Першая відэакамера ў кіналетапісца Дзмітрыя Іўчанкі з'явілася ў пачатку 1990-х гадоў. А фатаграфаваць яго навучыў бацька яшчэ ў дзяцінстве. Тады ж, акрамя сваякоў і сяброў, на яго картачках стаў з'яўляцца родны Талачын. Потым Дзмітрый пачаў здымаць дакументальнае кіно.
Паспець галоўнае
Ён сам прыдумвае тэмы і сцэнарыі. Пасля асноўнай работы на чыгунцы (на Аршанскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі) электрамеханік Іўчанка ідзе ў кінастудыю самадзейных аператараў «Летапіс», якую ў 1965 годзе заснаваў пры Талачынскім Доме культуры краязнаўца Анатоль Шнэйдар. Цяпер вядомаму талачынскаму кінааматару 85. Яго пераемнікам на вельмі творчай і адказнай пасадзе стаў Дзмітрый. Апошні паспявае не толькі працаваць на дзвюх работах, апрацоўваць зямельны ўчастак, але і вандраваць...
— Дзеці ўжо дарослыя, — тлумачыць ён тое, якім чынам знаходзіць час на любімы занятак. — А ў кінастудыі мне вельмі цікава. Там сабраліся аднадумцы — 10 чалавек. Людзі розных прафесій і ўзростаў. Раім адзін аднаму, разам прыдумваем сюжэты...
Кінааматарам-пачаткоўцам Дзмітрый раіць не купляць дарагую камеру, а прыдумаць добры сцэнарый: на конкурсах перамагаюць і тыя, хто здымаў прымітыўнай тэхнікай. Члены журы перш за ўсё ацэньваюць нестандартны падыход для раскрыцця ідэі.
Дзмітрый Іўчанка — аўтар дзясяткаў фільмаў. Многія былі высока ацэненыя на конкурсах, у тым ліку стужка «Мы — нашчадкі дручан». Гэтую карціну сам аўтар лічыць найбольш удалай.
— Працаваць над гэтым фільмам было цяжка. Шмат пастановачных кадраў. Віцебскі клуб гістарычнай рэканструкцыі спецыяльна для мяне інсцэніраваў пабоішча. Здымаў на месцы былога цэнтра Друцкага княства. Гэта недалёка ад Талачына. Дарэчы, там захаваліся рэльефы абарончых збудаванняў, равоў, месца, дзе жыў князь. Аналагаў у Беларусі няма, — расказвае Дзмітрый.
Цяпер талачынскі летапісец збіраецца зняць фільм пра Свята-Пакроўскі жаночы манастыр. Будынак храма ў Талачыне ўражвае, гісторыя манастыра багатая на падзеі.
На вышыні больш за 5,6 км
Амаль штогод Дзмітрый адпраўляецца ў доўгія і экстрэмальныя падарожжы. Асноўнае месца працы дае яму права на бясплатны праезд па чыгунцы да любой станцыі большасці краін былога СССР. Ён быў у водных паходах у розных рэгіёнах Беларусі, на Урале, у Крыме, Карэліі... Пакараў вяршыні на Каўказе, Урале, Хібінах, Карпатах.
— Канешне, небяспечна, — пагаджаецца Дзмітрый. — Але цягне да рэк і ў горы.
Можа, справа ў самым першым уражанні? Калі ён першы раз у жыцці падняўся ў Карпатах на вышыню прыкладна 1,6 кіламетра, прачнуўся раніцай і ўбачыў, што над галавой аблокі і пад нагамі — аблокі! І сонца ўстае... Ён тады адчуў незвычайны прыліў энергіі, зрабіў здымак і ніколі гэтага моманту не забывае.
Потым быў Эльбрус, дзе Дзмітрый з мінскімі сябрамі падняліся на паўночную частку ўсходняга кратара (5610 метраў над узроўнем мора). А яшчэ ён стаяў на Урале — паміж Еўропай і Азіяй. Ён бачыў, як над ільдом і снегам лётаюць... матылькі. Такое можна сустрэць на вышыні прыкладна 4000 метраў над узроўнем мора.
— Сапраўды, цуд! Ноччу тэмпература там апускаецца да -15 °С, а днём, наадварот, — з плюсам. І лётаюць матылькі, растуць кветкі, — дзеліцца ён успамінамі.
У Карэліі і Хібінах на шыраце Палярнага круга Дзмітрый назіраў белыя ночы. Там, як у космасе, няма адчування часу...
Аляксандр ПУКШАНСКІ
г. Талачын
Фота Дзмітрыя ІЎЧАНКІ
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.