Вы тут

Усе колеры дзяцінства


«Вясёлка» святкуе юбілей


У красавіку 2017 года спаўняецца 60 гадоў славутаму дзіцячаму часопісу «Вясёлка». Сённяшні тыраж аўтарытэтнага дзіцячага выдання сведчыць: яго чытаюць ва ўсіх кутках Беларусі. І ў гарадскіх, і ў сельскіх школах можна знайсці дзетак, якія штомесяц гартаюць свой родны часопіс. На працягу болей як паўстагоддзя галоўнымі рэдактарамі часопіса «Вясёлка» працавалі паэты Васіль Вітка, Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў, супрацоўнікамі — пісьменікі Алесь Пальчэўскі, Сяргей Грахоўскі, Мікола Чарняўскі, Мікола Маляўка, Алена Масла і шмат хто яшчэ. Аўтар першай вокладкі — народны мастак Беларусі Раіса Кудрэвіч. Слаўная гісторыя любімага беларускімі дзецьмі выдання прадаўжаецца. З пытаннем пра тое, як збіраюцца адзначыць юбілей «вясёлкаўцы», мы звярнуліся да яе сённяшняга галоўнага рэдактара — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага (дарэчы, на гэтай пасадзе ён з 1978 года), і вось што пачулі ў адказ:

— Правядзём усебеларускае юбілейнае свята дзяцей. Яно пройдзе 20 красавіка. Праграма будзе досыць насычанай. Мы актыўна рыхтуемся. І не толькі дзеля таго, каб прадставіць часопіс. А з мэтай пагаварыць пра праблемы і клопаты дзіцячай літаратурна-мастацкай перыёдыкі, пра дзіцячае чытанне, пра выхаванне падрастаючага пакалення. Да гэтай даты і адпаведна да згаданага свята павінны ўбачыць свет дзве кнігі — зборнік выбраных твораў «Вясёлка» (гэта значыць тое самае лепшае, самае цікавае, што надрукавана ў розныя гады ў часопісе) і мая казка-аповесць «Дабрадзей для ўсіх дзяцей» (у якой я распавядаю пра правы, абавязкі і пра Радзіму Беларусь). Спадзяюся, што Белтэлерадыёкампанія падрыхтуе фільм пра гісторыю, творчую працу «Вясёлкі». Нам ёсць што расказаць, ды, пэўна, і ў кінадакументальным, тэлевізійным архіве шмат што знойдзецца. Удзячны многім перыядычным выданням, якія адгукнуліся і адгукаюцца на наш юбілей.

— Уладзімір Сцяпанавіч, а чаму б не зладзіць адмысловую навуковапрактычную канферэнцыю па гісторыі часопіса?..

— Ідэя прымальная. І ў нас, дарэчы, такая задумка ёсць. Але ж, безумоўна, мы не адужаем усё адны. Добра было б, каб да рэалізацыі гэтай ідэі падключыліся ці Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ці Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Юбілей жа будзе доўжыцца цэлы год. Шмат хто з навукоўцаў досыць уважлівы да старонак часопіса. Адна толькі літаратуразнаўца Ірына Буторына напісала некалькі прац на гэтую тэму. Выдала кнігу, прысвечаную «Вясёлцы». І зараз у педагагічным універсітэце Ірына Буторына дасведчана і аргументавана спрыяе прапагандзе здабыткаў і нашага дзіцячага выдання, і сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры ўвогуле.

— А мо яшчэ ў школах краіны правесці ўрок па часопісе «Вясёлка»?..

— Фактычна нешта падобнае даўно робіцца нашым невялікім калектывам, з ініцыятывы нашых пазаштатных аўтараў. Толькі летась я асабіста пабываў у дзясятках школ гарадоў і вёсак краіны. Аб’ехаў усе вобласці краіны. Паверце, «вясёлкаўцы» самі ідуць да чытача, не шкадуюць ні сіл, ні часу. Жывы кантакт, жывыя стасункі шмат значаць… Дзеці бачаць, хто стаіць за напісаным. Мо таму і такая папулярнасць у часопіса, мо таму многія нашы ідэі падаюць на ўрадлівую глебу. Да ўсяго заўважу, што мы актыўна кантактуем з бацькамі, прыслухоўваемся да парад па рэалізацыі розных пазнавальных праектаў. Таму і сябруем з тэатрамі, музеямі, універсітэтамі, рознымі аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі.

— Што ж, добрага юбілею і новых чытачоў «Вясёлцы»!

— А яшчэ і часопісу «Буся» пажадайце новых чытачоў… «Буся» — часопіс для тых, хто яшчэ не «дарос» да «Вясёлкі». Мы вельмі апякуемся гэтым сваім новым выданнем. Хацелася б, каб грамадства, інстытуты ўлады на розных узроўнях звярнулі ўвагу на нашу «Бусю», на той унікальны прыклад, калі і сам часопіс «Вясёлка» не просіць датацыйных сродкаў, і яшчэ адно выданне на свае плечы ўсклаў.

— Так, Уладзімір Сцяпанавіч, і «Бусі» таксама жадаю новых чытачоў!

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».