На палігоне «Асіповіцкі» днямі было не па надвор'і горача. І гэта нягледзячы на тое, што лютавалі «Ураганы» і «Смерчы»...
Рэактыўныя сістэмы залпавага агню, гаўбіцы «Мста-Б», а таксама іншае ўзбраенне — усяго каля 120 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі — былі задзейнічаны падчас камандна-штабнога вучэння з ракетнымі войскамі і артылерыяй. Баявое майстэрства больш як 500 ваеннаслужачых асабіста ацаніў начальнік ракетных войскаў і артылерыі — начальнік упраўлення ракетных войск і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Генадзь КАЗЛОЎСКІ.
Рэзка парушаючы цішыню, снарады прыгожа выпісвалі траекторыю агню. Але мала хто ведае, што за гэтай прывабнай карцінкай — штодзённая баявая вучоба ракетчыкаў і артылерыстаў.
— Усе агнявыя задачы выкананы на «добра» і «выдатна», — адзначыў начальнік штаба — намеснік начальніка ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл палкоўнік Міхаіл ЧЫГІЛЕЙЧЫК. — Салдаты і сяржанты тэрміновай службы, ваеннаслужачыя ў рэзерве, афіцэры грунтоўна падрыхтаваны. Добрыя, глыбокія веды, паказаныя штабамі часцей, а таксама ўмелае кіраванне ракетнымі войскамі і артылерыяй дазволілі дабіцца такога высокага выніку.
Камандна-штабное вучэнне ракетных войскаў і артылерыі — вяршыня падрыхтоўкі ўсяго роду войскаў. Згодна з яго тэмай, ракетчыкі і артылерысты адпрацоўвалі выкананне баявых задач як пры правядзенні спецыяльных, так і абарончых дзеянняў.
— Калі задача выканана, камандзір адчувае гонар за свой экіпаж, — прызнаецца камандзір баявой машыны «Ураган» гвардыі малодшы сяржант Кірыл Голуб. Нягледзячы на тое, што ў войску юнак усяго толькі пяты месяц, вопыт баявых пускаў у яго ўжо ёсць. Па адукацыі Кірыл — інжынер-будаўнік, але даспадобы яму прыйшлася і вайсковая спецыяльнасць. Не выпадкова пасля заканчэння тэрміновай службы юнак плануе застацца ў арміі. Стаць афіцэрам — цяпер яго мара.
Удасканальвалі сваё майстэрства падчас вучэння і тыя, хто праходзіць службу ў рэзерве. Для Міхаіла Аскеркі і Дзмітрыя Грамыкі гэта ўжо трэція, заключныя, зборы. Хлопцы нават сумуюць, што хутка развітаюцца з арміяй. Міхаіл, у цывільным жыцці настаўнік фізічнай культуры, лічыць, што ваенная навука карысная любому мужчыну, і не важна, носіць ён пагоны ці не. «Да абароны сваёй Радзімы павінен быць гатовы кожны», — пагаджаецца з ім Дзмітрый і кажа, што ім вельмі пашанцавала з камандзірам, які навучыў іх кіраваць такой высокатэхналагічнай зброяй.
— Усе грамадзяне, якія завяршаюць службу ў рэзерве ў нашым вайсковым злучэнні, атрымалі ваенна-ўліковую спецыяльнасць артылерыста, — гаворыць намеснік камандзіра 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады гвардыі падпалкоўнік Сяргей АЛЯКСАНДРАЎ. — Нягледзячы на кароткі перыяд навучання, яны сталі сапраўднымі артылерыстамі. Цяпер, у адпаведнасці са сваёй пасадай, могуць без праблем справіцца з пастаўленымі задачамі. Артылерыя — зброя калектыўная, таму, калі кожны будзе добрасумленна выконваць свае абавязкі, добры вынік атрымаецца ва ўсяго калектыву.
Вераніка КАНЮТА
Фота Надзеі БУЖАН
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.