Вы тут

Вобраз першадрукара: праўда і легенды


Постаць Францыска Скарыны як сімвала нацыі, загадкавага прагрэсіўнага чалавека адраджэнскага часу, які намагаўся паяднаць еўрапейскія каштоўнасці з маральнымі законамі праваслаўя, нязменна прыцягвае як прафесійных даследчыкаў, так і аматараў беларускай літаратуры і культуры. Бягучы год, адзначаны юбілейнай датай 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, надае новыя імпульсы для падобных пошукаў і адкрыццяў. Наколькі праўдзівы той вобраз асветніка, што паўстае перад намі са старонак школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў, навукова-папулярных выданняў? Што з набытых намі ведаў міфы, а што — зафіксаваная дакументамі часу рэальнасць? Якія выпрабаванні на шляху да ведаў і самаўдасканалення сапраўды прайшоў доктар Скарына з Полацка?


Дыскусійныя пытанні ўмоў жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны, тэксталагічных асаблівасцяў яго выданняў сталі прадметам абмеркавання падчас круглага стала ў «Звяздзе» — «Актуальнасць гуманістычных поглядаў асветніка: думка Скарыны ў ХХІ стагоддзі», які сабраў філолагаў, гісторыкаў, папулярызатараў спадчыны славутага друкара. Сярод удзельнікаў — дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Іван САВЕРЧАНКА, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук Георгій ГАЛЕНЧАНКА, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіна КІРЭЕВА, аспірант кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ Дзяніс ПАРХАЦ, рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць», магістр філалогіі Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ.

Што ж невядомага і спрэчнага застаецца ў біяграфіі Скарыны, яго выданнях?

Георгій Галенчанка:

— Напаўжартам скажу: варта выдаваць кнігу «Чаго мы яшчэ не ведаем пра Францыска Скарыну». І абапірацца пры гэтым толькі на сведчанні, што маюць пад сабой дакументальную фактуру. Улічваючы звесткі пра людзей, якія знаходзіліся побач са Скарынам, — Багдана Онкава, Якуба Бабіча, арыентавацца на гады іх жыцця. Не забывацца і на асаблівасці асяродку, у якім жыў асветнік. Адзін з гарадоў яго знаходжання, Вільня, як поліэтнічны горад, што нагадваў у ХVІ cтагоддзі легендарны Вавілон, уяўляе сабой вельмі цікавае месца суіснавання розных палітычных, эканамічных, моўных інтарэсаў. Што, відавочна, наклала адбітак на светабачанне Францыска Скарыны.

Цікавае пытанне паўстае і пра канфесійную прыналежнасць сям'і друкара. Вядомыя яе прадстаўнікі маюць праваслаўныя імёны, якія праходзяць па святцах. А вось імя Францішак — каталіцкае. І адукацыю ён атрымаў адпаведную, вывучаючы лацінскую мову, чаго не было ў праваслаўных навучальных установах.

Да гэтага часу актуальнае пытанне і пра мову выданняў Скарыны, крыніцы яго наследаванняў, тэксталагічныя асаблівасці. А гаворка ж ідзе пра першую выдадзеную ва Усходняй Еўропе Біблію!

Галіна Кірэева:

— Вельмі складана нават сказаць, чаму менавіта ў такой паслядоўнасці Скарына выдаваў свае кнігі. Калі разглядаць традыцыйную Біблію, то Псалтыр звычайна ідзе пасля Старога запавету. А наш першадрукар парушае гэтую паслядоўнасць. Невядома і тое, чаму частку выданняў, што пабачылі свет у Празе, Францыск Скарына дакладна датуе («Псалтыр», напрыклад, мае пазнаку 6 жніўня 1517 года), а на іншых пакідае толькі год выдання. І як лічыць яго кнігі? Кнігі Царстваў — гэта чатыры выданні са скразной фаліяцыяй. Але некаторыя даследчыкі лічаць іх адным выданнем. Ад гэтага залежыць колькасць выдадзеных Скарынам кніг: 20 ці 23. Непаслядоўны характар маюць і рукапісныя подпісы на выданнях. Напрыклад, на першых шасці пражскіх кнігах (1517 — пачатак 1518 года) ёсць пазначэнне імя Багдана Онкава. Пэўна, нехта адмыслова рабіў гэтыя прыпіскі. Бо з развіццём кніжнай справы пазней стала прынята друкаваць імя мецэната, пазначаць яго герб і г. д.

