Вы тут

Моладзь з Лёзна навучаецца парламентарызму


Сёння ў беларускай моладзі ёсць шмат магчымасцяў выказацца. Ёсць сацыяльныя сеткі, але віртуальныя звароты не даюць такога эфекту, як жывыя зносіны. Каля 10 гадоў у Беларусі існуе праект, які дазваляе таленавітым маладым беларусам не толькі гаварыць, але і рэалізоўваць сябе ў грамадскай дзейнасці, — Маладзёжная палата. Як яна функцыянуе і якую рэальную сілу мае такое аб'яднанне — наш карэспандэнт высветліў на прыкладзе Маладзёжнай палаты пры Лёзненскім раённым Савеце дэпутатаў.


Чле­ны Ма­ла­дзёж­най па­ла­ты 3-га склі­кан­ня.

Што? Дзе? Навошта?

Маладзёжная палата ў Лёзне пачала дзейнічаць у снежні 2010 года і стала пілотным праектам на Віцебшчыне. «Гэта 27 прадстаўнікоў школ Лёзненскага раёна, якія ўдзельнічаюць у сесіях, прадстаўляюць інтарэсы моладзі, уносяць прапановы ў органы мясцовага самакіравання Лёзненскага раёна па пытаннях маладзёжнай палітыкі, праводзяць тлумачальную работу сярод моладзі. Палата створана для папулярызацыі мясцовага самакіравання, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі Лёзненскага райвыканкама Ірына КУДРАЎЦАВА. — Школьнікі знутры бачаць сістэму кіравання, удзельнічаюць у пасяджэннях раённага Савета дэпутатаў, маюць магчымасць прапанаваць уласнае рашэнне праблемных пытанняў. Я ўпэўнена, такое аб'яднанне — добрая школа для падрыхтоўкі будучых кадраў, у тым ліку кіруючых».

Выбары ў Маладзёжную палату праводзяцца па аналогіі з выбарамі ў органы мясцовага кіравання і самакіравання. У кожнай школе ініцыятыўныя хлопчыкі і дзяўчаткі, якія валодаюць арганізатарскімі здольнасцямі і жадаюць паспрабаваць свае сілы ў падобным аб'яднанні, прадстаўляюць свае праграмы. На агульным сходзе школы вучні галасуюць за найбольш цікавую, а аўтар, які набірае найбольшую колькасць галасоў, становіцца членам палаты. Кіруе Маладзёжнай палатай старшыня, які абіраецца шляхам адкрытага галасавання з ліку абраных членаў.

Асноўныя формы дзейнасці Маладзёжнай палаты — гэта работа ў пяці пастаянных камісіях: па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і прафілактыцы правапарушэнняў, па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Яшчэ ёсць камісіі па пытаннях экалогіі, развіцці валанцёрскага руху і сувязях з грамадскімі арганізацыямі, па арганізацыі вольнага часу і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў для моладзі і па пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі і прафарыентацыі школьнікаў.

Яны таксама ўдзельнічаюць у пасяджэннях, якія праходзяць раз на квартал, і ў сесіях — раз на паўгоддзе. На сесіях падводзяцца вынікі работы, разглядаюцца і абмяркоўваюцца праекты рашэнняў.

Маладыя — раяць, улада — падтрымлівае

Трэба адзначыць: рашэнні, што прымаюцца на сесіях, носяць рэкамендацыйны характар, аднак яны заўсёды бяруцца ўладай пад увагу. Па словах першага сакратара Лёзненскай раённай арганізацыі БРСМ Наталлі БІЗУНКОВАЙ, палатай уносяцца і рэалізуюцца шматлікія прапановы. Вялікая ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі. Напрыклад, па ініцыятыве ўдзельнікаў палаты ў рамках праекта «Двары для дзетвары» на тэрыторыі раёна былі арганізаваны 4 дзіцячыя пляцоўкі, якія абсталёўваліся разам з камунальнікамі, работнікамі лясгаса, жыхарамі дамоў. Прычым іх не проста зрабілі і забылі: яны і цяпер падтрымліваюцца ў належным стане.

— На высокім узроўні працуюць і валанцёрскія атрады, — адзначыла Наталля Бізункова. — Члены Маладзёжнай палаты з дапамогай органаў мясцовай улады і кіраўнікоў арганізацый раёна ў снежні 2016 года арганізавалі дабрачынны марафон, падчас якога быў наладжаны канцэрт і аказана дапамога грашамі і падарункамі сарака хлопчыкам і дзяўчаткам з абмежаванымі магчымасцямі.

— Адным са знакавых праектаў стаў «Мост шлюбаў» у Лёзне, дзе маладыя могуць зладзіць фотасесію, — кажа Ірына Кудраўцава. — Дзякуючы ідэі Маладзёжнай палаты пры падтрымцы старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова на тэрыторыі сярэдняй школы №1 з'явіўся пладовы сад, ім заняты цэлы гектар прышкольнага ўчастка. Высаджана «Алея выпускнікоў», на якой амаль сотня кустоў бэзу. Тут можна не толькі прайсціся, але і пасядзець на прыгожых лаўках. Па словах Ірыны, традыцыйным стаў удзел моладзі і ў рэспубліканскіх экалагічных акцыях.

«У нас ёсць ініцыятывы, якія выходзяць за межы Беларусі, — дадала Наталля Бізункова. — Разам з моладдзю Руднянскага, Ельніцкага, Веліжскага і Дзямідаўскага раёнаў Расійскай Федэрацыі мы рэалізуем патрыятычныя праекты, праводзім сумесныя семінары, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы».

Стартавая пляцоўка

Нягледзячы на тое, што ўдзельнікамі палаты з'яўляюцца маладыя людзі, яны вельмі адказна падыходзяць да сваіх прапаноў і рэалізацыі ўласных ідэй.

— Працаваць з Маладзёжнай палатай вельмі цікава, — згаджаецца Ірына Кудраўцава. — Мы назіраем, як у маладых складваецца комплекснае паняцце аб дзяржаўным кіраванні на рэгіянальным узроўні. Гэтаму паспрыялі і сустрэчы членаў Маладзёжнай палаты з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі, якія арганізоўваліся пры падтрымцы Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў.

З 46 членаў Маладзёжнай палаты папярэдніх скліканняў у вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі 44, у сярэднія спецыяльныя — 2. Хто ведае, магчыма, некалі ў Палаце прадстаўнікоў з'явяцца дэпутаты, якія пачыналі з Маладзёжнай палаты. Прынамсі, стартавая пляцоўка ў іх вельмі грунтоўная.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Юныя парламентарыі з Лёзна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».