Вы тут

Бацька хоча адсудзіць дзіця ў былой сужыцелькі


«Яна татава дачка. Я памятаю яе першы крок, мы разумеем адно аднаго з паўслова», — з цеплынёй расказвае Ілія І. [1] пра сваю 11-гадовую дачку. Шанц убачыцца з ёй выпадае мужчыну вельмі рэдка. Ілію і маленькую Марыну раздзяляе 250 кіламетраў. І маці дзяўчынкі, якая, па словах бацькі, катэгарычна супраць іх сустрэч. Трэці год бацька судзіцца за тое, каб дачцэ дазволілі жыць разам з ім. Але рашэнні суда пакуль не на карысць мужчыны.

Выхаванне — на бацькавых плячах

Гісторыя грузіна Іліі І. падобна да закручанага сюжэта бразільскага серыяла. Толькі дзеянні адбываюцца ў рэальным жыцці і ў беларускіх умовах. (Тут трэба сказаць, што некалькi гадоў таму Iлiя I. звяртаўся па дапамогу ў «Звязду». Якая праблема прывяла яго да нас, можаце прачытаць у намары за 24 жнiўня 2011 года. Тады сiтуацыю ўдалося вырашыць на карысць мужчыны.) Гэта цяпер у Іліі і Людмілы, яго былой сужыцелькі, напружаныя адносіны, а тады, калі яны толькі пазнаёміліся, мужчына закахаўся без памяці. «Яна была мая спраўджаная мара, найлепшая жанчына ў свеце!» — успамінае ён.

Людміла М., амаль на 20 гадоў маладзейшая за яго, дагэтуль ужо была замужам і мела дачку ад першага шлюбу. Праўда, калі той споўнілася 10, перадала дзяўчынку ў сям'ю да сястры ў іншы горад. Побач з другой дачкой, якую нарадзіла ад Іліі таксама доўга не затрымалася. Марыне было тры, калі мама кінула яе. Выхаванне лягло на бацькавы плечы.

Пра тое, што маленькую Марыну даглядаў тата, чытаем і ў актах абследавання, складзеных дзіцячым садком. «У асноўным бацька займаецца выхаваннем і ўтрыманнем непаўналетняй дачкі, паколькі маці з сям'ёй не пражывае і знаходзіцца ў іншым горадзе», — адзначае камісія ў дакументах.

Праз тры гады, у 2013-м, Людміла вярнулася. Забрала дачку да сябе, спрабавала пазбавіць І. бацькоўскіх правоў. Чаму суд стаў на яе бок, для мужчыны незразумела. Так, у Людмілы заробак большы: на пасадзе агародніцы яна атрымлівала 950 рублёў у месяц (Ілія працаваў слесарам за 450 рублёў). Але што да жыллёвых умоў... У сталіцы жанчына жыла ў прыбудове да дома без вокнаў і асобнага санвузла, у Лугавой Слабадзе — у інтэрнаце, у чужым пакоі, які на той момант пуставаў.

— Да школы было 25 кіламетраў, дачка адна ездзіла! — абураецца мужчына. — Аднойчы ў яе па дарозе адабралі кашалёк з грашыма!

А галоўнае, заўважае Ілія, сама Марына казала ў судзе, што хацела б жыць з ім. Псіхолага-педагагічнае даследаванне таксама заключыла: пры выбары пражывання з адным з бацькоў дзяўчынка аддае перавагу тату. Праўда, найлепшы варыянт для яе не гэты. «Хацелася б большага. Хацелася б, каб усе жылі разам, але яны не мірацца», — запісаны адказ Марыны ў дакументах.

«Мама яе не абдымае»

Што прымушае бацьку так хвалявацца за дачку? Здавалася б, няма нічога дрэннага ў тым, што дзяўчынка жыве з мамай. Але Ілія Абрамавіч з сумам канстатуе: тая зусім не ўдзяляе дзіцяці часу і не займаецца выхаваннем.

— Я пытаюся ў дачкі: «Мама цябе абдымае, цалуе?» Не. Са шкадаваннем заўважаю, што для яе сям'ёй становіццашкола. Калі Марына ў мяне была, казала, што па сяброўцы сумуе. Але не па маці. Дачка пакутуе з ёй.

