Вы тут

Як мы адзначаем Шагалаў юбілей


Вярнуць, узнавіць, стварыць сотні вобразаў.

Статрыццацігоддзе Марка Шагала мы адзначаем разнапланавай выстаўкай сучаснага мастацтва, то-бок таго, што ў пачатку XX стагоддзя азначаў сабой легендарны авангардыст. Калі ўласна Шагала — мастака з сусветным імем — мы ў Беларусі маем не так шмат, прынамсі, не можам арганізаваць маштабную экспазіцыю яго твораў, то юбілей знакамітага беларуса святкуем з падборкай сучасных аўтараў, якіх можам лічыць нашчадкамі ці выхаванцамі пэўнай культурнай традыцыі, на якую ў свой час паўплываў Шагал. Таму яго самога мы называем наватарам, а сучасны культурны асяродак — вынікам, да якога мастацтва, абагачанае палотнамі творцы, прыйшло натуральным шляхам. І ўсё быццам пад нябачным знакам Шагала.


«Геа­мет­рыя во­се­ні» Вік­та­ра Шыл­ко.

18 красавіка ў Палацы мастацтваў адкрылася выстаўка «Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала», якая ўмясціла ў сябе жывапіс, графіку, скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, канцэптуальныя праекты, кірунак так званага трэш-арту. У экспазіцыю ўключаны творцы з усёй Беларусі, вядомыя і невядомыя аўтары, асобнае месца выдзелена студэнтам Акадэміі мастацтваў.

Выстаўка «Вяртанне вобраза» становіцца часткай аднаго вялікага праекта, які, апроч Палаца мастацтваў, базуецца таксама ў Цэнтры сучасных мастацтваў, дзе выстаўляе адабраных спецыяльнай камісіяй аўтараў-удзельнікаў першага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва», а таксама на адкрытай гарадской прасторы, дзе будуць выстаўлены найбольш цікавыя «прадстаўнікі сярэдняга пакалення» з калекцыі НЦСМ. Апошні пункт мы ведаем як штогадовы праект «Мастак і горад», які ў гэтым годзе стартуе 27 красавіка.

Вяртаючыся да Палаца мастацтваў — ён зараз увесь цалкам, нават адкрытая прастора ў дворыку, заняты сучасным мастацтвам, якое разбілася на тэматычныя зоны. Тут творы Алеся Родзіна, Валянціна Губарава, Мацвея Басава, Марыны Капілавай, сям'і Івановых, Сяргея Рымашэўскага ды іншых творцаў, імёны якіх часам вы, магчыма, пачуеце ўпершыню. Сваё ганаровае месца тут займае работа ўласна Марка Шагала, можна сказаць, віноўніка ўрачыстасці, — гэта палатно «Закаханыя», якое Белгазпрамбанк, што ўжо некалькі гадоў займаецца вяртаннем беларускай мастацкай спадчыны на радзіму, у 2012 годзе набыў у аукцыённым доме «Крысціс» у Лондане. «Закаханых» Шагал напісаў, калі яму было 94 гады, і тут, дарэчы, ён паўтарае ці, лепш сказаць, адсылае да свайго знакамітага матыва пары, якая лунае.

«Ка­ра­мель­кі» Сяр­гея Гры­не­ві­ча.

«Тут прадстаўлена не ўся наша мастацкая грамадскасць, але тое, што ёсць у залах Палаца мастацтваў, вам будзе цікава ўбачыць, — кажа дырэктар НЦСМ Наталля Шаранговіч. — Мы не выпадкова прысвяцілі выстаўку 130-годдзю Марка Шагала, бо хацелі сказаць, што сучаснае мастацтва Беларусі вельмі багатае, а прыгожыя, драматычныя вобразы, створаныя рознымі сродкамі і ў розных жанрах, становяцца асновай для многіх аўтараў. Выстаўка вельмі вялікая, і зладзіць яе мы маглі толькі з вялікай колькасцю куратараў і мастацтвазнаўцаў, якія прапаноўвалі нам самых цікавых, лепшых, крэатыўных творцаў. Тут прадстаўлены не толькі Мінск, але ўся наша Беларусь. У стварэнні экспазіцыі ўдзельнічаў, вядома, Беларускі саюз дызайнераў, таму што дызайн — вялікая частка мастацтва, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — мы ніяк не маглі без іх абысціся. Магчыма, гэта выстаўка будзе спрэчнай і выклікае дыскусіі, але ж без дыскусій не можа быць мастацтва, якое рухаецца наперад».

Да прымеркаванай да шагалавага юбілею выстаўкі ў Палацы мастацтваў, такім чынам, апрыёры вялікія патрабаванні і прадузяты погляд. Таму што назваць нешта адсылкай да культавага авангардыста — значыць разглядаць гэта ў свеце яго творчасці, можа, нават у параўнанні. Так ці інакш, вельмі разнастайная выстаўка сучаснага мастацтва, прэзентаваная 18 красавіка, спрабуе адказаць тым часам, калі Віцебская школа прадстаўляла недасягальныя вяршыні. Безумоўна, мы памятаем, што Шагал — наш Шагал — ішоў наперадзе планеты ўсёй, а што, маўляў, мы можам адказаць на гэта сёння? Што дакладна — прыйдзецца паглядзець у Палацы мастацтваў да 21 мая.

«Гэта трэцяя ў гісторыі незалежнай Беларусі агульнарэспубліканская выстаўка сучаснага мастацтва, — каментуе першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, — і яна мае адметныя ідэю і вобраз, бо шчасліва супадае з годам, калі ўвесь свет, і ў прыватнасці Беларусь, святкуе 130-годдзе аднаго з родапачынальнікаў сучаснага мастацтва Марка Шагала. Выстаўка падкрэслівае непарыўнасць і пераемнасць мастацкай традыцыі, традыцыі авангарднага мастацтва, традыцыі творчага пошуку, што нагадвае нам аб тым, што менавіта Беларусь была калыскай і крыніцай, адкуль на пачатку XX стагоддзя пайшоў сусветны авангард. Давайце не забывацца аб гэтым».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.