Вы тут

Парады будучым журналістам


Мы ўжо гаварылі пра тое, што для многіх нашых юных і маладых няштатных (а бывае, што і штатных) аўтараў даволі вялікай праблемай з'яўляецца выбар тэмы будучай публікацыі. Але бывае і так, што пачатковец або малады спецыяліст бліскуча спраўляецца з гэтай задачай, знаходзіць цікавага суразмоўцу, з творчым падыходам падае матэрыял, але агульнае станоўчае ўражанне крыху псуе адсутнасць у ім добрага загалоўка ці (калі трэба) падзагалоўкаў. Канешне, школьнік можа сказаць, што яго гэтаму навучаць пазней ва ўніверсітэце, і ў нечым будзе мець рацыю. Ды і рэдактары ў газеце, вядома, падправяць, дадумаюць патрэбнае за самога аўтара. З іншага боку, як мы ўжо неаднойчы падкрэслівалі, журналісцкі матэрыял — гэта не школьнае сачыненне, да такой «пробы пяра» прад'яўляюцца трохі іншыя патрабаванні. А вы ж марыце стаць калегамі па цэху, хочаце паступіць на журфак, так? Значыць, самы час павучыцца прыдумваць загалоўкі. Потым як знойдзеце, будзе чым здзівіць аднакурснікаў.


Насамрэч загаловак — адна з вельмі важных частак матэрыялу, яго «імя», недаацэньваць якое нельга. Можна напісаць цудоўную публікацыю, але чытач папросту не заўважыць яе ў газеце, калі яго не «зачапіць», не прыцягнуць увагу. Памятаеце: якое імя вы яхце дасце, так яна і паплыве? Сваім загалоўкам вы як бы рэкламуеце ўвесь далейшы матэрыял, прымушаеце чытача не адрывацца ад тэксту. Адпаведна, ён не павінен быць «прэсным», агульным. Тое ж датычыцца і падзагалоўкаў — маленькіх загалоўкаў з тымі ж, што і ў асноўнага загалоўка, задачамі: інфармаваць і адначасова інтрыгаваць чытача. Загалоўкі і падзагалоўкі працуюць у адным тандэме, дапаўняючы адзін аднаго. («Ідэальны хмарачос», або Як разбіць агарод у цэнтры сталіцы».) На агульную справу скіравана і рубрыка. Гэта, умоўна кажучы, загаловак раздзела ці тэмы. Рубрыка звычайна карацейшая за загаловак і носіць больш шырокі характар, напрыклад, «Ідэі маладых». Можна дадаць крышачку экспрэсіі: «Хачу на журфак!»

Як прыдумаць крэатыўны загаловак? Мабыць, большасць аўтараў ідуць па такім шляху: напачатку трэба некалькімі словамі, адным невялікім сказам пераказаць сутнасць таго, што вы напісалі ў сваім матэрыяле. Напрыклад, «гэта аповед пра цікавага творцу» ці «размова з таленавітым навукоўцам». Цудоўна, вы на правільным шляху, але зрабілі пакуль толькі першы крок. Творца — паняцце шырокае. Гэта і мастак, і паэт, і харэограф, і музыка. Гэтак жа як і сярод навукоўцаў могуць быць і хімікі, і аграномы, і ветэрынары. А калі размова пра фізіка? («Маркер» для лейкацытаў, ці Навошта фізіку паяльнік».) Стала цікава, што гэта за маркер і навошта той паяльнік? З агульнага загалоўка не вынікае, пра каго менавіта вы пішаце. Значыць трэба знайсці словы, якія будуць характэрныя толькі для гэтай прафесіі, спецыяльнасці ці занятку чалавека. («Асвоіць дуду можа амаль кожны».) Калі ўжыць слова «гліна», імаверна, што гаворка ідзе пра ганчара, рамесніка, праўда? А вось у слова «батман» больш тлумачэнняў. Калі вы пішаце пра балет, пажадана ў загалоўку ці падзагалоўку крыху расшыфраваць тэму, умоўна кажучы, словамі «пачка», «пуанты». Калі «батман» узяты з фехтавання, паспрабуйце ў кантэксце дадаць да яго словы «праціўнік» ці «клінок». Карацей кажучы, шукайце тэгі — ключавыя словы, з якіх потым і выбудоўвайце сваю канструкцыю загалоўка.

Калі вы прыдумваеце загалоўкі, іх памеры трэба суадносіць з аб'ёмам гатовага тэксту. Матэрыялу на старонку-другую патрэбна «імя» з двух-трох слоў («Бярозка» перамен не баіцца!»). І падзагалоўкі ў такім выпадку не абавязковыя. Большы па аб'ёме матэрыял вымагае як агульнага падзагалоўка, так і падзагалоўкаў па ўсім тэксце («Вучыўся на бюджэце? Вяртай даўгі! Што выпускнікам трэба ведаць пра размеркаванне», далейшыя падзагалоўкі: «Каго размяркуюць абавязкова?», «Куды можна размеркавацца? і г. д.).

Чаго не раю рабіць, дык гэта на месцы загалоўка першай справай пісаць слова «загаловак». Маўляў, потым прыдумаю. «Класіка жанру» — калі матэрыял па недаглядзе выходзіў у газеце з тым самым «загалоўкам».

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Якое даём «імя»?

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.