Вы тут

Сёлета на паляпшэнне мясцовых дарог накіруюць каля 120 млн рублёў


Сёлета з рэспубліканскага фонду і рэгіянальных бюджэтаў на паляпшэнне мясцовых дарог накіруюць каля 120 млн рублёў.

У першай дэкадзе красавіка кіраўнік дзяржавы ўзняў пытанне якасці і рамонту магістраляў раённага маштабу і сельскіх дарог. Работы плануюцца грунтоўныя, бо ступень зносу палатна вялікая.


Сапраўды наша краіна мае дастаткова развітую сетку аўтамабільных дарог агульнага карыстання. Іх працягласць складае 71 тысячу кіламетраў. Мясцовыя дарогі ў Беларусі звязваюць паміж сабой 23 тысячы населеных пунктаў, у тым ліку 199 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, каля 1,4 тысячы аграгарадкоў, 21,8 тысячы вёсак і сельскіх населеных пунктаў. Нельга не ўлічваць пад'езды да прамысловых, сельскагаспадарчых аб'ектаў. Зразумела, усе гэтыя дарогі час ад часу патрабуюць рамонту, ад элементарнага ямачнага да капітальнага.

Дарэчы, шчыльнасць дарожнай сеткі ў Беларусі самая высокая сярод краін СНД. У свеце пакуль па гэтым паказчыку лідзіруюць Бельгія, Нідэрланды і Германія. А ў нас ёсць два трансеўрапейскія калідоры, Захад — Усход і Поўнач — Поўдзень, якія звязваюць Расію і Еўрасаюз, Фінляндыю, Літву, Малдову, Румынію, Балгарыю і г. д. Сёння мы не проста транзітная дзяржава, а з нядаўняга часу яшчэ і важнае звяно праекта новага Шаўковага шляху.

Так адбылося, што апошнім часам удзяляецца вялікая ўвага развіццю сеткі рэспубліканскіх аўтамагістраляў краіны, а пытанні мясцовых дарог адышлі на другі план. Гэта прывяло да з'яўлення справядлівых нараканняў з боку насельніцтва на стан дарожнай сеткі ў рэгіёнах. Па розных ацэнках, ад шасці да дзесяці тысяч кіламетраў дарог патрабуюць неадкладнага рамонту. Міністэрства транспарту падлічыла, што кожны 8-ы кіламетр мясцовых дарог знаходзіцца ў дрэнным стане, а калі пакрыццё не аднаўляць своечасова, то выдаткі на рамонт ўзрастуць у 2,5—3 разы. Спецыялісты адзначаюць, што каля 80% такіх трас выкарыстоўваюцца з пратэрмінаванымі рамонтнымі тэрмінамі. Амаль палова з іх капітальна не рамантавалася на працягу 20—30 гадоў. Менавіта ім дарожнікі ўдзяляюць увагу ў найбліжэйшы час.

У многіх краінах асноўная крыніца дарожных фондаў менавіта падатак. А вось сама тэхналогія збору можа быць рознай. Да прыкладу, з продажу аўтамабільнага паліва. У Беларусі з 2014 года спаганяецца дзяржаўная пошліна на транспарт.

Цяпер размеркаванне гэтай пошліны робіцца па такім сцэнарыі: 61% накіроўваецца ў рэспубліканскі бюджэт, а 39% — у мясцовыя. Падобную формулу з наступнага года збіраюцца абнавіць і палову грошай пакідаць на развіццё рэгіянальных дарог. Дзяржаўную праграму плануюць дапоўніць пунктамі аб мясцовых дарогах. А ў хуткім часе з'явіцца дакладны пералік трас, якія патрабуюць рамонту. Тыпавыя праекты ўжо распрацаваны, рашэнне будзе прымацца пасля тэхналагічнай экспертызы, якая вызначыць, дзе і якое пакрыццё мэтазгодна выкарыстоўваць.

У Міністэрстве фінансаў нават падлічылі, што на капітальны рамонт і прывядзенне ў парадак мясцовых аўтамабільных дарог у перыяд з 2017 па 2020 год будзе накіравана каля 900 млн рублёў. Гэта будуць сродкі рэспубліканскага дарожнага фонду і мясцовых бюджэтаў. Лічыцца, што ўжо сёлета на паляпшэнне мясцовых дарог накіруюць каля 120 млн рублёў за кошт названых крыніц. Фінансісты ўпэўнены, што крыху менш за палову неабходнай сумы — каля 40% — складуць сродкі ад дзяржпошліны.

