Вы тут

«Жоўтая кніга»: унікальная з’ява кітайскай перакладной літаратуры


“Жоўтая кніга” — спецыфічны тэрмін, прыняты ў Кітаі для абазначэння выданняў для “ўнутранага карыстання”. Такія кнігі сталі выпускаць яшчэ ў 50-я гады ХХ стагоддзя, але пік “жоўтых кніг” прыходзіцца на 60—70-я гады. Назву яны атрымалі за светла-жоўты колер вокладак. Кітайскія літаратуразнаўцы, гісторыкі пачалі звяртацца да вывучэння гэтай тэмы толькі ў 2000-я гады, у постсавецкім кітаязнаўстве да праблематыкі “жоўтых кніг” увогуле не звярталіся.


Акрамя светла-жоўтага колеру, адметнай вокладку рабіў ужо сам надпіс “Для ўнутранага карыстання”. У некаторых выпадках у кнізе можна было таксама знайсці ўкладку памерам тры з паловай сантыметры ў даўжыню і сем сантыметраў у шырыню з наступным тэкстам: “Гэта выданне для ўнутранага карыстання, прызначана для азнаямлення дзеячаў літаратуры і мастацтва. Калі ласка, карыстайцеся кнігай акуратна, забараняецца перадаваць староннім асобам”.

Перадумовай з’яўлення “жоўтых кніг” стала пагаршэнне савецка-кітайскіх зносін у канцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя. Крытыка Іосіфа Сталіна, абвяшчэнне “культа асобы Сталіна” ў дакладзе М. Хрушчова на ХХ-м з’ездзе КПСС, новы савецкі курс на эканамічнае развіццё пры палітыцы “мірнага суіснавання” з капіталістычнымі краінамі выклікалі незадаволенасць кітайскага лідара Мао Цзэдуна. Палітыка М. Хрушчова, па азначэнні афіцыйнага Пекіна, супярэчыла камуністычным ідэям і была названа рэвізіянісцкай. Нядзіўна, што ў гэтых абставінах Аддзел прапаганды ЦК КПК выступіў з заклікам да выдавецкіх устаноў Кітая далучыцца да барацьбы супраць савецкага рэвізіянізму. Па сведчанні Чжан Фушэна, які, у сваю чаргу, цытуе тагачаснага намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Сусветная літаратура” спадара Чэнь Біньі (між іншым, вельмі ўважлівага да беларускай мастацкай літаратуры ўвогуле) у снежні 1959 года — студзені 1960 года ў пекінскім атэлі “Сінь Цяо” адбыўся сход працаўнікоў культуры, дзе Чжоў Ян, намеснік кіраўніка Аддзела прапаганды ЦК КПК, агучыў пазіцыю першых асоб краіны пра неабходнасць выдання твораў замежнай літаратуры ў якасці адваротнага прыкладу – як, маўляў, “не трэба”. Чэнь Біньі называе яшчэ адну ўскосную прычыну з’яўлення “жоўтых кніг”. Хаця ніякіх афіцыйных дакументаў па гэтым пытанні прадстаўлена не было. І ўсё ж звернем увагу і на такую акалічнасць... У маі 1959 года кітайская дэлегацыя на чале з вядомым кітайскім літаратарам Мао Дунем прымала ўдзел у ІІІ З’ездзе савецкіх пісьменнікаў. Падчас работы з’езда ўзнікла шмат дыскусій наконт шляхоў развіцця савецкай літаратуры, але прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі ў бальшасці выпадкаў не чыталі і нават не ведалі твораў, якія абмяркоўваліся на з’ездзе. Падкрэслім, што афіцыйных дадзеных пра вытокі з’явы пад назвай “жоўтая кніга” няма, адзіная крыніца, на якую, у асноўным, і спасылаюцца, — сведчанне непасрэдных удзельнікаў гэтага працэсу. Словы Чэнь Біньі пацвярджаюць перакладчыкі старога пакалення — Гао Ман і Лі Шугуан. Так, Лі Шугуан успамінае: “Пасля сходу ў снежні 1959 года ў атэлі “Сінь Цяо” Чжоў Ян пакінуў некалькі спецыялістаў для абмеркавання пытанняў гуманістычнага складніка і тэорыі чалавечай сутнасці ў творах літаратуры і мастацтва буржуазнага свету, а таксама барацьбы супраць антырэвізіянізму. На сходзе прысутнічалі Чэнь Біньі, Цзян Чуньфан і Фэн Чжы. Неабходна павысіць намаганні па даследаванні развіцця замежнай літаратуры і выданні матэрыялаў для азнаямлення кіраўнікоў краіны з негатыўнымі прыкладамі”. Акрамя гэтага, Аддзел прапаганды ЦК КПК стварыў спецыяльную Групу антырэвізіянісцкай барацьбы ў сферы літаратуры і мастацтва. Падрыхтоўчая работа па стварэнні групы вялася Чжоў Янам і Лінь Моханем, кіраўніком групы стаў Лінь Мохань. Асноўнымі кірункамі дзейнасці групы былі напісанне артыкулаў антырэвізіянісцкага зместу і выданне “жоўтых кніг”. Па ўспамінах іншага сведкі — перакладчыка Цінь Шуньсіня, ці Чжоў Ян, ці Цянь Цзюньжуй сказаў такія словы: “Узровень нашых ведаў пра літаратуру Заходняй Еўропы і Амерыкі можна параўнаць з непрагляднай цемрай, а ў адносінах да літаратуры Савецкага Саюза і Усходняй Еўропы мы дэманструем павярхоўнасць і дылетантства”.

