Вы тут

Як непатрэбныя рэчы атрымлiваюць другое жыццё


Увесну асаблiва востра адчуваеш жаданне навесцi вакол сябе парадак. Прыбраць у шафу ўсё ваўнянае i калючае, што нагадвала б пра зiму i халады, i назаўсёды расстацца з тымi рэчамi, якiя толькi захламляюць дом. А што далей? Проста аднесцi iх на сметнiк? Але вось гэтая сукенка, амаль новая, магла б яшчэ доўга радаваць новую гаспадыню. Было б толькi каму аддаць...

Менавiта для таго, каб непатрэбныя камусьцi рэчы маглi знайсцi сабе новых гаспадароў, i былi створаны адмысловыя суполкi ў сацыяльных сетках. Для адных гэта магчымасць пазбавiцца ад непатрэбнага, для iншых жа — прыкметная эканомiя сродкаў.


Ад чарапахі да зруба хаты

— Наша суполка «Аддам дарма» iснуе ўжо два гады, — расказвае яе адмiнiстратар Анжалiка ГАНЧАРОВА. — Хацелася проста стварыць групу, у якой можна было б публiкаваць толькi сумленныя аб'явы, бо зараз вельмi шмат падманаў. То чалавек прапануе рэч дарма, а потым просiць за яе грошы, то бывае так, што i рэчы нiякай няма, а аб'ява — фiкцыя. Навошта так рабiць, не ведаю, але факт застаецца фактам.

Сама час ад часу таксама нешта аддаю бясплатна: бо я такi ж чалавек, як i ўсе ўдзельнiкi суполкi. Ёсць непатрэбная рэч — чаму б не прапанаваць яе таму, каму яна яшчэ спатрэбiцца?

Калi паглядзець, то сярод аб'яў такiх груп можна знайсцi прапановы на любы густ. Вось маленькiя чырванавухiя чарапахi шукаюць новы дом, таму што iм не дае спакою гаспадарская кошка, а хамяка Толiка «ратуюць» ад вельмi актыўнага дзiцяцi. А вось зусiм новы — як сцвярджае аўтар аб'явы — пыласос, бiлеты на футбольны матч (якiя зараз нiкому не патрэбны, бо «кампанiя не сабралася») i нават зруб хаты. Але больш за ўсё, канешне ж, адзення.

— Часцей за ўсё ў нашай суполцы аддаюць дзiцячае i жаночае адзенне, — расказвае Анжалiка. — Сярод удзельнiкаў большасць складаюць жанчыны. Магчыма, мужчын гэта мала цiкавiць. А калi ўжо больш дакладна, то вельмi шмат аб'яў пакiдаюць мамы ў дэкрэце. Тут i касметыка па доглядзе для нованароджаных, i сумесi, i цацкi. Таксама даволi часта мы публiкуем аб'явы, дзе аддаюць мэблю, бытавую тэхнiку — часам у вельмi добрым стане, амаль новую. Аднак пры гэтым гаспадар можа прасiць аб самавывазе.

Сярод тых, хто аддае рэчы дарма, ёсць тыя, хто робiць гэта ўжо на працягу гадоў. I нi разу пра гэта не пашкадаваў.

Бывае, што толькi так i атрымлiваецца эканомiць, калi ў сям'i складваецца цяжкая фiнансавая сiтуацыя, а ўлазiць у даўгi зусiм не хочацца.

— Дзесьцi год-паўтара таму я выпадкова наткнулася на групу, дзе людзi пакiдалi аб'явы аб тым, што аддаюць пэўныя рэчы дарма, — расказвае Кацярына ЕРМАЛОВIЧ. — Вырашыла дзеля цiкавасцi напiсаць жанчыне, якая прапаноўвала кажух (па шчаслiвай выпадковасцi — майго памеру) за кiлаграм мандарынаў для дзяцей да Новага года. Так упершыню я штосьцi забрала для сябе i праверыла, што такiя аб'явы — праўда. Потым не раз забiрала нейкiя рэчы для сваiх дзяцей i была заўсёды ўдзячная людзям, бо ў мужа з'явiлiся праблемы з выплатамi на рабоце, а прасiць грошай у сяброў цi ў сваякоў не хацелася.