Апошні раз мужчына бачыўся з малой у канцы студзеня. Людміла ў якасці выключэння дазволіла забраць дачку на зімовыя канікулы. Іх і яшчэ некалькі тыдняў маленькая Марына правяла з татам у Светлагорску. А потым Людміла заявіла ў міліцыю, што дзяўчынку выкралі, і са скандалам вярнула Марыну дадому.

Адзіная сувязь з дачкой, якая ў мужчыны цяпер засталася, — рэдкія тэлефонныя размовы. Калі ўдасца дазваніцца: тэлефон часта адключаны. Пра сваю маленькую Марыну Ілія Абрамавіч гатовы расказваць гадзінамі. І крыўдуе на прадузятае стаўленне суда да яго. Так, не ідэальны. Кватэры ва ўласнасці не мае (цяпер здымае «двушку» ў Светлагорску), запазычанасць па аліментах — каля 2000 рублёў — не пагасіў. («Выплаціў бы хутчэй, але няма калі працаваць з гэтымі судамі: па пяць пасяджэнняў на месяц».) Але ж ён у адзіночку некалькі гадоў выхоўваў малую, блізкі з ёй, чаму гэта не ўлічваюць?

— Мая дачка страціла тры гады дзяцінства (пакуль ідуць суды. — Аўт.). За што мы пакараны — не разумеем. Пры гэтым кожны, хто нас разлучыў, клапоціцца паводле службовага абавязку аб дабрабыце дзяцей. Але я буду змагацца за сваю дачку.

Меркаванне

Алег БАКУЛІН, кіраўнік грамадскага аб'яднання «Абарона правоў бацькоў і дзяцей»:

— У адпаведнасці з артыкулам 74 Кодэкса аб шлюбе і сям'і пры адсутнасці згоды паміж бацькамі спрэчка аб тым, з кім будзе пражываць дзіця, вырашаецца судом, сыходзячы з інтарэсаў дзіцяці і з улікам яго жадання. Суд улічвае, хто з бацькоў праяўляе большы клопат і ўвагу, узрост дзіцяці і прыхільнасць да кожнага з бацькоў, асабістыя якасці таты і мамы, магчымасць стварэння належных матэрыяльна-бытавых умоў і маральна-псіхалагічнай атмасферы, забеспячэнне належнага ўзроўню выхавання. Улічваць пажаданне дзіцяці, якое дасягнула 10 гадоў, абавязкова, за выключэннем выпадкаў, калі гэта супярэчыць яго інтарэсам.

Аналагічнае тлумачэнне дае і Пастанова Пленума Вярхоўнага суда №11 ад 30.09.2004 года. Апроч іншага, там указана, што перавага ў матэрыяльна-бытавым становішчы аднаго з бацькоў сама па сабе не з'яўляецца безумоўнай падставай для перадачы яму дзіцяці на выхаванне.

Але, сыходзячы з маёй практычнай дзейнасці за 26 гадоў грамадскай работы, у гэтай галіне маецца істотны перакос. Пры прыняцці рашэнняў суды толькі фармальна ўлічваюць патрабаванні заканадаўства. Суды ці то не хочуць, ці то не могуць разабрацца ў сямейных сітуацыях і першапачаткова лічаць, што толькі маці можа даць сыну ці дачцэ ўсё, а бацька — не. У выніку спрэчкі аб дзецях цягнуцца часам гадамі, пры гэтым церпяць менавіта тыя, чые правы павінны абараняцца.

«Ён ніколі не працаваў»

Каб праясніць сітуацыю, мы вырашылі пагаварыць з Людмілай М. І пачулі зусім іншую версію падзей...

— Уся вёска была ў шоку, калі І. 30 снежня забраў дачку! — расказвае жанчына. — Яна ў школьным лагеры была, не хацела ехаць і эсэмэскі мне слала: «Мама, дапамажы». А я ў той час на рабоце знаходзілася. Пасля па тэлефоне супакойвала Марыну: «Дачушка, не бойся, пабудзеш на канікулах у таты, а потым прыедзеш дадому». Але ён прывёз яе толькі 27 студзеня. Нічога на Новы год не падарыў, трымаў яе там у чатырох сценах. Дзіця амаль месяц вучобы ў школе прапусціла! Цяпер баіцца на вуліцу выходзіць.

