Вы тут

Пакет дакументаў аб разняволенні бізнесу апублікаваны для абмеркавання


Пакет нарматыўных прававых актаў аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу вынесены на грамадскае абмеркаванне

У аўторак падчас сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Рэчыцадрэў», Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паабяцаў: у найбліжэйшы час у Беларусі будуць прыняты кардынальныя рашэнні па разняволенні бізнесу. Прэзідэнт адзначыў, што ў найбліжэйшы час адпаведны нарматыўна-прававы акт, які датычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, ляжа яму на стол: «Мы поўнасцю разняволім бізнес-ініцыятыву — ідзіце займайцеся справай, зарабляйце. Мы стварылі для гэтага ўмовы. А што не стварылі — створым у найбліжэйшы час».


Нагадаем, што ў студзені на падставе распараджэння Прэзідэнта была спецыяльна створана рабочая група па стымуляванні дзелавой актыўнасці, выключэнні залішніх патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, удасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Была праведзена сістэмная і маштабная работа — ад аналізу матэрыялаў судовай, пракурорскай і адвакацкай практыкі да асабістых зносін з дырэктарамі і іншымі работнікамі прадпрыемстваў. Супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, падпарадкаваных ёй цэнтраў і Міністэрства юстыцыі наведалі больш за 100 прадпрыемстваў рознага профілю дзейнасці ва ўсіх рэгіёнах краіны. З дапамогай Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала быў арганізаваны збор прапаноў грамадзян, прадстаўнікоў бізнесу і юрыстаў-практыкаў — такіх прапаноў паступіла больш за 200. Значная колькасць праблемных пытанняў выяўлена ў ходзе разгляду зваротаў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання, якія паступілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта, а таксама аналізу публікацый, размешчаных ў друкаваных і электронных СМІ. Вывучаўся таксама вопыт замежных дзяржаў па рэгуляванні эканамічнай дзейнасці, у першую чаргу суседніх дзяржаў (Літвы, Польшчы і Эстоніі), у якіх, на думку прадпрымальнікаў, бізнес-клімат найбольш спрыяльны для ажыццяўлення ўсіх відаў эканамічнай дзейнасці.

Атрыманыя такім чынам матэрыялы ўважліва вывучаны спецыяльна сфарміраванымі 12 тэматычнымі падгрупамі па розных напрамках дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. У выніку праведзенай работы быў падрыхтаваны камплект дакументаў, накіраваны на «разняволенне» бізнесу і развіццё дзелавой ініцыятывы.

Учора пакет гэтых нарматыўных прававых актаў аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі вынесены на грамадскае абмеркаванне.

Пакет уключае ў сябе праекты дэкрэта і некалькіх указаў. Як растлумачыў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый МІЦКЕВІЧ, асноўныя змены ў дэкрэце маюць на ўвазе спрашчэнне працэдуры адкрыцця бізнесу і вядзення сваёй справы. Напрыклад, каб адкрыць кафэ, прадпрымальніку будзе дастаткова паведаміць пра гэта ў мясцовыя органы ўлады. Пры гэтым бізнесмен гарантуе, што будзе выконваць усе неабходныя патрабаванні. А іх пералік прапануецца мінімізаваць — такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы.

Валерый Міцкевіч расказаў, што ў прапанаваных для грамадскага абмеркавання дакументах прадугледжана, што «ўсе пажарныя, санітарныя правілы, якія дзейнічаюць цяпер, будуць адмененыя, а новыя зацверджаны ў мінімальным варыянце актам кіраўніка дзяржавы». Пералік будзе абмяжоўвацца асноўнымі абавязковымі для выканання патрабаваннямі. Усё астатняе застанецца ў выглядзе рэкамендацый.

Сярод дакументаў ёсць і той, які рэгулюе кантрольна-наглядную дзейнасць. Ім прадугледжваецца істотнае памяншэнне колькасці праверак. У прыватнасці, планавыя наогул будуць адменены. «Застануцца толькі пазапланавыя і строга па вызначаных у дакуменце падставах», — сказаў Валерый Міцкевіч. Паводле яго слоў, гэта дазволіць пазбегнуць праверак па надуманых прычынах.

Прапануецца таксама ўвесці ў Беларусі інстытут падатковых кансультантаў, свайго роду пасярэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі. Гэта павінна пазбавіць бізнес ад неабходнасці ўнікаць ва ўсе тонкасці падаткаабкладання. Задача прадпрымальніка будзе ў тым, каб падаваць падатковым кансультантам правільныя звесткі. «Яны будуць несці адказнасць за паўнату выплаты падаткаў, за іх правільнасць і адказваць, калі нешта не так», — адзначыў Валерый Міцкевіч.

Адначасова са спрашчэннем патрабаванняў, іх канкрэтызацыяй прапануецца ўзмацніць адказнасць уладальнікаў бізнесу за іх выкананне.

Грамадскае абмеркаванне дакументаў будзе праводзіцца на працягу месяца. Усе прапановы будуць разглядацца ў працэсе іх дапрацоўкі. Прэзідэнту будзе прадстаўлены абноўлены варыянт. Ад бізнесу і грамадзян чакаюць канкрэтных прапаноў па разняволенні дзелавой ініцыятывы.

Меркаванне

Уладзімір КАЛТОВІЧ, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю:

— Вынясенне праектаў дакументаў на грамадскае абмеркаванне — апраўданы і вельмі правільны крок. Абмеркаванне прадугледжвае не толькі ўдзел, але і некаторую тэарэтычную падрыхтоўку ўсіх, хто хоча заняцца і займаецца бізнесам. Гэта ўверцюра да працы, якая будзе пасля прыняцця дакументаў. Чым больш мы атрымаем разумных прапаноў, тым больш узважанымі і рэальнымі будуць дакументы і тым большую карысць мы атрымаем ад іх укаранення. Стварэнне рабочай групы, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, было як ніколі своечасовым. Удалы сінтэз спецыялістаў з дзяржструктур і бізнесу дазволіў, па-мойму, стварыць узважаныя і пісьменныя дакументы, якія адлюстроўваюць рэальную патрэбнасць бізнесу ў больш спрыяльных умовах для развіцця.


Грамадзяне і суб'екты гаспадарання могуць азнаёміцца з афіцыйнымі тэкстамі падрыхтаваных дакументаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале рrаvо.bу і пры жаданні накіраваць свае прапановы па іх дапрацоўцы. Для гэтага на партале створана старонка са зваротнай сувяззю, а на Прававым форуме Беларусі fоrumрrаvо.bу — тэма для абмеркавання гэтых дакументаў. Прапановы таксама могуць быць накіраваны напрамую ў тэматычныя падгрупы па адпаведных сферах дзейнасці, якія функцыянуюць на пляцоўках Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Урада Рэспублікі Беларусь і галіновых міністэрстваў і камітэтаў. Усе заўвагі і прапановы, якія паступаюць у ходзе абмеркавання, будуць разгледжаны на пасяджэннях тэматычных падгруп.

Прапановы можна накіроўваць да 12 мая 2017 года.

Падрабязней з праектамі падрыхтаваных дакументаў можна азнаёміцца тут.

Загаловак у газеце: Ад прадпрымальнікаў і зацікаўленых чакаюць прапаноў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вольга Рацэвіч аб літаб’яднаннях і конкурсе «БрамаМар»

Вольга Рацэвіч аб літаб’яднаннях і конкурсе «БрамаМар»

«Эксперыменты дапамагаюць набыць літаратурную вопытнасць».

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.