Вы тут

Як разіваюцца тэрыторыі вакол Мінскага мора


У жыхароў сталіцы і навакольных вёсак вялікай папулярнасцю карыстаецца адпачынак на Заслаўскім вадасховішчы, або, як яго любоўна называюць у народзе, на Мінскім моры. За савецкім часам тут было пабудавана нямала спартыўных баз, аздараўленчых лагераў, пансіянатаў, санаторыяў. Ды з цягам часу яны прыходзілі ў непрыгоднасць, пуставалі. А некаторыя арганізацыі ўвогуле імкнуліся ад іх пазбавіцца, паколькі яны прыносілі страты. Цяпер за прывядзенне аб'ектаў у належны выгляд узяліся абласная і раённая ўлады. Распрацавана цэлая канцэпцыя развіцця тэрыторый вакол вадасховішча. У найбліжэйшай перспектыве тут будзе наведзены парадак. Наш карэспандэнт пабывала на берагах «мора», каб на свае вочы пабачыць зрухі ў гэтым кірунку.


Яшчэ два гады таму на месцы, дзе запланавана рэканструкцыя спартыўнага аздараўленчага комплексу міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО», панавала цішыня. Як кажуць, ні машын, ні людзей. Цяпер жа зрухі відавочныя.

— Спартыўна-аздараўленчы комплекс знаходзіцца ў аператыўным упраўленні ўніверсітэта, яго ўласнік — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, — праводзіць экскурсію першы намеснік прарэктара «МІТСО» Аляксандр Лашчынскі. — Аб'ект будуецца ў дзве чаргі. Паводле планаў, першая будзе здадзена сёлета. Корпус разлічаны на 52 спальныя месцы, а кафэ на 25 чалавек. Ужо падведзены газ, вада, электрычнасць, засталіся толькі пусканаладачныя работы. Аб'ект абсалютна аўтаномны: ёсць уласная электрападстанцыя.

Другая чарга — непасрэдна добраўпарадкаванне тэрыторыі, уладкаванне пляцовак для гульні ў валейбол і баскетбол, прычалу. І будзе ўсё гэта ўведзена ў дзеянне да 2020 года.

— А чаму не раней? — пацікавілася ў Аляксандра Аляксеевіча.

— Прычына ў бюракратычных працэдурах. На тэрыторыі комплексу ёсць яшчэ і старыя аб'екты, якія неабходна зносіць. Шмат часу адбірае падрыхтоўка і зацвярджэнне праектна-каштарыснай дакументацыі. А мы не можам даваць неабгрунтаваных абяцанняў. Калі ставім задачы, то павінны іх выканаць у азначаны тэрмін.

Як запэўніў мой суразмоўнік, тут будуць створаны камфортныя ўмовы для адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў. Будзе і выбар з пражываннем: акрамя асноўнага корпуса, людзі змогуць спыніцца і ў невялікіх летніх доміках.

...Рэстаран «Заслаўе» пабудаваны ў 1976 годзе. Раней сюды немагчыма было трапіць. Але з цягам часу ўстанова стала нерэнтабельнай і яе закрылі. Так і пуставаў некалькі гадоў будынак, пакуль яго з аўкцыёна не набыло сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Міруар».

— Замест рэстарана тут з'віцца шматфункцыянальны комплекс: СПА-атэль, басейн, пункт грамадскага харчавання, — тлумачыць дырэктар таварыства Георгій Савіцкі.— Увесці ў дзеянне комплекс плануецца праз два гады. Ужо атрымалі заключэнне на знос старога будынка. У далейшым будзе праведзены тэндар па выбары падраднай арганізацыі. Будаўніцтва, па папярэдніх разліках, абыдзецца прыкладна ў 7 млн еўра. Інвестар — замежная кампанія.

На базе адпачынку «Парус» мяне сустрэлі вартаўнікі — два вялікія сабакі. Следам выйшаў Вячаслаў Дварэцкі, камендант.

— Раней база належала дарожнаму ўпраўленню «Белаўтастрада», якую затым расфарміравалі, а будынкі перадалі Аўтадарцэнтру. У сувязі з тым, што база не эксплуатуецца, яе выставілі на аўкцыён, — адзначыў Вячаслаў Казіміравіч.

Разам з тым відаць, што тут падтрымліваюць парадак і чысціню, — домікі пафарбаваныя, газоны дагледжаныя...

На месцы, дзе ў хуткім часе паўстане аграэкатурыстычны аб'ект, кіпіць работа, працуюць людзі, тэхніка. Калісьці тут месціўся закінуты будынак Дома рыбака. Сюды прыязджалі шматлікія аматары рыбнай лоўлі, спыняліся спартсмены падчас летніх збораў. Але драўляная канструкцыя гніла, рушылася. Новы ўласнік яе знёс, пакінуў толькі частку фундамента. Тут ужо выраслі два корпусы гасцініцы: адпаведна на 8 і 4 камфартабельныя сямейныя нумары. Людзі змогуць парыбачыць, адпачыць на прыродзе, пакаштаваць экалагічна чыстыя прадукты. На тэрыторыі плануецца разбіць агарод, дзе будуць вырошчвацца агародніна, лекавыя травы. Яны будуць выкарыстоўвацца для складання розных кампазіцый гарбаты. Дзеці змогуць азнаёміцца з культурай земляробства.

— Аб'ект належыць закрытаму акцыянернаму таварыству «Белцяжмаш», — канстатуе дырэктар вытворчага аб'яднання «Рэканструкцыя» Сяргей Несцераў. — Менавіта наша арганізацыя з'яўляецца генеральным падрадчыкам. У чэрвені гэтага года тут плануецца завяршыць усе работы, а першага верасня прыняць наведвальнікаў.

У тэму

Вадзім Нікалаенка, намеснік старшыні Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама:

— Тэрыторыя, што прылягае да Заслаўскага вадасховішча, мае асобы статус. Яна заўсёды разглядалася як рэакрэацыйна-ландшафтная зона, прызначаная для адпачынку гараджан, жыхароў навакольных населеных пунктаў. На аснове праектаў развіцця тэрыторый Мінскага раёна і сталічнай вобласці распрацаваны генеральны план развіцця тэрыторый вакол Заслаўскага вадасховішча. Вызначана 17 аб'ектаў, над якімі неабходна папрацаваць, у тым ліку і ў сувязі з іх функцыянальным прызначэннем. Папярэдне праводзіліся нарады з уласнікамі. У выніку ўлады прынялі адпаведныя рашэнні. І цяпер ідзе іх паэтапная рэалізацыя. Мяркую, праз два-тры гады тут з'явяцца аб'екты самага высокага ўзроўню.

Алена Чабатарэнка, начальнік упраўлення па распараджэнні маёмасцю Мінскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці:

— Сёлета ў Мінскай вобласці плануецца прыцягнуць у эксплуатацыю больш як 300 аб'ектаў. Для кожнага з іх вызначаны канкрэтны спосаб: арэнда, продаж, перадача іншай арганізацыі. Некаторыя з іх не падлягаюць далейшаму выкарыстанню, а ў іншых выпадках не знайшлося прымальных шляхоў рашэння праблемы. Таму дзяржава іх кансервуе, каб у далейшым знайсці добрасумленнага ўласніка, які навёў бы тут парадак.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вакол Мінскага мора...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.