Выданне “жоўтых кніг” можна ўмоўна падзяліць на два этапы. Першы этап — першая палова 60-х гадоў ХХ стагоддзя (да пачатку Культурнай рэвалюцыі 1966—1976 гадоў). Пік актыўнага выдання “жоўтых кніг” у гэты час назіраецца з 1962 па 1965 год. У 1962 годзе выйшла ў свет анталогія “Горкі плён”, менавіта яе большасць даследчыкаў і лічаць першай “жоўтай кнігай”. Анталогія была складзена з 25 твораў (апавяданні, вершы, артыкулы) пісьменнікаў з Савецкага Саюза, Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі і інш. Да культурнай рэвалюцыі ў межах праекта “жоўтая кніга” было выдадзена больш за пяцьдзясят твораў перакладной мастацкай літаратуры, а таксама шэраг зборнікаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. На кітайскай мове з’явіліся “Людзі, гады, жыццё” І. Эрэнбурга, “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” А. Салжаніцына, “Жывыя і мёртвыя” К. Сіманава, “Зорны білет” В. Аксёнава, “Бабін Яр” Я. Еўтушэнка і інш. У асноўным перакладалі творы сучаснай савецкай літаратуры. Пазней пачалі звяртацца да еўрапейскай і амерыканскай літаратур: “У дарозе” Дж. Кэруака, “Лавец у жыце” Дж. Сэлінджэра, “У чаканні Гадо” С. Бекета і інш. Другі этап выдання “жоўтых кніг” храналагічна звязаны з сярэдзінай і канцом Культурнай рэвалюцыі, асноўны ўздым назіраўся з 1971 па 1978 год. “Жоўтыя кнігі” ў гэты перыяд далёка не заўсёды адпавядалі сваёй назве: прызначаныя для ўнутранага карыстання пераклады з замежных літаратур пачалі выходзіць у белых і светла-шэрых вокладках.

Чжан Фушэн, які доўгі час даследаваў “жоўтыя кнігі”, так расказвае пра працэс выбару твораў для перакладу і публікацыі: “Спадар Сунь Шэньу (Сунь Шэньу, кітайскі перакладчык Янкі Купалы, у 60-я гады працаваў намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Жэньмін вэньсюэ чубаньшэ”. — В.К.) нёс поўную адказнасць за гэту катэгорыю кніг. Ён уважліва праглядаў кожны выпуск “Каталога замежнай кніжнай прадукцыі”, затым заказваў тыя з кніг, якія больш за ўсё ўхвалялі ці, наадварот, крытыкавалі. У той час рэдакцыя таксама выпісвала шмат савецкіх літаратурных часопісаў і газет: “Литературная газета”, “Знамя”, Звезда”, “Октябрь”, “Новый мир”, «Наш современник» і інш. Часопісы і газеты раздавалі супрацоўнікам, якія выступалі з прапановамі, канчатковае рашэнне прымаў Сунь Шэньу”. Цікавая сама па сабе і сістэма распаўсюджвання “кніг для ўнутранага карыстання”. “У пачатку 60-х гадоў кожную кнігу выдавалі тыражом недзе ў 900 асобнікаў. Да чытачоў былі самыя высокія патрабаванні: чыноўнікі міністэрскага ўзроўню і вядомыя пісьменнікі. Гэта надавала пэўную “таемнасць”. Па словах Цінь Шуньсіня, які займаўся рэдагаваннем “жоўтых кніг”, у галоўнай рэдакцыі ён аднойчы ўбачыў маленькі сшытак. Пасля выхаду кнігі ў свет апавяшчалі ўсіх з гэтага спісу пра магчымасць набыць дадзенае выданне”.

У гэты час з пазнакай “толькі для ўнутранага карыстання” выходзяць дзве “жоўтыя кнігі” беларускага паходжання: “Трэцяя ракета” В. Быкава (выд. “Цзоцзя чубаньшэ”, 1965) і “Снежныя зімы” І. Шамякіна (выд. “Шанхай жэньмінь чубаньшэ”, 1972—1973). Абедзве кнігі апублікаваны ў перакладзе Лі Лянміня, аўтара кітайскай версіі аповесці Я. Коласа “Дрыгва”. Нягледзячы на тое, што Лі Лянмінь пачынаў з перакладаў дзіцячай літаратуры, у памяці чытачоў ён застаўся “рэвалюцыйным” перакладчыкам. З 1952 года, калі ён зрабіў пераклад рамана Э.Л.Войніч “Авадзень”, Лі Лянмінь выбірае творы пра гераічныя постаці ў сусветнай гісторыі: “Спартак” Р. Джаваньолі, “Белы раб” Хільдрэта, “Качубей” А. Первянцава, а таксама аповесць Я. Коласа пра подзвігі дзеда Талаша “Дрыгва”. Сам Лі Лянмінь так тлумачыць свой выбар: “Галоўныя героі гэтых твораў — пакутнікі, гераічныя асобы, якія сфарміраваліся ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны, народна-вызваленчай і класавай барацьбы. Таму, выбіраючы тэматыку для мастацкіх перакладаў, я кіраваўся прынцыпам “жыццяпіс гераічнай постаці”.

Добра арганізаваная сістэма па перакладзе і выданні твораў замежнай, у першую чаргу савецкай, літаратуры ў Кітаі ў 50—70-я гады ХХ стагоддзя сведчыць пра сталае разуменне кітайскімі кіраўнікамі істотнай ролі дзяржавы ў развіцці культурных працэсаў, а таксама пра іх уплыў на фарміраванне ў краіне дамінуючай ідэалогіі. У пэўнай ступені гэты падыход захаваўся і ў сучаснай дзяржаўнай палітыцы Кітая ў дачыненні да формаў успрымання перакладной замежнай літаратуры.

Вераніка Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?