Вы тут

Гісторыя незвычайнага чалавека з маленькай вёскі


...Часам гляджу на людзей пажылога ўзросту, слухаю іх успаміны і думаю: колькі ж ім прыйшлося перажыць! І як было такое вытрымаць?!


Фота: dnevniki.ykt.ru

Ніна Максімаўна Малькевіч з нашай вёскі, можна сказаць, чалавек звычайны... І незвычайны.

«Бацьку свайго я не памятаю,— расказвае жанчына. — Ён рана памёр з хваробы жывата. Маці пакінуў на хутары з трыма дзецьмі, а ў хуткім часе нарадзілася я, чацвёртая. Цудам выжылі, дзякуючы польскім салдатам. Маці хадзіла ў Грабаў мыць іх бялізну. А там ужо ведалі, што яна — удава, што чацвёра малых, дык назбіраюць кавалачкаў хлеба і аддадуць. А мы, дзеці, толькі гэтага і чакалі: ніколі спаць не клаліся, пакуль маці не прыйдзе. Бывала, позняй ноччу прыбяжыць, часам з ваўкамі сустрэнецца — калені ў кроў пазбівае, а мы тады дзьмухаем, фукаем на тыя раны, каб ёй не балела, каб хутчэй зажылі.

Акрамя гэтай работы — мыцця бялізны, — маці апрацоўвала добры кавалак поля: дзед адмераў пасля смерці бацькі. Садзілі мы бульбу, жыта, проса, сачавіцу. Зямлю аралі валом. І на ім жа ад немцаў уцяклі ў лес.

На пачатку вайны мне трэба было ісці ў школу, а як? І куды? Пасля аблавы, якую немцы ўчынілі на Стрэчанне, не спаленай засталася толькі адна хата — Домны Ефімовіч. У ёй пасля вызвалення Беларусі і сталі вучыць дзяцей. А тады...

Вяртацца на папялішча сэнсу не было. У лесе з жэрдак і сасновых галін дарослыя нарабілі буданоў (курані называліся). Пасярод іх палілі вогнішчы, а калі яны затухалі, на гэтыя месцы клалі яловыя лапкі і самі клаліся спаць.

Пазней ужо сталі капаць зямлянкі, нават з печкамі.

А яшчэ пазней, калі немцаў прагналі, ужо і да хат дайшло. Людзі адно аднаму дапамагалі, будаваліся на хутарах. І зноў жа — толькі жытло, якое агоралі, як выйшаў загад «пачынаць спачатку» — перабірацца ў вёскі.

Вось так і жылі.

У 12 гадоў, пасля вайны, я пайшла ў школу. І, магчыма, скончыла б, але ў цёткі, мамінай сястры, муж захварэў на сухоты, не было каму даглядаць дзяцей. Мяне запрасілі ў нянькі. Тры гады адпрацавала, а пазней якое ўжо навучанне? Пайшла працаваць у калгас. За працадзень тады грошай не давалі, хіба 100 грамаў зерня.

Вырошчвалі, помню, лён і гатовы звозілі ў склад на прасушку.

Потым мы, бабы, дзеўкі, у чатыры гадзіны раніцы беглі туды, каб выбраць найсушэйшы. Мяць яго было лягчэй, і мы вельмі стараліся, бо за гэта ўжо плацілі грошы, а кожная хацела зарабіць».

Успамінае Ніна Максімаўна і асабістае: «Муж мой, нябожчык Якаў, заляцаўся да мяне цэлы год. Потым заявіў, што зарабіў грошай і сабе на касцюм, і мне на сукенку. Можна, значыць, спраўляць вяселле.

Маці такому зяцю вельмі рада была, казала: «Ён стараецца, грошы зарабляе».

І скнарам мой Яша не быў: пасля вяселля яшчэ адну сукенку купіў — у гарошак.

...У сваю хату мы з ім пераехалі праз сем гадоў, бо тады шмат хто будаваўся, і на сям'ю выдзялялася па два кубы лесу на год.

А дзяцей нам дапамагала гадаваць сястра. Яна швачкай была. Шыла дома, на заказ, і побач гулялі малыя: і свае, і нашы пяцёра.

Муж мой працаваў у леспрамгасе, «на піле». Там і падарваў сваё здароўе. У той час вельмі сур'ёзна ставіліся да працы. У калгасе, напрыклад, кожную раніцу даводзілася бегчы на нарад, бо варта спазніцца — і ўсё, застаўся без работы.

...Усяго хапіла за жыццё, — прызнаецца Ніна Максімаўна. — А цяпер і добра ўжо, ды здароўя няма. Адно шчасце: дзеці не забываюць, унукі праведваюць».

І, напэўна ж, ім (нам) трэба ведаць, праз што давялося прайсці папярэднікам. Хоць бы для таго, каб самім не здавацца — адольваць цяжкасці, без якіх, відаць, не бывае жыццёвых шляхоў.

В. М. ЕМЕЛЬЯНОВІЧ, в. Мілевічы, Жыткавіцкі раён

Загаловак у газеце: Жыц­цё — не мё­ду піц­цё

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.