Да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі, якое будзе адзначацца ў лютым наступнага года, газета «Звязда» прэзентуе новую рубрыку. Нашы чытачы пазнаёмяцца з сучаснымі героямі беларускай арміі, з тымі, хто сваёй штодзённай працай надзейна забяспечвае мір і спакой у нашай краіне, для каго абарона Радзімы — больш чым прафесія. Займаючы розныя вайсковыя пасады, людзі ў пагонах працягваюць баявыя традыцыі сваіх гераічных продкаў, якія адстаялі нашу незалежнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, з гонарам выканалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, беззапаветна служылі Айчыне ў мірны час...
Прафесія вадалаза заўжды была надзвычай складанай і небяспечнай. Сапёр, як вядома, увогуле памыляецца толькі раз. А што адчуваюць вадалазы-сапёры, калі спускаюцца пад ваду, каб падняць небяспечныя боепрыпасы, карэспандэнты «Звязды» даведаліся з першых вуснаў.
У беларускай арміі гэтых спецыялістаў называюць штучнымі кадрамі. Каб пазнаёміцца з адным з іх, давялося ехаць у Магілёў — на базе 188-й інжынернай брыгады якраз праходзілі вучэнні вадалазаў.
На пірсе шматлюдна. Адны толькі апускаюцца ў возера Сярэдняе, якое з'яўляецца рэчышчам ракі Дубравенкі, іншыя ўжо выходзяць з вады. Яўген Воранаў прыкметна вылучаецца сярод калег-вадалазаў. Кантралюючы спускі сваіх малодшых таварышаў, з веданнем справы ён папраўляе вадалазны рыштунак, дае ўстаноўку на выкананне задачы: распілаваць спачатку дрэва, а потым метал. І ўсё гэта — пад вадой. Неўзабаве вадалаз апусціцца ў возера і сам: дзесьці ж трэба ўдасканальваць прафесійнае майстэрства!
Яўген Воранаў служыць старшым інструктарам-вадалазам у 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску. Ён — начальнік разведвадалазнага аддзялення інжынерна-сапёрнай роты. А гэта значыць, што не проста можа ажыццяўляць пошукавыя работы пад вадой, а і даставаць адтуль боепрыпасы, праводзіць як сухапутнае, так і падводнае размініраванне. Але ў асноўным «падарункі» Вялікай Айчынай вайны (а звычайна знаходзяць менавіта іх) знішчаюць на сушы, на спецыяльна прызначаных для гэтага палігонах.
— Пад вадой усё цяжэй: і знайсці, і падняць, і абясшкодзіць, нават перасоўвацца, бо частка сіл ідзе на саграванне, — расказвае вадалаз-сапёр. — Нашмат складаней вызначыць і ступень небяспекі: пад вадой боепрыпасы заржавелі, знаходзяцца ва ўмовах практычна нулявой бачнасці. Знайсці выбуховае рэчыва дапамагаюць падводныя мінашукальнікі, але часта даводзіцца працаваць проста навобмацак. Пакуль падымаеш боепрыпасы на зямлю, вядома ж, рызыкуеш. Абясшкодзіць іх пад вадой — значыць нанесці ўрон навакольнаму асяроддзю.
Яўген Воранаў — вадалаз з 11-гадовым стажам. Калі ішоў у армію, нават падумаць не мог, што тут застанецца, а тым больш атрымае прафесію, якую палюбіць назаўжды. Цяпер ён, вадалаз першага класа, навучае вадалазнай і сапёрнай справам байцоў, якія прыходзяць у брыгаду пасля «вучэбкі».
Але ніхто не адмяняў і выкананне задач. Яўген — заўсёды ў эпіцэнтры надзвычайных сітуацый. Разам з калегамі выцягваў з ракі Сож авіяцыйную бомбу часоў Вялікай Айчыннай (незвычайную знаходку зрабілі ў цэнтральным парку Гомеля), абясшкоджваў фугасную бомбу ў Александрыі, папярэджваў трагедыю ў Оршы, калі пад мостам у Дняпры аднекуль узяліся шэсць мінамётных мін...
