глушцовыя такавішчы. Можна пахваліцца, што з мінулага года ў заказніку «Налібоцкі» пачала працаваць і глушцовая ферма, дзе спрабуюць штучна разводзіць рэдкіх птушак.

У той час як некаторыя ахоўваемыя тэрыторыі ўжо актыўна завабліваюць турыстаў і зарабілі сабе добрую рэпутацыю, іншым заказнікам яшчэ неабходна папрацаваць на свой імідж. Перспектыўнымі для развіцця экатурызму, па словах Мікалая Свідзінскага, з'яўляюцца 39 аб'ектаў. Справа за тым, каб падабраць добрых спецыялістаў, якія будуць іх «раскручваць». Між іншым, ужо створаны 24 дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы, якія здзяйсняюць кіраўніцтва 26 заказнікамі рэспубліканскага значэння.

Ляснымі сцежкамі

Самая першая экалагічная сцежка была створана ў заказніку «Спораўскі». Сёння падобныя пазнавальныя маршруты пракладзены на многіх прыродаахоўных аб'ектах. Пракладзеныя экасцежкі могуць праходзіць праз розныя тыпы лесу, балота! Падчас падарожжа па іх людзі знаёмяцца з багатым прыродным і жывёльным светам, затрымліваюцца каля дэманстрацыйных вальераў з дзікімі жывёламі. Як запэўніў прадстаўнік Міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей Шастакоў, такі кірунак будзе развівацца і надалей: «Сумесна з Акадэміяй навук па нашых рэгіёнах мы вывучалі гісторыка-культурныя каштоўнасці і на падставе гэтага вырашалі, дзе трэба развіваць экасцежкі».

Дарэчы, сёлета ў Налібоцкім заказніку пачне дзейнічаць унікальная экалагічная сцежка — для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яе пакрыццё зроблена такім чынам, каб па ім магла праехаць інвалідная каляска.

Турызм без межаў

Трэба сказаць, што колькасць турыстаў з кожным годам павялічваецца. Толькі летась, у параўнанні з 2015 годам, прырост склаў 130 працэнтаў. Паступова набіраюць папулярнасць трансгранічныя падарожжы. Падобныя экамаршруты створаны ў Белавежскай пушчы. Турыст, які знаёміцца з запаветнай беларускай прыродай, можа прагуляцца і па польскай частцы пушчы. Для іншаземных гасцей, якія прыбылі ў наш Нацыянальны парк, на працягу трох дзён дзейнічае бязвізавы рэжым. Акрамя таго, сёння ў замежнікаў ёсць магчымасць наведаць Беларусь без візы праз Нацыянальны аэрапорт. Таксама без віз турысты могуць патрапіць на Гродзеншчыну: у вобласці існуюць спецыялізаваныя прапускныя пункты для такіх падарожнікаў.

Разглядаюцца пытанні аб увядзенні бязвізавага рэжыму для аматараў дзікай прыроды, якія будуць рухацца па міжнародных экамаршрутах «Котра—Чапкяляй», «Рычы—Сіленэ», «Браслаўскія азёры — Аўгшдаугава».

У хуткім часе падарожнікі змогуць выправіцца і па новым міжнародным маршруце працягласцю ў 500 кіламетраў. У лютым было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж асабліва ахоўваемымі тэрыторыямі Беларусі і Асацыяцыяй запаведнікаў і нацпаркаў Расіі, і цяпер вядзецца работа па стварэнні трансгранічнага маршруту «Па запаветных мясцінах Паазер'я». У яго будуць уключаны тэрыторыі адразу некалькіх нацыянальных паркаў («Браслаўкія азёры», «Нарачанскі», «Смаленскае Паазер'е», «Себежскі») і Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Час знаходжання турыстаў плануецца павялічыць

З 12 лютага магчымасцю наведаць Беларусь без візы скарысталіся 8 тысяч чалавек. Па словах міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, ужо сёння можна гаварыць пра станоўчую дынаміку. Цяпер замежнікі, якія прыбываюць цераз Нацыянальны аэрапорт, могуць знаходзіцца без віз у нашай краіне на працягу 5 сутак. «Сёння бачна, што тэрмін знаходжання турыстаў трэба павялічваць, — заўважыў міністр. — Відавочна, што мы павінны зрабіць гэту сістэму больш гнуткай і не прывязвацца да 5 дзён». Карэкціроўкі плануецца ўвесці да канца гэтага года. Безумоўна, трэба ўлічваць тое, што турысты наведваюць Беларусь з рознымі мэтамі. Так, фестывалі затрымаюць гасцей у Беларусі на больш працяглы час. Людзям, што папраўляюць здароўе ў беларускіх санаторыях, можа не хапіць і двух тыдняў. Лішнія дні могуць спатрэбіцца нават і тым, хто прыехаў на бізнес-форумы, каб пасля дзелавых сустрэч паспець пазнаёміцца і з самой краінай, яе цудоўнымі мясцінамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дайвінг, падарожжы на платах і балотаходах

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.