Дзяніс Пархац:

— Мяне, у першую чаргу, цікавіць праблема крыніц і перакладчыцкай традыцыі Скарыны. Калі акрэсліць гістарыяграфію пытання, то маем справу ў асноўным з даследаваннямі пяцярых знаных гісторыкаў: Пятра Уладзімірава, Антона Флароўскага, Анатоля Аляксеева, Георгія Галенчанкі, Яўгенія Неміроўскага. Кожны з іх выказвае ўласнае меркаванне адносна гэтай праблемы. Сваё даследаванне я будую на тэксталагічным аналізе кананічнага грэчаскага тэксту, лацінскай Вульгаты, Генадзьеўскай Бібліі 1499 года, Чэшскай Бібліі 1506 года, таксама планую прыцягнуць каментарыі Нікаля дэ Ліра, выдадзеныя ў 1488 годзе ў Венецыі. Акрамя лексічных асаблівасцяў і фрагментарных адрозненняў, да якіх ужо звярталіся папярэднікі, я засяроджваю ўвагу на тэндэнцыі перакладу. Напрыклад, у лацінскай мове існуюць два паняцці Gentіlіs і Graecus. Першае з іх можа быць перакладзена як язычнік, супляменнік, суродзіч, а другое, відавочна, як грэк. Абодва словы Скарына перакладае як «еллины». Калі паглядзець Чэшскую Біблію, то ў ёй асноўным перакладам з'яўляецца pohane. Нават для формы Graecus, для якой дамінуючым павінен быць пераклад rzekі (грэкі), ён сустракаецца зрэдку. У грэчаскім тэксце адпавядаюць гэтым паняццям Eλληviστης (элініст) і Eλληv (грэк). Таксама аналагічна для названых слоў выкарыстоўвае тэрмін «еллины» Генадзьеўская Біблія.

Пры гэтым у выданнях Скарыны ёсць такія асаблівасці, якія я не магу аднесці ні да аднаго з вывучаемых тэкстаў. Калі параўнаць унутраную структуру кніг Скарыны з кананічнай, то мы знойдзем каля 20 адрозненняў. Некаторыя вершы аднесены да папярэдняй ці наступнай глаў у параўнанні з канонам.

Пытанне крыніц «Апостала» да гэтага часу не вырашана і патрабуе сур'ёзнай працы!

Ці назіраюцца сёння крызісныя тэндэнцыі ў скарыназнаўстве як навуковай галіне? Што варта ўлічыць маладым даследчыкам скарынаўскай спадчыны?

Георгій Галенчанка:

— Будзем шчырымі: дакументаў, звязаных з жыццёвым шляхам Францыска Скарыны, захавалася няшмат. Вельмі часта даследчыкі ставяцца да Скарыны як да нашага сучасніка, не ўлічваючы, што ён чалавек XVІ стагоддзя. Але чалавек, безумоўна, не шараговы. Які скончыў тры ўніверсітэты! І, магчыма, быў нават сакратаром караля Даніі! Вельмі своеасаблівы, з акрэсленым уласным меркаваннем. Вось, напрыклад, Біблія — і дагэтуль адна з самых папулярных кніг у чалавечай гісторыі. А калі параўноўваць тэкст Скарыны з кананічным, то знойдзем сутнасныя адрозненні. Справа ў тым, што Свяшчэннае Пісанне транслюе ідэю еднасці народаў і ўніверсалізму. А ў нашага першадрукара ясна чуюцца нацыянальныя матывы.

Сёння вельмі шырока займаюцца папулярызацыяй скарынаўскай спадчыны. Гэта няблага. Шмат у гэтым кірунку робіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, у чым яе вялікая заслуга. Бо Францыск Скарына заслугоўвае памяці праз стагоддзі і шырокай цікавасці да сваёй асобы. Аднак трэба асцерагацца ў пераходзе на выключна «дзіцячы ўзровень» тлумачэння біяграфіі Скарыны. А сур'ёзных, вузкіх спецыялістаў-скарыназнаўцаў засталося вельмі мала. Зразумела, што навуковае даследаванне чытаюць далёка не ўсё. Выданне па вышэйшай матэматыцы ніколі не прачытае ўсё насельніцтва краіны. Чаму ж наўмысна спрашчаць гуманітарныя манаграфіі? Грунтоўныя працы мы мелі ў 20-х гадах ХХ стагоддзя. А пасля сталінскія рэпрэсіі, на жаль, надоўга перапынілі нястомную працу даследчыкаў нацыянальнай спадчыны. Працягнулася яна, па сутнасці, толькі пасля вайны... Цешыць, што юбілей 500-годдзя беларускага кнігадрукавання актуалізаваў гэтую тэму, маем шмат добра падрыхтаваных навуковых прац, а не толькі мастацкіх.

