Вы тут

Якія змены чакаюць сталіцу ў новым сезоне?


Наступленне цёплай пары года традыцыйна адзначана масавай работай па навядзенні парадку. Напрыклад, на гэтую вясну ў Мінску запланавана правядзенне рамонтных работ практычна на 500 дваровых тэрыторыях, дзесяць з іх чакае капітальны рамонт, а таксама абнаўленне вонкавага выгляду чатырох тысяч пад'ездаў, праўда, ужо за кошт жыхароў.


Мінск як ўвасабленне чысціні і прыгажосці

Як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіна ГІЛЕВІЧ, не ўсе ініцыятывы атрымліваюць шырокі водгук. Так, спрашчэнне парадку ўстаноўкі шлагбаума не паўплывала на запатрабаванасць гэтай паслугі.

Праводзіцца кантроль і за станам прыватных домаўладанняў. Ужо праверана каля 400 дамоў у трох раёнах сталіцы, па выніках агляду было выпісана 40 прадпісанняў, 80% з якіх ужо выкананы. Праверкі працягваюцца.

Па словах намесніка старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяны ДУБІК, з мэтай павышэння экалагічнай адукаванасці насельніцтва плануецца да канца года ўладкаваць экасцяжыны ў кожным з раёнаў Мінска. Усе яны будуць са сваёй «скрыпкай»: у Маскоўскім раёне сцежка пройдзе па тэрыторыі былога яблыневага саду, а ў Заводскім — на маршруце будуць змешчаныя бабровыя хаткі.

Цяпер у сталіцы праводзіцца акцыя «Мільён дрэў — Мінску». Толькі з 1994 года на тэрыторыі сталіцы было высаджана каля 990 тысяч дрэў. З'яўленне мільённага дрэва-сімвала будзе прымеркавана да Дня Зямлі, яго ўрачыстая высадка адбудзецца 22 красавіка.

Акрамя дрэў сталіцу ўпрыгожаць і два мільёны кветак. Кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў гарадской гаспадаркі УП «Мінскзеленбуд» Анжаліка ПУЗАНКОВА паведаміла, што нароўні з традыцыйнымі тэхнікамі і сартамі будзе прымяняцца кантэйнернае і вертыкальнае азеляненне, а каля Палаца спорту хутка распусцяцца «казачныя» сінія цюльпаны, якія раней не былі прадстаўлены ў сталіцы.

Самыя незвычайныя кветкавыя кампазіцыі з'явяцца паблізу гасцініцы «Беларусь». Там можна будзе ўбачыць архітэктурныя сімвалы горада — Нацыянальную бібліятэку, Чырвоны касцёл, кола агляду — выкананыя з кветак.

Дарэчы, само кола агляду, як і іншыя атракцыёны, пачне сваю работу 21 красавіка, сезон работы фантанаў адкрыецца на тыдзень раней. А вось на легендарнай пляцоўцы «Сустрэча» ў Парку Чалюскінцаў пакуль ідуць работы па яе рэканструкцыі, але да канца вясны яна ўжо зможа прыняць сваіх пастаянных наведвальнікаў.

Добрыя навіны чакаюць жыхароў Каменнай горкі: размешчаны тут парк імя Уга Чавеса набудзе значна больш уладкаваны выгляд, тут з'явяцца дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, зона для правядзення масавых мерапрыемстваў умяшчальнасцю да дзвюх тысяч чалавек, гандлёвыя павільёны.

З дапамогай БРСМ і тых, хто стаіць на біржы працы

Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні закранулі таксама зоны адпачынку і пляжныя тэрыторыі. Усяго ў Мінску і Мінскім раёне знаходзіцца 20 пляжаў, якія адносяцца да вадасховішчаў Заслаўскага, Цнянскага, Драздоў і Крыніцы. Цяпер на іх устаноўлена больш за паўтары тысячы адзінак пляжнага абсталявання, у планах на гэты год з'яўленне яшчэ 14 новых альтанак, 12 мангалаў, 9 вулічных трэнажораў, 5 камплектаў лясной мэблі, дзіцячых гарадкоў і іншых неабходных для камфартабельнага адпачынку аб'ектаў.

Як расказаў дырэктар унітарнага прадпрыемства «Мінская лесапаркавая гаспадарка» Павел БАГДАНЧЫК, работа па навядзенні парадку ўжо пачалася. На гэты летні сезон запланавана правядзенне масавых суботнікаў з удзелам БРСМ пад назвай «Чысты пляж». Маладыя людзі будуць раздаваць адпачывальнікам поліэтыленавыя пакеты для прыбірання смецця, а за нядобрасумленнымі гараджанамі будуць прыбіраць самі. Акцыя праводзілася і раней, у дні свят, цяпер жа яна будзе праходзіць кожныя выхадныя.

Зараз жа да сезонных работ прыцягнутыя 20 беспрацоўных. Да канца красавіка яны будуць задзейнічаны ў ачыстцы лесу ад неліквіднага галля і зборы смецця на базе Ждановіцкага лясніцтва.

Падчас акцыі «Тыдзень лесу» ўжо было высаджана ў лесапаркавай зоне сталіцы 50 гектараў лясных культур. Адна з важных задач на гэтую вясну — ачысціць 110 гектараў пашкоджанага лесу ў раёне Сосны, які пацярпеў ад урагану ў мінулым ліпені, і замяніць высечаныя дрэвы новымі. Пасля 1 чэрвеня, калі завершыцца сезон нерасту рыбы, Мінскводаканал будзе праводзіць ачышчальныя работы ў саміх вадаёмах.

Не перасекчы мяжу

Па словах начальніка аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Мінгаркампрыроды Таццяны ШАМЯНКОВАЙ, самае распаўсюджанае парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства ў зонах адпачынку — гэта стаянка бліжэй чым за 30 метраў ад берагавой лініі, што цягне за сабой адказнасць у выглядзе штрафу памерам да 10 базавых велічынь. Да канца мая будзе ўстаноўлена яшчэ 500 надаўбняў і 90 шлагбаумаў там, дзе стаянка забаронена. Да таго ж у месцах масавага адпачынку ў летні перыяд штодня будуць дзяжурыць супрацоўнікі ДАІ. А вось «фотапасткі» не зусім апраўдалі чаканні: у гэтым сезоне яны будуць мабільнымі і накіраванымі на фіксацыю пераважна аднаго парушэння — паркоўкі ў неналежным месцы.

За апошнія 10 гадоў колькасць мінскіх пляжаў не змянілася, яны ўсё з'яўляюцца бясплатнымі і агульнадаступнымі. Што датычыцца з'яўлення на Мінскім моры закрытага пляжа, то ён не паўстаў на месцы раней існуючага, а быў спецыяльна абсталяваны для гэтых мэт.

Усе пляжы ў сталіцы будуць аснашчаны пунктамі пракату і грамадскага харчавання, якімі не будуць абдзеленыя і раённыя пляжы. Тры пункты на Цнянскім вадасховішчы выстаўлены на аўкцыён, які пройдзе 21 красавіка. Дарэчы, гэта вадасховішча можа пахваліцца адной з найбольш развітых інфраструктур: на трох рэканструяваных пляжах ужо з'явіліся веладарожкі, звязаныя з горадам, у планах — іх падаўжэнне на ўсю зону адпачынку.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Вясновыя пераўтварэнні

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.