Вы тут

Астравецкая дзіцячая бібліятэка атрымала новае памяшканне


Астравецкая дзіцячая бібліятэка атрымала новае памяшканне ў будынку, створаным сіламі будаўнікоў атамнай электрастанцыі.


— Веру, што ні тэлебачанне, ні інтэрнэт не заменяць вам стасункаў з кнігай, бо яна — самы надзейны, блізкі і дасведчаны таварыш, а таксама цярплівы настаўнік, які дапамагае пазнаваць свет, — звярнулася да школьнікаў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Марына ПЫЛІНСКАЯ, якая перадала дырэктару бібліятэкі сімвалічны ключ ад будынка.

Віктар СВІЛА, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама ўручыў бібліятэцы два камп'ютары.

— Бібліятэка — вялікі і добры падарунак ад АЭС нашаму гораду, якога мы даўно чакалі. Мы разлічваем, што налета тут з'явіцца цэлы сацыяльна-культурны комплекс.

Маленькія чытачы — першыя наведвальнікі бібліятэкі па новым адрасе.

З 1991 года ў храме кнігі разам з трыма супрацоўніцамі гаспадарыць цяперашні дырэктар бібліятэкі Таццяна ГІРДЗЕЙ, якая правяла для гасцей першую экскурсію па новых залах.

— Апошнія некалькі гадоў бібліятэка добра камплектуецца. У нас добрая падпіска на рускія і беларускія дзіцячыя выданні. Усё, што ёсць у фондах, запатрабавана.

Для чытачоў і гасцей свята супрацоўнікі бібліятэк раёна паказалі парад мод крэатыўнага адзення, зробленага з паперы. Аўтар незвычайнай калекцыі — Людміла Міжыгурская, якая больш за 30 гадоў працуе мастаком-афарміцелем у Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Больш за 2000 чытачоў наведваюць бібліятэку звыш 20 000 разоў на год. З амаль 30 000 экзэмпляраў, што захоўваюцца ў фондах, 1300 з лішнім кніг з'явілася тут толькі на пачатку гэтага года. У тым ліку некалькі выданняў беларускіх пісьменнікаў, падораных навасёлам Выдавецкім домам «Звязда».

Дырэктар Таццяна Гірдзей запрашае на экскурсію па новым будынку.

Дзіцячыя кнігі сучасных беларускіх аўтараў выдавецкага дома «Звязда» ў падарунак бібліятэцы.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА

Загаловак у газеце: Новы дом для бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?