І яшчэ. Адна справа назбіраць грошы з аўтаўладальнікаў і ўзяць з бюджэту, а другая — правільна іх выкарыстаць. Таму Прэзідэнт даручыў пралічыць аб'ектыўную цану кожнага квадратнага метра. І на выдзеленыя сродкі за кошт беражлівага і гаспадарчага падыходу аднавіць да 7 тысяч кіламетраў палатна. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што тэхналогій у нас для выканання гэтай задачы дастаткова. Спецыялістам даецца тры-чатыры гады, каб не проста адшукаць нейкія сродкі, а дакладна вызначыцца і прывесці ў нармальны стан дарогі за тыя грошы, якія будуць выдаткаваны.

У тэму

Вольга Палітыка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі:

— У наступныя гады краіне неабходна прафінансаваць аднаўленне тых дарог, якія знаходзяцца ў найбольш крытычным стане. Абласныя дарожныя арганізацыі ўсю неабходную інфармацыю па гэтай тэме падрыхтавалі і накіравалі Прэзідэнту краіны. Таму сёння існуе пералік дарог, якія неабходна адрамантаваць у першую чаргу. Экспертамі цяпер распрацоўваецца механізм фінансавання такога рашэння.

Прадугледжана, што інвестыцыі ў развіццё мясцовых дарог могуць паступаць і за кошт сродкаў ад збору дзяржаўнай пошліны, якая спаганяецца за допуск аўтатранспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. На гэтыя мэты таксама будуць накіраваны грошы ад крэдыту банка «Развіццё» і, магчыма, сродкі, якія застануцца сёлета ў інвестыцыйным фондзе. Дакладны алгарытм фінансавання будучых работ па мясцовых дарогах сёння распрацоўваецца ў Мінтрансе. Наша задача як дэпутатаў скрупулёзна прапісаць у праекце бюджэту на наступны год механізм размеркавання сродкаў дарожнага фонду. Вядома, што дзяржпошліна спачатку паступае ў дарожны фонд, пасля чаго размяркоўваецца па мясцовых бюджэтах абласцей і ў рэспубліканскую казну.

Я з'яўляюся прадстаўніком Баранавіцкай акругі. Баранавічы лічацца горадам абласнога падпарадкавання, але ў нас ёсць вуліцы, якія з'яўляюцца працягам мясцовых і рэспубліканскіх дарог ужо на тэрыторыі населенага пункта. Мне здаецца вельмі важным, каб, завастрыўшы ўвагу на стане мясцовых дарог, мы не забыліся пра такія вуліцы. Гэта праблема актуальная для ўсіх гарадоў абласнога падпарадкавання.

А сёлета дарогі Баранавічаў патрабуюць сур'ёзнага рамонту, бо гэта звязана з павелічэннем інтэнсіўнасці аўтамабільнага руху і росту колькасці машын у насельніцтва. Больш за тое, вакол Баранавічаў не існуе кальцавой дарогі, а велікагрузныя аўтамабілі рухаюцца часткова і па гарадскіх вуліцах, што істотна псуе дарожнае пакрыццё.

Галіна ФІЛІПОВІЧ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце:

— Як дэпутат ад Гомельскай вобласці заўважу, што і ў нашым рэгіёне хапае не вельмі якасных мясцовых дарог. Пасля правядзення адпаведнай нарады ў Прэзідэнта гэта пытанне было разгледжана кіраўніцтвам вобласці. Тады губернатарам рэгіёна было прынята рашэнне не хапацца за рамонт адразу ўсіх «слабых» дарог, а займацца вырашэннем гэтай праблемы па чарзе. Плануецца наводзіць парадак у сетцы мясцовых дарог у 2—3 раёнах вобласці штогод.

Мясцовыя ўлады раёнаў Гомельшчыны такі падыход падтрымалі і вельмі спадзяюцца на рашэнне Прэзідэнта краіны аб дадатковым фінансаванні структуры згаданых дарог.

Мікіта БЫЧКОЎ, аматар вандровак:

— Мне як турысту, які шмат падарожнічае па Беларусі, скардзіцца асабліва няма на што. Дарожнае пакрыццё ў нашай краіне, як правіла, вельмі якаснае. У прыватнасці, гэта датычыцца тых трас, што вядуць да самых цікавых гарадоў і галоўных славутасцяў Беларусі. Даехаць да любога абласнога горада ці, напрыклад, Нарачы, іншых найбольш папулярных мясцін не з'яўляецца праблемай. Галоўнае, на што я звярнуў бы ўвагу, — невялікая колькасць указальнікаў на лацініцы. Думаю, самастойным турыстам з Заходняй Еўропы будзе вельмі цяжка сарыентавацца ў нашай краіне. Яшчэ адзін момант датычыцца прыдарожнага сэрвісу: калі на Захадзе знайсці месца для перакусу ці банальную прыбіральню не праблема, то ў нас, звярнуўшы з трасы М1, часам можна праехаць 40—50 кіламетраў і не сустрэць ніводнай запраўкі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Артэрыі дзяржаўнага значэння

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.