За гады службы Яўген Воранаў абясшкодзіў каля 10 тысяч боепрыпасаў. Правёў пад вадой амаль тысячу гадзін. Спускаецца туды ў любое надвор'е. Не перашкода для вадалазаў і лёд. Але пры мінус дваццаці, як кажуць спецыялісты, пад ваду ўжо не пойдзеш — замерзне рыштунак.
Дарэчы, работу вадалазаў нядаўна аблегчыў новы рыштунак. Важыць ён цяпер усяго 47 кілаграмаў. Ранейшы — амаль удвая цяжэйшы, але, як кажуць вадалазы, пад вадой гэтая вага не адчуваецца. Новы рыштунак больш мабільны, а сучасныя тэхналогіі аблегчылі вядзенне гутаркі з вадалазам пад вадой. Акрамя таго, можна кантраляваць, на якой глыбіні ён знаходзіцца, якія дзеянні ажыццяўляе.
Вадалаз не працуе адзін. Заўсёды ёсць спецыялісты, якія яго забяспечваюць: дапамагаюць апрануцца, распрануцца. Пакуль вадалаз знаходзіцца пад вадой, нехта павінен трымаць з ім сувязь і ў любую хвіліну пры ўзнікненні пазаштатнай сітуацыі кінуцца на дапамогу. Гэта фізічна падрыхтаваныя людзі, бо пад вадой можа здарыцца ўсё, што хочаш.
— Невялікі страх ёсць заўсёды, — прызнаецца Яўген Воранаў. — Як павядуць сябе тыя ці іншыя боепрыпасы ў пэўнай сітуацыі, асабліва з улікам часу, які яны праляжалі ў вадзе, ніхто не ведае. Але нехта ж павінен выконваць гэту работу. Ды і якое жыццё без адрэналіну?!
Кіраўнік школы вадалазаў, камандзір разведвадалазнага ўзвода, вадалаз-інструктар 188-й інжынернай брыгады гвардыі старшы прапаршчык Аляксандр АНЧУК:
— Наша школа — адзіная навучальная ўстанова ў краіне па падрыхтоўцы вадалазаў у інтарэсах Узброеных Сіл. Тут вучацца салдаты тэрміновай службы, павышаюць сваю кваліфікацыю афіцэры, прапаршчыкі, няштатныя вадалазы, якія ў будучыні змогуць кіраваць вадалазнымі работамі. Акрамя навучання, за вадалазамі 188-й інжынернай брыгады замацаваны дзве вобласці па падводным размініраванні: Магілёўская і Гомельская. У асноўным дастаём з-пад вады боепрыпасы часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія пасля знішчаем.
Старшы афіцэр штаба ўпраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Узброеных Сіл падпалкоўнік Сяргей ДЗЯМЧЫШЫН:
— Каб стаць вадалазам, трэба прайсці вельмі жорсткі адбор. Патрабаванні да здароўя яшчэ больш строгія, чым у лётчыкаў. У людзей, якія працуюць пад вадой, шмат спецыфічных захворванняў. Перад тым як праходзіць медкамісію, чалавек адпраўляецца ў баракамеру. Там ствараецца адпаведны ціск, і мы глядзім, можа гэты чалавек без шкоды для жыцця знаходзіцца пад вадой ці не. Акрамя таго, вадалаз павінен быць фізічна падрыхтаваным. Цягавітасць — адна з асноўных якасцяў людзей гэтай прафесіі. Чалавек павінен быць і псіхалагічна ўстойлівым: калі ён пачынае панікаваць яшчэ на беразе, у ваду мы яго ўжо ніколі не пусцім — вада памылак не даруе.
Вераніка КАНЮТА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.