Вы тут

Пажылыя ў дзеянні


У чатырох абласцях краіны пажылыя аб'ядноўваюцца, становяцца валанцёрамі і дапамагаюць адно аднаму ў паўсядзённых справах.

Ініцыятыўныя групы сама- і ўзаемадапамогі ствараюцца ў межах сумеснай работы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Вось ужо дзесяць гадоў Швейцарскі Чырвоны Крыж падтрымлівае пажылых, у тым ліку фінансава, у межах сваіх праграм па доглядзе дома і актыўным старэнні.


А летась было праведзена даследаванне ў Беларусі, Босніі і Герцагавіне, Балгарыі для ацэнкі вопыту работы з актыўным удзелам пажылых. Даследчыкі наведалі ўсе чатыры вобласці, дзе працуюць ініцыятыўныя групы, і высветлілі, што пажылыя пашырылі колькасць сваіх знаёмых, пачалі адчуваць сваю значнасць праз дапамогу тым, каму неабходна вырашыць самыя простыя пытанні, напрыклад выйсці з дому або проста абмяняцца навінамі, урэшце з'явілася месца, дзе можна сустракацца і абмяркоўваць, каму і як дапамагаць. У аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна, напрыклад, ініцыятыўная група атрымала дазвол на продаж сувеніраў ручной работы і атрыманне даходаў ад продажу гародніны і фруктаў, вырашчаных на ўласным падворку, а ў Сянне з'явілася спартыўная пляцоўка ў мясцовым парку. У Ваўкавыску на Гродзеншчыне знізілі цэны на паслугі рамонту адзення і абутку для ўразлівых катэгорый кліентаў, а ў Лідзе пачало стварацца безбар'ернае асяроддзе каля ўстаноў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі...

— Пажылыя людзі — гэта велізарны рэсурс ведаў і вопыту, і радуе тое, што яны атрымалі магчымасць выкарыстоўваць свой патэнцыял для ўласнага развіцця і дапамогі іншым, — падкрэслівае краінавы каардынатар Швейцарскага Чырвонага Крыжа для Беларусі Таццяна ГАПЛІЧНІК. — Пажылыя лічацца асабліва ўразлівымі да беднасці і сацыяльнага «выключэння». Ім неабходна падтрымка, але якая? Работа з удзелам пажылых у згуртаваннях дазваляе змяніць характар дзейнасці з «рабіць штосьці для пажылых» на «даць магчымасць пажылым дзейнічаць самім». Гэта эфектыўна вырашае праблему сацыяльнай ізаляцыі, з якой часта сутыкаюцца людзі сталага веку.

53 ініцыятыўныя групы працуюць у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Звычайна кожная з іх пачынала з таго, што вызначала агульныя інтарэсы, далей — дапамагала таму, хто не ўваходзіць у групу, і паступова прасоўвала інтарэсы сваёй групы для паляпшэння ўмоў жыцця ў сваёй мясцовасці.

— Удзел у ініцыятыўных групах вяртае пажылым сэнс жыцця, — кажа эксперт, аўтар даследавання Раіса СІНЕЛЬНІКАВА. — Яны дапамагаюць падапечным з прыборкай, дастаўляюць прадукты, дровы, апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі, суправаджаюць у паліклініку дый проста падтрымліваюць добрыя стасункі. Як толькі людзі навучаюцца дапамагаць самім сабе, многія пачынаюць займацца з дзецьмі-інвалідамі, дапамагаць у бальніцах і аддзяленнях сястрынскага догляду. Нехта ў сваім аграгарадку дабіўся рамонту калодзежа, а ў Дуброўне некаторыя магазіны павялічылі шрыфт на цэнніках, каб цэны лягчэй было разгледзець. Перанос прыпынку, перапланіроўка міні-рынку, афармленне зніжак на рамонт абутку і паслугі цырульні, адкрыццё спартыўных і камп'ютарных класаў для сталых людзей — усё гэта адбывалася па ініцыятыве пажылых. У ідэале практычны вопыт павінен дапамагчы ператварыцца з валанцёраў у сацыяльных арганізатараў, якія ўзаемадзейнічаюць з мясцовай уладай і ўплываюць на прыняцце рашэнняў. На жаль, у нас пакуль такіх арганізатараў фактычна няма. Апытанні ў межах даследавання паказалі, што яны не адчуваюць «актыўнага прыслухоўвання ўлады» да патрэб пажылых.

Хуткае пасталенне насельніцтва — пытанне нумар адзін для сацыяльна-эканамічнай палітыкі ХХІ стагоддзя. Ёсць праблема ў тым, што ніякіх сродкаў не хопіць, каб забяспечыць патрэбы кожнага сталага чалавека. Велізарную нагрузку не вытрымае ніводная сістэма сацыяльнай абароны. Непамерна вырастуць у найбліжэйшы час і расходы на ахову здароўя. Таму на міжнародным узроўні (ААН, СААЗ, Сусветны банк) стаўка робіцца на новыя магчымасці. Пажылыя ўжо не разглядаюцца ў якасці пацыентаў, якім трэба толькі штосьці даваць, сёння гэта рэсурс і для сям'і, і для грамадства — тыя, хто можа многае зрабіць, трэба толькі крыху падштурхнуць, падтрымаць. З пасіўных атрымальнікаў дапамогі сталыя людзі павінны стаць актыўнымі дзеячамі! Усе, хто сумуе на пенсіі, могуць далучацца да ўжо адкрытых ініцыятыўных груп або ствараць новыя. Кірунак гэта правільны і перспектыўны. Бо не сакрэт, што Беларусь адносіцца да краін з насельніцтвам, якое хутка старэе. 25 працэнтаў беларусаў — старэйшыя за працаздольны ўзрост (у 2010-м было 22,5 працэнта, у 2005-м — 21,4). Каля 15 працэнтаў нашых грамадзян — старэйшыя за 65 гадоў. Фактычна кожны трэці пажылы — адзінокі або пражывае адзін.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.