Вы тут

Цікавінкі родных мясцін пакажуць бясплатна


У гэтыя выхадныя пройдзе ўжо традыцыйны, 8-ы Фэст экскурсаводаў, дзе кожны ахвотны можа абсалютна бясплатна наведаць экскурсію па сваім родным горадзе ці нават мястэчку, вёсцы. Але работа Фэсту пачынаецца значна раней — ужо сёння некаторыя цікавыя вандроўкі чакаюць жыхароў сталіцы.


Поўны спіс экскурсій — месцы правядзення і час пачатку — можна адшукаць на сайце fest-guіdes.by. Там жа будзе праходзіць абавязковая электронная рэгістрацыя на выбраную экскурсію. Дарэчы, для тых, хто не мае ўласнага камп'ютара ці не надта добра валодае ім, створана тэлефонная лінія: (8017) 395 83 79 і (8044) 724 20 50. Патэлефанаваўшы на адзін з гэтых нумароў у сераду, чацвер ці пятніцу з 10 да 16 гадзін, можна запісацца на экскурсію.

— Не толькі выхадныя будуць напоўнены цікавай экскурсійнай праграмай. Фэст выходзіць за межы двух дзён, — адзначае каардынатар Фэсту экскурсаводаў Валянціна Кароткіна. — Гэта дазволіць і ў іншыя дні, у тым ліку тым, хто ў выхадныя пакіне родны горад, патрапіць на экскурсіі і даведацца нешта цікавае. Сёлета мы вызначылі ключавыя кірункі работы Фэсту. Па-першае, гэта павінна быць аўтарская экскурсія — распрацаваная, можа быць, не для гэтага мерапрыемства, але з нейкай адметнай ідэяй, думкай (дарэчы, у Фэсце ўдзельнічаюць не толькі экскурсаводы — на ім можна пачуць і гісторыкаў, археолагаў, музейшчыкаў). Па-другое, экскурсанты змогуць скласці свой маршрут. Бо хочацца, каб людзі болей цікавіліся сваёй малой радзімай. Мэта Фэсту — зацікавіць мінакоў тымі мясцінамі, якімі яны ходзяць штодня. Мы апублікуем поўны спіс усіх экскурсій. Па Мінску іх будзе болей за 80.

Сёлета да свята ўпершыню далучацца дзеці — школьнікі правядуць уласную праграму па праспекце Незалежнасці ў сталіцы. Будуць праводзіцца і экскурсіі на замежных мовах, напрыклад на англійскай. Заяўлена экскурсія і для людзей у вазках — яны таксама змогуць палюбавацца праспектам Незалежнасці і даведацца шмат цікавінак пра яго.

Ідэйны стваральнік Фэсту экскурсаводаў, арганізатар, які сёлета курыруе экскурсіі ў рэгіёнах, Павел КАРАЛЁЎ расказаў:

— Ёсць «голад» на гэты фестываль. Памятаю першую экскурсію, калі мы толькі прыдумалі яго ў 2009 годзе, не ведалі, колькі прыйдзе чалавек ці прыйдзе ўвогуле? Аднак на месцы нас чакала ўжо 70 чалавек! Для першага разу правядзення гэта было надзвычай натхняльна. З тых часоў цікавасць да Фэсту не страчваецца. Беларусы надзвычай хочуць бачыць свае помнікі. Мы, на жаль, мала ведаем мінулае, і гэта трэба выпраўляць. Тое, што беларусы ў гэтым зацікаўлены, надзвычай радуе. У рэгіёнах сёлета пройдзе 70 экскурсій. Мы нікога асабліва не заахвочваем: але людзі рэгіструюцца самі, каб штосьці правесці. У гэтым сэнсе абсалютны рэкардсмен — Віцебск — там пройдзе ажно 18 экскурсій па музеях, арт-галерэях, іншых месцах. У абласных гарадах — па 3—6 экскурсій. Таксама экскурсіі пройдуць у Оршы, Маладзечне, Пінску, Полацку, Лідзе, Дзяржынску і іншых. Для нас важна, каб не толькі гарады змаглі паказаць сваё майстэрства, але і мястэчкі і вёсачкі — у некаторых з іх таксама пройдуць эксклюзіўныя экскурсіі.

Сярод невялікіх населеных пунктаў, жыхары якіх вырашылі далучыцца да Фэсту, варта адзначыць вёску Юравічы Калінкавіцкага раёна — там ёсць унікальны храмавы комплекс. Вёска Мількаўшчына на Гродзеншчыне з'яўляецца месцам нараджэння Элізы Ажэшкі. З вёскі Старыя Васілішкі на Гродзеншчыне паходзіць Чэслаў Немен. Такім чынам, экскурсійная палітра надзвычай багатая.

Як адзначыла начальнік аддзела Нацыянальнага агенцтва па турызме Ірына Варановіч, 11 мая пройдзе майстар-клас для экскурсаводаў і круглы стол на адпаведную тэму. А 12 мая будзе зладжана адмысловая экскурсія, таксама менавіта для экскурсаводаў, дзе яны пачуюць шмат карыснага для сябе. Усе зацікаўленыя могуць знайсці кантакты для запісу на сайце гэтай установы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Экскурсаводы клічуць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.