Марына з мамай жывуць у адным з аграгарадкоў Лагойскага раёна. У арэнднай кватэры (Людміла цяпер займаецца яе прыватызацыяй) яшчэ ідзе рамонт, але пакой дзяўчынкі цалкам гатовы.

Па словах Людмілы, былы сужыцель распачаў супраць яе сапраўднае цкаванне: піша скаргі на яе брата, старэйшую дачку. Фінансава ніяк не дапамагае. «Уладкуецца на работу, месяц папрацуе і ўсё. Мне апошні раз аліменты прыйшлі — 1 рубель 47 капеек. Нават на каляровую паперу не хапіла».

Людміла сцвярджае, што ніколі не кідала сваю дачку. Так, з'язджала ў Мінск на работу, але гэта былі вымушаныя меры: у аграгарадку заробак маленькі, а Ілія ніколі не працаваў.

— Мы ў галечы жылі. Старэйшая дачка тады на цырульніка ў Мінску вучылася, нават на дарогу ёй грошай не было, — успамінае жанчына. — Але я кожныя выхадныя дадому прыязджала, прадукты прывозіла.

Жанчына ўпэўнена: Марына сказала ў судзе, што хоча жыць з татам толькі таму, што той яе прымусіў. «Абяцаў дачцэ, як прыедзе да яго, і хінкалі зрабіць, і прысмакамі частаваць, а карміў брыдкім супам. Гэта я словы Марыны прыводжу. У І. толькі адзін аргумент — любоў. Але ён не можа забяспечыць ёй нармальныя ўмовы».

— Раней на ўсе канікулы Марыну да бацькі адпускала, — кажа Людміла. — Першы раз ён прывёз яе своечасова, а на другі сказаў, што не аддасць. Я ў міліцыю звярталася, каб дачку дадому дапамаглі вярнуць. Там папярэдзілі: наступны раз ніхто разбірацца не будзе — забяруць дзіця ў прытулак. Я не магла гэтага дапусціць... Я не забараняю Іліі бачыцца з дачкой. Але дзіця само ўжо яго баіцца.

Паказанні разыходзяцца...

У школе, дзе вучыцца Марына, расказваюць, што дзяўчынка прыйшла да іх мінулай восенню, у канцы першай чвэрці. Па папярэднім месцы вучобы сям'я стаяла ў сацыяльна небяспечным становішчы праз канфліктныя адносіны бацькоў. Сумнявацца ў кампетэнцыі Людмілы як маці ў школе не бачаць прычын. Шмат працуе, дома ахайна, дзяўчынка акуратна адзетая і добра вучыцца. «І па вёсцы чутак няма, што ў яе ўсё дрэнна». А вось Ілія І. неаднойчы пагражаў педагогам і ўчыняў скандалы. «Тое, што мы назіралі, тату з добрага боку не характарызуе», — заключыла педагог-псіхолаг школы.

У Светлагорскім раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму сітуацыю апісваюць інакш:

— Ілія звярнуўся да нас пад Новы год. Паведаміў, што з дачкой прыехаў і папрасіў арганізаваць яе навучальны працэс. Па правілах у гэтай сітуацыі патрэбны дазвол мамы. Я тэлефанавала ёй: адчула, што тая катэгарычна супраць, каб дачка тут у школу хадзіла.

У дачыненні да Іліі Абрамавіча нічога дрэннага сказаць не магу. Мы выходзілі на месца яго пражывання. Ён ствараў усе неабходныя ўмовы для дзіцяці. Заўсёды былі прадукты, чыстая пасцельная бялізна. Не сказаць, што дзяўчынка была запалоханая. Мы спецыяльна высвятлялі гэта, каб пераканацца, што яе не забралі сілай. Паміж бацькам і дзіцем адносіны давяральныя, добразычлівыя. Мы разумелі, што ён хвалюецца за дачку. Клопат бацькі быў бачны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Лагойскі раён

[1] Паколькі справа ўсё яшчэ знаходзіцца ў судзе, мы не можам указваць сапраўдныя прозвішчы герояў артыкула.

Загаловак у газеце: «Дапамажыце вярнуць дачку»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.