Вы тут

Што аб'яднала дыпламата і тытунь, графа і вопратку?


Мы заходзім перакусіць з імем каралевы на вуснах, гаворым пра шкоду для арганізма французскага дыпламата, выбіраем у меню жывапісца Ранняга Адраджэння... З-за чаго некаторыя паняцці названы так ці інакш? А калі капнуць глыбей — даведаемся, што яны носяць імя нейкага канкрэтнага чалавека. Дык давайце, як піша часопіс «Мая планета», капнём і даведаемся, якія прозвішчы і падзеі за гэтым хаваюцца.


Піца «Маргарыта»

Яе Міласць Маргарыта Савойская, жонка караля Італіі Умберта І, прымала актыўны ўдзел у культурным жыцці Італіі і ўсяляк падтрымлівала дабрачынныя ўстановы, асабліва Чырвоны Крыж. З яе дапамогай адкрываліся выстаўкі і гучалі новыя імёны. Але і яе ўласнае імя хутка стала гучаць у нечаканым кантэксце. У 1889 годзе кароль Умберта і яго жонка, адпачываючы ў сваёй летняй рэзідэнцыі паблізу ад Неапаля, раптам выказалі жаданне пакаштаваць тое, што есць народ. А самай распаўсюджанай ежай беднякоў была піца. Прыдворны кухар валодаў сакрэтамі больш вытанчанай кухні і тут нічога не змог зрабіць — прыйшлося тэрмінова прыцягваць «чараўніка» з боку. Ім аказаўся гаспадар найлепшай піцэрыі Неапаля Рафаэль Эспозіта. Ён з'явіўся да каралеўскай пары з трыма піцамі: дзвюма традыцыйнымі і трэцяй, зробленай спецыяльна з такой нагоды, — з чырвонымі памідорамі чэры, зялёным базілікам і белай мацарэлай, што адпавядала колерам італьянскага сцяга. Гэтая піца спадабалася каралеве больш за ўсё і была названая ў гонар Яе Міласці.

Нікацін

Французскі дыпламат Жан Вільман Ніко з 1559 па 1561 год быў паслом у Партугаліі, дзе меў місію спрыяць шлюбу прынцэсы Маргарыты дэ Валуа і малалетняга караля Себасцьяна Партугальскага. У задачы сваёй поспехаў не дасягнуў, затое прывёз на радзіму тытунь і ўвёў пры двары моду яго нюхаць. Навінка прыйшлася даспадобы каралеве-маці Кацярыне Медычы і вялікаму магістру Мальтыйскага ордэна Жану Парыза дэ ла Валет. Неўзабаве мода распаўсюдзілася на ўвесь Парыж, а расліна атрымала назву Nіcotіana. У далейшым тытунь неаднаразова падвяргаўся вывучэнню. Рэчывы, якія атрымліваліся з дапамогай перагонкі, выкарыстоўвалі пры хваробах скуры, астме і эпілепсіі. Сам нікацін быў адкрыты ў 1828 годзе нямецкімі хімікамі Крысціянам Паселотам і Карлам Райманам. Назвалі алкалоід у гонар пасла-энтузіяста, які «падсадзіў» у XVІ стагоддзі на тытунь увесь Парыж.

Карпача

Віторэ Карпача — жывапісец Ранняга Адраджэння, які жыў і тварыў у самым незалежным з італьянскіх гарадоў — Венецыі. Найбольш удалым лічыцца яго цыкл палотнаў, прысвечаных жыццю святой Урсулы. У ім майстар увекавечыў родны горад: гандолы, высокія аркады мастоў, велічныя палаца, плошчы, запоўненыя натоўпам. Праз чатыры з лішнім стагоддзі, у 1950 годзе, у Венецыі праходзіла вялікая выстаўка мастака. У гэты самы час у славутым венецыянскім «Бары Гары» ўпершыню была пададзена новая страва: ялавічнае філе, запраўленае сумессю аліўкавага алею з лімонным сокам, да якога дадаваліся пармезан, рукала і чэры. Рэцэпт прыдумаў уладальнік установы Джузэпе Чыпрыяні — спецыяльна для графіні Амаліі Нані Мачэніга, якой урачы забаранілі есці мяса, якое прайшло цеплавую апрацоўку. Успомніўшы аб тым, якое мноства адценняў чырвонага выкарыстоўваў Віторэ Карпача ў сваёй палітры, Джузэпе вырашыў назваць новую страву ў яго гонар. Так яны і аб'ядналіся — мастак і ялавічнае філе.

