Вы тут

Жыхарка Гродна ведае, дзе жыве шчасце


Галіна Жамчужнікава пра рай для дзяцей і дарослых

Каго там толькі няма! Красуні ў народных строях, чырвоныя алкаголікі, зморшчаныя, нібыта печаныя яблыкі, бабулі і дзядулі, Чарлі Чаплін, кампанія рыбакоў, міфічныя істоты, кацяняты... Нават дырэктар адной паспяховай арганізацыі сядзіць на велічным троне ў касцюме цара. А яшчэ там жывуць няшчасныя людзі-дзікуны. Вось што адбываецца, калі ў творцы ў дадатак да таленту ёсць яшчэ і пачуццё гумару.


Га­лі­на Жам­чуж­ні­ка­ва (у цэнт­ры) па­каз­вае ляль­ку  на­вед­валь­ні­кам сва­ёй вы­стаў­кі.

Убачыць лес за дрэвамі

Пераступаеш парог гродзенскай хаты Жамчужнікавых — раз! І кідаецца ў вочы падвешаная да супрацьлеглай сцяны Бабка Ёжка, страшная і смешная. Разумееш, куды патрапіў. Гэта не проста дом, а імперыя ўнікальных лялек. І гэта не проста сям'я, а творчы саюз, дзе ўсё падпарадкавана таленту гаспадыні. А вось і яна, наша гераіня. Галіна Жамчужнікава, зачароўвае адкрытым абліччам, чыстым, звонкім голасам.

«Гавораць, кожны лялечнік — гэта яго светласць плюшкін з галавы да ног. Праўду людзі кажуць?» — весела пытаю.

«Праўду! (смяецца) Ведаеце, камяні, пацерачкі, анучкі, кавалкі дрэва — усё просіцца, як у казцы пра царэўну-жабу: «Вазьмі мяне, я табе спатрэблюся». У лес нармальныя людзі ідуць у грыбы, ягады. Мы ж ненармальныя (усміхаецца): цягнем поўныя кошыкі шышак, імхоў, карчоў. Ад сябровак прыношу выкінутае імі футра. Майстэрня нагадвае барахолку».

Галіна Жамчужнікава прайшла доўгі шлях ад фермерства, уласнай крамы жаночай бялізны, дзе для творчага складніка не было ні месца, ні часу, ні сіл, да высокага мастацтва. Апошнія 5 гадоў гераіня жыве ў абдымках лялечнай справы, і райская птушка поспеху, аднойчы зазірнуўшы ў яе вокны, вырашыла далёка не адлятаць.

Ці то прачнулася генетычная памяць, ці то мінула эра захаплення галівудскімі штампамі, але лялька Барбі па-за модай у кампаніі гламуру і мішуры. Народ убачыў лес за дрэвамі, ацаніў душу, характар, яго вабіць роднае, і гарыць зялёнае святло для лялек з тканіны і вылепленых з палімернай гліны. Так, аўтарская лялька ва ўсіх сваіх іпастасях перажывае Рэнесанс.

Айчынны рынак багаты на матэрыялы для лепкі аўтарскай лялькі: палімерная гліна, пластык, пластылін, паперклей. Валасы заменіць пража, авечая поўсць, якую можна расчэсваць, завіваць, заплятаць, фарбаваць, як душа просіць. Касмічных грошай не трэба, і бабуліну шафу таксама яшчэ ніхто не адмяняў.

Купалінка з Людовікам ХІV

Любіць Галіна Жамчужнікава народны касцюм, асабліва беларускі. Вылепленых з палімернай гліны нашых родных Паўлінак яна апранае ў ільняныя сукенкі. Дэкальтэ імправізаваных красунь упрыгожвае старадаўнімі грыўнамі, плечы — фібуламі. Сучаснае гучанне яна надае з дапамогай вышыўкі бісерам. Часта лялькі-беларусачкі Галіны Жамчужнікавай — дакладныя адпаведнікі эпохі, арнаменты гавораць пра Гродзенскую ці якую-небудзь іншую вобласць.

«Інстытут замаўляў Купалінку. Дзяўчынка атрымалася прыгажуняй, хоць вельмі я не люблю прыгожых (смяецца). Душа млее ад зморшчаных, нібыта печаныя на сонцы яблыкі, бабуляў, дзядуляў і, канешне, горкіх п'яніцаў-алкаголікаў. Любая харызматычная асоба, рукі якой выдаюць прафесію, перажыты вопыт, а твар красамоўна маўчыць, — гэта і ёсць мая будучая лялька», — дзеліцца творца.

Яркія, феерычныя вобразы паляўнічых, лётчыкаў, касманаўтаў мяжуюць з копіямі смешных карапузаў, Людовіка ХІV і Чарлі Чапліна. У час цывілізацыі спажыўцоў, калі чалавек бачыў усё, і грушамі на вярбе яго не здзівіш, Галіна Жамчужнікава здзіўляе. Аднойчы супрацоўнікі паспяховай арганізацыі звярнуліся з ідэяй. У кіраўніка юбілей. Што падарыць немаладому мужчыну, у якога ёсць усё? Нам, калі ласка, ляльку нашага любімага дырэктара ў касцюме цара і абавязкова на велічным троне. Было многа замоў на ляльку-копію пэўнага чалавека да гэтай і будзе яшчэ больш пасля. Але некаторыя адзначаны пачуццём гумару, якое так цэніць Галіна, або выключнасцю самой асобы. Колькі гадоў таму яна рабіла дзве лялькі адначасова. Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч з гітарай на юбілей артыста.

