Вы тут

«Мінская вясна» сёлета ўключае ў сябе 16 канцэртаў


«Мінская вясна» сёлета ўключае ў сябе 16 канцэртаў у залах Беларускай дзяржаўнай філармоніі, аб'ядноўвае музыкантаў з шасці краін свету і прадстаўляе камерную, сімфанічную, вакальную, харавую і джазавую музыку. Канцэрты розныя па жанрах, але агульнае для іх тое, што разам з вядомымі прозвішчамі тут гучаць новыя імёны маладых музыкантаў, пра што расказаў мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк.


Прынамсі, пад знакам маладых пройдуць тры канцэрты, прысвечаныя 100-годдзю выдатнай выкладчыцы і піяністкі І. А. Цвятаевай. Прафесар доўгі час працавала ў кансерваторыі, вырасціла каля 25 лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, калі такой колькасці конкурсаў нават не было. Сярод яе вучняў — І. Алоўнікаў, С. Мікулік, І. Семяняка і тыя, хто цяпер ужо сам вучыць музыкантаў...

З той жа катэгорыі канцэрт да 70-годдзя з дня нараджэння Таццяны Сергіенкі, якая шмат зрабіла для развіцця беларускай цымбальнай школы. З неймавернай музыкай мандаліны таксама пазнаёмяць маладыя беларускія музыканты: падчас фестывалю адбудуцца міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі. Наш канцэрт будзе шматгранным — на адной сцэне збяруцца віртуозы з Беларусі і Францыі.

Сёлета ўпершыню на беларускай сцэне выступіць Джэ Юэн з Кітая, выканае творы Шапэна, Шумана і Лігеці. Яшчэ адзін з замежных гасцей, якіх доўга чакала беларуская публіка, — віяланчэліст з Вялікабрытаніі Нікалас Джонс.

Важным складальнікам «Мінскай вясны» будуць выступленні айчынных музыкантаў, асабліва маладых, і нават калі яны жывуць у іншых краінах, то прадстаўляюць сваёй музыкай Беларусь і вяртаюцца дадому, каб даваць канцэрты. Піяніст Віталь Стахіевіч, які цяпер жыве і працуе ў Нідэрландах, выканае творы Шапэна, Ліста, Скарлаці, Пракоф'ева і Вайніцкага ў апошні вечар «Мінскай вясны». Але самым прыемным падарункам стане выступленне маладых віртуозаў Беларусі — піяністкі Кацярыны Давыдавай і віяланчэліста Мікаэла Самсонава, вучня Уладзіміра Перліна, які атрымаў музычную прэмію ў Вашынгтоне.

Самы незвычайны канцэрт у праграме — «Тэрменвокс?.. Тэрменвокс!». Інструмент — гэта насамрэч радыёхвалі, якія даюць незвычайны гук. У 1920 годзе тэрменвокс вынайшаў Леў Тэрмен для вымярэння фізічных велічынь, але са свету фізікі інструмент перайшоў у свет музычны. Тэрменвокс прагучыць падчас аднаго з вечароў з камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь.

Іншыя вымярэнні адкрыюцца і падчас канцэртаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Паводле слоў дырыжора і мастацкага кіраўніка калектыву Аляксандра Анісімава, адзін канцэрт прысвечаны маладым і таленавітым беларускім музыкантам. Асобная праграма працягвае тэму Вялікага посту: прагучаць вядомы «Рэквіем» Моцарта і менш папулярная, але неймаверна прыгожая, па словах Анісімава, сімфанічная паэма Рыхарда Штрауса «Смерць і прасвятленне».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: «Вясновыя» прасвятленні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».