Шампанскае Хемінгуэя

Эрнэст Хемінгуэй меў досвед ва ўжыванні спіртнога і веды гэтыя перадаў сваім героям, якія п'юць практычна на кожнай старонцы яго кніг. «Не марнуйце час на цэрквы, урадавыя будынкі і плошчы. Калі вы хочаце зразумець іншую культуру, правядзіце ноч у мясцовых барах», — раіў ён падарожнікам. І вядома ж, у кожным горадзе, дзе пабываў пісьменнік, была ўстанова, якая пазіцыянуе сябе як любімы бар Таты Хема. І хоць любімым напоем пісьменніка быў «вельмі сухі марціні», іншым «прадстаўнікам» алкагольнай прадукцыі ён таксама ва ўвазе не адмаўляў. Акрамя раманаў яго аўтарству прыпісваюць нямала кактэйляў. Адзін з іх да гэтага часу называюць «Шампанскае Хемінгуэя». Ад звычайнага шампанскага яго адрознівае тое, што ў склад уваходзіць абсент. Прыгатаваць кактэйль няпроста: пры змешванні не павінна згубіцца пеністасць. Бранябойны эфект забяспечаны. Нездарма ж сам Тата Хем назваў напой «Смерць апоўдні».

Кардыган

Джэймс Томас Браднэл, ён жа 7-ы граф Кардыган, славіўся бездакорным густам і быў заўзятым моднікам. Не страціў ён гэтых уласцівасцяў і на ваеннай службе, дзе ўзначальваў кавалерыйскую брыгаду, якая прымала ўдзел у Балаклаўскай бітве 1854 года. Лорд Кардыган лічыў, што элегантна выглядаць трэба нават у баі, і за свой кошт набыў для 11-га гусарскага палка новую форму. А на выпадак марозу ён прыдумаў жакет без каўняра і лацканаў, буйнога вязання, з гузікамі да самага нізу, які трэба было насіць пад мундзір. Навінка, якую ўдзячныя ваякі назвалі ў гонар камандзіра, хутка здабыла прыхільнікаў і ў мірным жыцці. Пазней ажыятаж сышоў, але праз стагоддзе мода на кардыганы адрадзілася — цяпер яны сталі прыкметай прыналежнасці да багемы. Асабліва ўмацавала іх пазіцыі фотасесія Мэрылін Манро, дзе яна пазіруе на пляжы ў кардыгане грубага вязання на голае цела. І цяпер гэтае ўтульнае адзенне не страціла актуальнасці і ёсць у гардэробе шмат у каго.

Мансарда

Сын цесляра Франсуа Мансар не атрымаў сістэматычнай адукацыі, але любоў да архітэктуры і талент дазволілі яму стаць адным з найбуйнейшых майстроў французскага барока. Прафесійную рэпутацыю падарвала, як ні дзіўна, імкненне да дасканаласці: калі Мансара не задавальняла зробленае, ён мог знесці ўжо ўзведзенае і пачаць рабіць зноўку, з-за чаго яго сталі вінаваціць у марнатраўстве і пагарджанні інтарэсаў заказчыка. Такім чынам ён страціў заказ на перабудову Луўра і каралеўскай пахавальні ў Сен-Дэні, а будаўніцтва славутага палаца ў Версалі Людовік XІV даручыў яго саперніку Луі Лево. Тым не менш імя Мансара ўжо чатыры стагоддзі ва ўсіх на вуснах. У большасці сваіх праектаў архітэктар выкарыстаў традыцыйны для Францыі круты дах з заломам, упершыню ў гісторыі абсталяваўшы яго вокнамі. Такім чынам дасягаўся двайны эфект: дэкаратыўны і практычны. Збудаваныя пад кроквамі памяшканні ператварыліся з цёмных каморак у цалкам прыдатныя для жыцця апартаменты. Мець жылую мансарду (як назвалі памяшканне самі французы) стала не толькі модна, але і выгадна: з гарышча, якое не лічылася паўнавартасным паверхам, у домаўладальнікаў падаткі не бралі.

Яйкі Бенедыкт

З'яўленню гэтай стравы, кажуць, спрыяла вельмі лютае пахмелле, якое аднойчы ў 1894 годзе мучыла Лемюэля Бенедыкта, біржавога маклера з Нью-Ёрка. Таму замест таго, каб задаволіцца традыцыйным сняданкам, ён стаў капрызіць і заказаў тост з варанымі яйкамі, беконам і галандскім соусам. Прычым яйкі павінны былі быць свежымі і варыцца без шкарлупіны. Метрдатэлю рэстарана Waldorf Hotel Оскару Чыркі так спадабалася атрыманая страва, што яе неадкладна ўключылі ў меню і назвалі імем пераборлівага наведвальніка.

Іван Купарвас

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Карпача ў кардыгане

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».