Ба­ба Яга — гэ­та сла­вян­скі абя­рэг. Ка­лі яна ві­сіць ка­ля дзвя­рэй, то по­зір­кам ад­га­няе злыя ча­ры, гос­ця з ка­мя­нём за па­зу­хай.

Валдайскі званочак ды муж, які стрымаў абяцанне

Акіянічную цеплыню выпраменьваюць народная лялька-памочніца, лялька-траўніца, дарожны валдайскі званочак. «Памочніца — мая ўлюбёная народная лялька, — кажа гаспадыня. — Яе дарылі сямігадовай дзяўчынцы. Гэта лялька пэўнай велічыні, каб дзіця вучылася гатаваць: вады наліваць па макушку, крупы сыпаць па шыйку». Унутры траўніцы зашываліся духмяныя зёлкі. Дарожны валдайскі званочак рабілі без твару, галоўнае — прымацаваны вузельчык з роднай зямлёй, каб памятаць на чужыне свае карані.

У Беларусь Галіна Жамчужнікава і сама магла б смела ехаць з валдайскім званочкам. Родам з Урала, яна па сутнасці касмапаліт. Доўга жыла ў Казахстане. Пашкадаваць, што паехала за мужам-беларусам у Гродна, лялечніцы не давялося. «Барыс паабяцаў зрабіць мне майстэрню ў самым сэрцы горада. Абяцанне як былы вайсковец, ён стрымаў, аддаўшы маім лялькам вялікі пакой».

...А ад вас у дзяцінстве хавалі нажніцы? Калі так, то вы зразумееце, чаму першыя ў Гродне курсы па палімернай гліне прайшлі на ўра. «Я не чакала, што столькіх людзей зацікавяць лялькі. Праўда, пасля выявілася: усе яны такія ж хворыя на галаву, як і я (смяецца), таму з імі было прыемна размаўляць. Звярнуліся жанчыны сярэдняга ўзросту. Яны маюць работу, сям'ю, унукаў, хатні дабрабыт. Гэта нармальныя людзі. Знешне, — зноў жартуе лялечніца. — Старэйшая вучаніца даўно размяняла восьмы дзясятак, тады як малодшай — 18. Многія крычалі: «Я не ўмею шыць! Я не ўмею маляваць!» Сёння вучаніцы ладзяць свае ўласныя выставы на радасць Галіне Жамчужнікавай. «Я ганаруся імі. Малайчынкі, робяць лялькі не горш за мяне, і самае галоўнае — шчаслівыя! А па гэта яны і прыходзілі. Чагосьці ў жыцці не хапала тады, калі, здавалася, што ўсё ёсць».

На пачэсным месцы ў хаце гаспадыню радуе лялька «Сын за камп'ютарам». Ён даўно вырас і жыве ў Петразаводску, а яго маленькая копія спынілася ў часе і засталася з матуляй. Далёкі ад мастацтва, сын Галіны, як чалавек з пачуццём гумару, не можа не любіць насатых жыхароў майстэрні. Але галоўны шанавальнік творчасці не ён.

«І шанавальнік, і крытык — мой муж. Адзінаццаць гадоў разам. І гэта ён калісьці сказаў: «Рабі лялькі». Залаты чалавек са спартанскай мужнасцю. Барыс займаецца выстаўкамі, сайтам, перакладамі, калі лялькі адпраўляюцца ў Еўропу, Расію, разыходяцца па Беларусі. Ён і каву прынясе на падносе, і шкарпэткі ўмее прасаваць сам. Цаню яго за каханне, цяпло», — ззяюць, бы зоры, вочы нашай гераіні.

«Ведаеце, мне гавораць: «Хітрая ты! Усе думаюць, што мастацтвам займаешся, а сама ў лялькі гуляеш», — ужо на парозе таямніча скажа Галіна і мы ўсміхнёмся пад падабрэлым позіркам Бабы Ягі. Відаць, лялечніца не губляе сувязі з крылатымі арэлямі і часта наведвае краіну дзяцінства, а таму такая маладая і знешне, і ў душы.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: У госці да лялькі

Каментары

С огромным удовольствием хожу на выставки Галины. Ее куклы помогают верить в добро, душевную красоту и сказку. Нельзя не пройти мимо, нельзя не рассмотреть, нельзя не улыбнуться. Очень ценю талант, ручную работу. Галина вдохновляет, делает мир лучше. Спасибо одаренной кукольнице за ее магический труд. Хочу пожелать ей успехов в творчестве и огромного человеческого счастья. Галина, знайте, что в городе Гродно много ценителей ваших кукол. Идите вперед с поднятой головой и легким сердцем по своей интересной жизненной дороге, а мы будем радоваться вашим успехам. Очень и очень сильно жду новых выставок!!!
И мне нравятся такие куклы!))) Смешные, прикольные, классные) устала от базарных Барби и т.д. А здесь есть на что посмотреть))) алкоголики - суперидея. Я уже улыбаюсь
Лялькі -- гэта заўсёды добрая казка з далёкага дзяцінства. Вельмі прыемна, што ў нас ёсць такія людзі, якія могуць вярнуць чалавека ў даўно мінулыя гады. Лялькі майстрыхі ўражваюць сваёй незвычайнасцю, каларытнасцю, непаўторнасцю. Кожная з іх выступае як сапраўдная жывая істота са сваім характарам, са сваімі думкамі. Хочацца пажадаць стваральніку гэтага цуда творчага натхнення і новых незвычайных работ. Вялікі дзякуй аўтару артыкула за магчымасць знаёміцца з талентамі роднай зямлі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».