Вы тут

На мяжы


...Міхась ажаніўся па залёце: дзяўчына, з якой сустракаўся, прыехаўшы на канікулы, «ні з таго ні з сяго» ўзяла і зацяжарыла. Здавалася б, не бяда, бо з суседняй вёскі, прыгожая, разумная, працавітая, без памяці закаханая...


Гэта цешыла самалюбства жаніха. Ды і дзяўчына яму падабалася. Але ж — не больш таго: нейкіх сур'ёзных намераў ён пакуль што не меў, не планаваў абзаводзіцца сям'ёй. У яго заставаўся яшчэ год вучобы, потым хацелася ўладкавацца на прэстыжную працу ды, як кажуць, абжыцца-агледзецца, стаць на ногі, і —  пагуляць... Дзяўчат у яго нямала было, але ж ранейшыя адносіны не напружвалі, ні да чога не абавязвалі. А вось тут... Уліп, што называецца.

Пра аборт (такое выйсце бачыў найперш) дзеўка і слухаць не хацела.

Махнуць рукой на дурную ды ўпартую і з'ехаць (няхай выкручваецца як хоча)?

Але... Вёска бачыла іх «раман» і цяпер, вядома ж, асудзіць — яго легкадумнасць, яго безадказнасць (у той час людское асуджэнне яшчэ нешта значыла)...

Хоць-нехаць прыйшлося хлопцу жаніцца, рэгістраваць адносіны.

Гэту змушанасць, гэты халадок з боку жаніха нявеста, вядома ж, адчувала, але верыла, што полымем свайго кахання ўсё растопіць.

Яна і сапраўды стала добрай жонкай і проста ўзорнай маці! За першым сынам — і ў хуткім часе — у іх нарадзіўся другі. Карацей, для шчасця было ўсё: дзеці, кватэра, праца, дастатак, — але яго, таго самага шчасця, чамусьці не было. Міхась, як здавалася, не мог дараваць сваёй жонцы змушаную жаніцьбу, а таму не даражыў ні жонкай, ні сям'ёй, час ад часу заводзіў розныя інтрыжкі. «Дабрадзеі» тут жа назвоньвалі Ірыне, слалі карткі-пісьмы — адкрывалі вочы.

Жонка гэтым чуткам-сігналам і верыла, і не верыла, цярпела — насіла боль у сабе, бо дзеці. А да таго ж яна па-ранейшаму кахала.

Так прайшлі гады. Выраслі іх сыны, раз'ехаліся па далёкіх гарадах, абзавяліся сваімі сем'ямі. Астыў і казаноўскі нораў Міхася. Такім чынам, Ірына хоць і няхутка, ды змагла парадавацца, што захавала сваю сям'ю, што ў яе ўнукаў ёсць цудоўны дзядуля, а ў сыноў — бацька, што старасць яны сустрэнуць разам...

Гром грымнуў адкуль не чакала: у яе выявілі злаякасную пухліну і...

Каго — хворую ці мужа — гэта вестка падкасіла больш, сказаць сёння цяжка, бо толькі цяпер, калі Ірына аказалася на мяжы паміж смерцю і жыццём, Міхась зразумеў, наколькі жонка яму дарагая. Ён вінаваціў сябе, што не даражыў ёй, не шкадаваў, каяўся і з усіх сіл стараўся загладзіць сваю віну.

— Ах, Міша, Міша, як жа позна ты палюбіў мяне! Як шкода часу... Тваё каханне я хіба на той свет забяру, — сумна жартавала жонка.

...Усявышні злітаваўся над імі. Аперацыя прайшла паспяхова. Ірына атрымала шанц на далейшае жыццё, і муж цяпер пылінкі з яе здзімае: сам пыніць дом і гаспадарку, пільна сочыць за тым, каб жонка выконвала ўсе медыцынскія назначэнні. Ды што там, ён, перакананы атэіст, нават у царкву дарогу спазнаў і цяпер кожную службу ставіць свечкі за здароўе каханай жанчыны, моліцца за яе, спадзяецца, што Бог яго чуе.

Фаіна Касаткіна, г. Паставы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».