Дзіцячая служба медыяцыі — якасна новая школьная паслуга запрацуе восенню ва ўстановах адукацыі сталіцы. 148 удзельнікаў (96 сямі- і васьмікласнікаў і 52 настаўнікі) праекта «Вучымся разумець адзін аднаго» атрымалі ўчора пасведчанні медыятараў пасля трох месяцаў заняткаў з практыкуючымі спецыялістамі «Цэнтра медыяцыі і права». Педагогі і школьнікі, узброеныя методыкамі і тэхнікамі навукі прымірэння, — гэта каманда, якая па-новаму глядзіць на праблемы школьнага і сямейнага жыцця і замест вінаватага шукае магчымасць дамовіцца. Звярнуцца да сертыфікаваных спецыялістаў змогуць таксама і бацькі.
Новыя якасці супраць канфліктаў
Медыяцыя — навука, якая дае дадатковы рэсурс, магчымасці і методыкі для разбору спрэчак. Яна дапамагае канфліктуючым дамаўляцца пры дапамозе падрыхтаваных спецыялістаў. І сфера адукацыі — адзін са шматлікіх магчымых кірункаў яе ўжывання, упэўнены спецыялісты.
— Здараецца, разглядаеш праблему дрэнных паводзінаў дзіцяці ў школе, а прычыну знаходзіш у канфлікце бацькоў, якія развяліся тры гады таму і маюць кепскія адносіны, — расказала Таццяна ЯНУШКЕВІЧ, прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Я мару, каб кожны настаўнік, сацыяльны педагог і кіраўнік установы адукацыі валодаў навыкамі медыяцыі — тады ў нас будзе зусім іншы падыход да канфлікталогіі.
На прыкладзе толькі аднаго класа можна акрэсліць некалькі кірункаў, дзе магчымыя праблемы. Гэта супрацьстаянне інтарэсаў дзяцей, настаўнікаў і бацькоў адзін супраць аднаго або паміж сабой. Варыянтаў такіх спалучэнняў, як і прычын для непаразумення, процьма.
— Ад эфектыўнасці ўрэгулявання любой праблемы ў школе ў многім залежыць будучыня ўдзельнікаў канфлікту. Вопытны класны кіраўнік хутка ўбачыць існуючыя ў класе канфлікты, а з улікам тэхналогій медыяцыі яму будзе прасцей і ўрэгуляваць спрэчкі паміж школьнікамі, і лепш дамовіцца з бацькамі, — падтрымала думку Ганна РЫСЕВЕЦ, начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.
Атрыманне ўдзельнікамі пасведчанняў — фінал толькі першага этапу праекта, які праходзіць на 10 школьных пляцоўках сталіцы, а таксама ў педагагічным каледжы. Навучэнцы апошняга, дарэчы, змогуць адразу карыстацца атрыманымі падчас вучобы ведамі ў сваёй працы. У кожную з груп уваходзіла 9 дзяцей, 6 настаўнікаў, практыкуючы медыятар і спецыяліст з сацыяльна-педагагічнага цэнтра (СПЦ) кожнага раёна.
— Авалодванне ведамі прадстаўнікоў СПЦ — добрая практыка, бо гэта людзі, якія працуюць з дабрабытам цэлага раёна. Пасля такой адукацыі ім будзе прасцей працаваць з дзецьмі, якіх забралі з сем'яў, і бачыць, як лепш дапамагчы бацькам і малым аднавіць адносіны і выправіць памылкі, што прывялі да такой бяды, — абазначыла Ганна Рысевец.
Акрамя ўкаранення медыяцыйных тэхналогій у працу кожнага настаўніка, праект пераследуе і асветніцкую мэту — расказаць пра магчымасці і само існаванне медыяцыі як мага большай колькасці людзей праз бацькоўскія сходы, лекцыі са студэнтамі ў педагагічным каледжы, інтэрнэт-рэсурсы.
Гэта працуе!
— Заняткі праходзілі ў форме трэнінгаў. Слухачам давалі тэарэтычную інфармацыю, якую яны адпрацоўвалі на практыцы. Кожны з удзельнікаў казаў уступнае слова, пасля чаго ў ролях прайгравалася канфліктная сітуацыя, спецыяльна распрацаваная да заняткаў, — расказала медыятар Ірына АРЛОЎСКАЯ, намеснік дырэктара ВПУ «Цэнтр «Медыяцыя і права». — 12 спецыялістаў нашага цэнтра спецыяльна займаліся разам з настаўнікамі і вучнямі, каб яны адчулі сябе камандай.
Школьнікі, занятыя ў праекце, ужо правялі некалькі медыяцый па сапраўдных канфліктах з удзелам сваіх таварышаў. Дзяўчынка наступіла аднакласніцы на нагу. Яны пасварыліся настолькі моцна, што пачалі распаўсюджваць плёткі адна пра адну. Прагаварыўшы сітуацыю разам з вучнямі-медыятарамі, школьніца змагла ўпэўніць пацярпелую таварышку, што наступіла на нагу не спецыяльна, хоць тая і думала інакш. У выніку дзяўчаты сталі сяброўкамі, хоць да інцыдэнту асаблівых стасункаў не мелі.
Хлопцы намалявалі на дзіцячай пляцоўцы нецэнзурныя словы ў адрас дзяўчат. Тыя ўбачылі гэта і паскардзіліся бацькам. Пачаліся разборы і скаргі. Да спрэчкі далучыліся вучні-медыятары і правялі размову паміж варожымі бакамі з прысутнасцю бацькоў школьнікаў. У выніку хлопцы папрасілі прабачэння за свой учынак і прыбралі свае надпісы.
Каманды, узброеныя ведамі
Да 1 кастрычніка ў школах — удзельніцах праекта плануецца арганізаваць «Школьныя службы медыяцыі». Да гэтага часу настаўнікам трэба падрыхтаваць месцы для іх дыслакацыі, распрацаваць адпаведныя дакументы і распаўсюдзіць інфармацыю пра новыя школьныя магчымасці. Акрамя таго, неабходна распрацаваць механізм, як у службу будуць трапляць звесткі пра існаванне канфлікту і неабходнасць дапамогі. Магчыма, будуць устанаўліваць спецыяльныя скрыні для зваротаў або дэлегаваць паўнамоцтвы накіроўваць спрачальнікаў да медыятараў сацыяльнаму педагогу, класнаму кіраўніку, атрымліваць ананімныя падказкі пра наяўнасць праблемы. Рэалізацыя гэтых задач і стане другім этапам праекта.
— Рэальныя канфлікты спачатку будуць разбірацца дзецьмі і настаўнікамі, якія атрымалі сертыфікаты, з дапамогай практыкуючага медыятара з цэнтра. Школьныя спрэчкі і праблемы бацькоўскага жыцця непарыўна звязаны, і мы будзем ісці праз цяжкасці і набіваць гузакі, калі пачнём разгляд канкрэтных сітуацый, — выказалася Таццяна Янушкевіч. — У выніку працэдуры можна не дасягнуць медыяцыйнага пагаднення. Аднак нават у гэтым выпадку, калі спрэчка перадаецца ў суд, людзі ўсё роўна паводзяць сябе больш адэкватна, разумеюць, чаго хочуць, паляпшаецца стаўленне да ўласных дзяцей, так што плён ад такой працы відавочны.
Непасрэдная работа службы медыяцыі ў школах стане трэцім этапам праекта. У далейшым такі вопыт плануецца распаўсюдзіць на ўвесь горад.
Ірына СІДАРОК
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».