Вы тут

У Падую, на іспыт


Сонечны дзень у Падуі, ля гасцініцы спыняецца малады ўсмешлівы мужчына, які размаўляе па-італьянску з дзіўным акцэнтам. Вядома, падарожніка завуць Францыскам, і ў першага ж дасведчанага суразмоўцы ён пытаецца, ці ёсць у горадзе свая друкарня.


Але ў аповесці Таццяны Лашук «Экзамен» («Нёман», № 3) Францыск Скарына яшчэ не ўзбагачае, услаўляе і ўздымае, а трапляе ў некалькі прыгодаў і паспяхова здае іспыт на годнасць доктара медыцынскіх навук. Малады Скарына цікавіцца кнігамі, на практыцы выкарыстоўвае свае медыцынскія веды, але не менш значным аказваецца яго дасведчанасць у футрах і скурах, а таксама знешняя прывабнасць...

Галоўны герой паўстае чалавекам дзейсным, бадзёрым і жыццярадасным. Вернасць лекарскім абавязкам, здаровы практыцызм і іншыя рысы Скарыны выяўляюцца праз канкрэтныя ўчынкі і стасункі з іншымі каларытнымі персанажамі. Дзякуючы некалькім эпізодам Таццяна Лашук — гісторык па адукацыі — змяшчае свайго героя ў кола творчай і інтэлектуальнай эліты эпохі Адраджэння. Так, Скарына згадвае Рафаэля Санці як свайго шаноўнага сябра: у кампаніі знакамітага мастака ён працаваў цэлае лета і выкладаў анатомію будучым жывапісцам. Ці верагодна гэта? Чаму б не, тым больш што на адной з фрэсак Рафаэля ёсць аблічча, якое вельмі нагадвае твар беларускага першадрукара... У Падуі Францыск мае кароткую амурную гісторыю з сіньёрай Альвароці — прадстаўніцай знакамітага венецыянскага роду, і менавіта з яе фінансавай падтрымкай дапускаецца да здачы экзамену, які падрабязна апісваецца ў творы.

Таццяна Лашук дэманструе, што многія ідэі і вядомыя выказванні Скарыны з’явіліся не падчас чытанняў кніг і доўгіх самотных разваг, а ў непасрэднай камунікацыі з сучаснікамі, якім даводзілася тлумачыць любоў да Радзімы, распавядаць пра значнасць Бібліі альбо перакладаць на простую мову незразумелыя малітвы. Ствараючы вобраз эпохі, аўтар выяўляе рэальныя абставіны, якія вызначылі мэты кнігавыдавецкай дзейнасці Скарыны. У творы багата цікавых дэталяў, якія дазаляюць уявіць жыццё пачатку ХVІ стагоддзя: у заможных італьянскіх сем’ях пачынаюць карыстацца відэльцамі, бялізну адбельваюць у спецыфічным растворы з непрыемным пахам, падуанскія прыгажуні гадзінамі сядзяць на балконах, каб асвятліць валасы...

Пазнавальная аповесць з цікавым сюжэтам і прывабным паспяховым героем зацікавіць шырокую аўдыторыю, пачынаючы з вучняў сярэдняй школы. Адкрыты, сумленны, кемлівы, просты ў стасунках — такім паўстае Скарына ў творах пачатку ХХІ стагоддзя, і гэты вобраз мае імпанаваць нашчадкам першадрукара.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.