Галіна Кірэева:

— Сапраўды, сучасным скарыназнаўцам ёсць чаму павучыцца ў даследчыкаў пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя. Добрым прыкладам могуць стаць працы гісторыка кнігі, бібліёграфа Антаніны Зёрнавай. Яна, аўтар каталога «Книги кирилловской печати, изданные в Москве в 16—17 вв.», выдатна асвятляла гісторыю славянскага кнігадрукавання, выкарыстоўваючы толькі правераную інфармацыю. Шкада, калі навукоўцы дзеля гучнай сенсацыі «падтасоўваюць» факты. Мы не ведаем мастака выданняў Скарыны. І даходзіць да таго, што раскладаючы пры дапамозе сучасных тэхналогій на састаўныя часткі арнаментыку выданняў Скарыны, у ёй знаходзяць выявы міфічных істот, нават чарцей ды ведзьмаў! Асцярожна трэба падыходзіць і да даціроўкі выданняў, іх мовы, падзей жыцця першадрукара. Тут прыхавана яшчэ шмат таямніц, што чакаюць раскрыцця.

Іван Саверчанка:

— Часцяком даследчыкі пішуць «па вярхах», абапіраючыся на ўжо існуючыя высновы. Але каб стварыць грунтоўнае даследаванне, варта валодаць дасканалым веданнем першакрыніцы. Выдатна разумеючы гэта, я распачаў працу, якая сёння прадстаўлена ў кнізе «Шэдэўры пісьменства і літаратуры Беларусі Х — ХVІІ стагоддзяў». Кніга сабрала пад сваёй вокладкай адметныя помнікі старажытнай літаратуры ў перакладзе на сучасную беларускую мову: навелы, хронікі, палемічныя трактаты, сатырычныя і гумарыстычныя творы. Значная частка адведзена і творам Францыска Скарыны. На маю думку, такое выданне добра паказвае кантэкст дзейнасці асветніка. Чытач бачыць, што было да Скарыны і пасля яго.

Але як разумна спалучыць папулярызатарскую дзейнасць і сур'ёзную навуку? Як варта расказваць пра Скарыну і іншых дзеячаў беларускага адраджэння для неспецыялістаў, цікаўных?

Іван Саверчанка:

— Каб скласці цэласную карціну жыцця першадрукара, трэба абавязкова мець уяўленне і пра час яго жыцця, атачэнне. Асэнсоўваючы гэтыя акалічнасці, я пісаў гістарычную хроніку «Трыумф», што неўзабаве пабачыць свет на старонках часопіса «Полымя». Жанравае вызначэнне ў гэтым выпадку зусім не выпадковае. Вядома, значныя падзеі часоў беларускага ўздыму і адраджэння могуць натхніць і на аповесць, раман. Але хроніка яднае мастацкае і выключна дакладнае, факталагічнае. Спадзяюся, што падрабязны расповед пра час сапраўднага росквіту і трыумфу беларускага краю натхніць на многія пачынанні нашых сучаснікаў. Бо Францыск Скарына сваёй багатай спадчынай працуе і на сённяшнюю Беларусь.

Маргарыта Латышкевіч:

— На маю думку, і мастацкія творы, і так званыя папулярызатарскія матэрыялы падштурхоўваюць да таго, каб чытач зацікавіўся, натхніўся на знаёмства з сур'ёзнымі навуковымі даследаваннямі. А, магчыма, і сам уключыўся ў іх. Рэдакцыйная палітыка часопіса «Маладосць» якраз і накіравана на гэта. У бягучым годзе мы рэалізуем два праекты, прымеркаваныя да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Праект «Варштат» разлічаны на ўсе дванаццаць нумароў 2017 года. Аўтарам назвы яго выступіла наш дызайнер, Алеся Галота, што змагла творча пераасэнсаваць працэс выдавецкай справы продкаў. Гэта незалежная рубрыка, можна нават сказаць, часопіс у часопісе. Задумваўся ён у першую чаргу як пляцоўка, дзе могуць выказвацца кампетэнтныя даследчыкі ў галінах гісторыі, філалогіі, культуралогіі, краязнаўства і г. д. Адкрыў наш «Варштат» у першым нумары Алесь Суша вялікім артыкулам, прысвечаным асобе Францыска Скарыны. Пра Скарыну пісаў і Ігар Клімаў. Ксенія Тарасевіч заглыблялася ў тэхнічныя асаблівасці кнігавыдання, яе артыкул пра тытульны аркуш. Разам з «Варштатам» мы запусцілі і яшчэ адзін праект — «Код «Маладосці». Зашыфраваўшы адну са знакавых для нашай краіны цытат, кавалкі гэтага «кода» мы змяшчаем у кожным нумары на вокладцы «Варштата». Сярод тых, хто разгадае гэтую загадку, будуць разыграны прызы. Таму запрашаем да ўдзелу ў нашых праектах як спецыялістаў, так і аматараў беларускай культуры.

Маючы дакладныя звесткі аб жыцці і дзейнасці нашага першадрукара, мы яшчэ не раз пабачым яго загадкавую постаць на тэлеэкранах і тэатральных сцэнах, на старонках кніг. Няхай у кожнага будзе свой Скарына...

Юлія АЛЕЙЧАНКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Думка Скарыны ў ХХІ стагоддзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?