Кацярына прызнаецца, што быў час, калi яна забiрала рэчы не толькi для сабе, але i для iншых людзей:

— Бачыла — добрыя рэчы аддаюць, а на прыкмеце ёсць сям'я, якой бы гэта спатрэбiлася. Бывала, для дзетак так збiрала дапамогу ў дзiцячы дом.

Яшчэ адна карыстальнiца сацыяльных сетак, Анастасiя ПРАХОЎНIК, дзелiцца сваiм удалым вопытам. Калi табе аддаюць рэч, а да яе — падарунак. Проста так, таму што «людзi добрыя»:

— Неяк я бясплатна забiрала корм для рыбак. Прыехала па аб'яве, даю шакаладку, каб падзякаваць, а мне кажуць, што не трэба, ды яшчэ i кактус працягваюць у прыдачу — у якасцi падарунка. А наогул, лiчу, што калi рэчы ў добрым стане i яны табе ўжо не спатрэбяцца, то чаму б iх не аддаць. Магчыма, камусьцi яны зараз больш неабходныя.

Аб тым, што падобныя аб'явы ў сацыяльных сетках — сапраўды добрая эканомiя сродкаў, прызнаюць усе, хто мае ўдалы вопыт карыстання iмi. Вось i Аляксандра ГРАМЫКА, якая не першы год «палюе» за бясплатнымi кнiгамi, ужо сабрала вялiкую хатнюю бiблiятэку. «Кнiгi хутка не будзе куды ставiць, прыйдзецца шукаць новую шафу», — усмiхаецца яна.

— Канешне, кнiгi — гэта не прадметы першай неабходнасцi. Iх заўсёды ў большасцi выпадкаў можна спампаваць з iнтэрнэту. Але сама я не вельмi люблю чытаць з экрана. Таму i ганяюся за папяровымi кнiгамi. А паколькi новыя выданнi цяпер дарагiя, эканомлю на тым, што людзi гатовыя аддаць бясплатна. Бо я малады спецыялiст i грошай, зразумела, у мяне не так многа.

Чаму кнiгi аддаюць? Гэта ўжо iншае пытанне. Камусьцi яны проста не патрэбныя: наводзiў дома парадак, знайшоў — вырашыў аддаць. Хтосьцi пераязджае i не можа ўзяць з сабой усю хатнюю бiблiятэку. Сiтуацыi на самай справе бываюць розныя.

Асцерагайцеся махляроў

На жаль, нават у такой справе, як аддаць рэч дарма, можна натрапiць на ашуканцаў. Першая катэгорыя — тыя, хто пад кожнай аб'явай пiша «забяру». Вiдавочна, што такiх асобаў у суполках ужо ведаюць — па той колькасцi каментарыяў, якiя яны пакiдаюць у надзеi займець тую цi iншую рэч. Лагiчна i тое, што чалавеку не можа быць патрэбна абсалютна ўсё: ад старых гузiкаў да непрацуючага тэлевiзара.

— Фiзiчна столькi не трэба чалавеку, — упэўнена Анжалiка Ганчарова. Куды ён гэта дзене — незразумела. Але тут ужо хутчэй пiльнасць таго, хто аддае, адыгрывае важную ролю. Цi мець справу з такiм чалавекам?

Другая катэгорыя — гэта тыя, хто забiрае рэчы бясплатна, а потым перапрадае iх. Такая гiсторыя адбылася з Яўгенiяй АЛЯХНОВIЧ, якая праз групу ў сацыяльнай сетцы аддавала туфлi:

— Усё было добра. З дзяўчынай, якая адгукнулася на маю аб'яву, мы сустрэлiся. Якое ж было маё здзiўленне, калi праз тыдзень я ўбачыла ўжо ў iншай суполцы, як яна прадае туфлi, якiя я ёй аддала. Мне стала непрыемна. Я пажадала ёй поспехаў у продажы i паспрабавала больш не ўспамiнаць пра гэту сiтуацыю.

Забярыце пельмені, каб не прапалі

Асобны вiд дабрачыннасцi i яшчэ адна магчымасць аддаць тое, што табе больш не трэба, iншаму — фудшэрынг. Рух, якi вельмi папулярны на Захадзе, пачаў актыўна развiвацца i ў Беларусi. Фудшэрынг дазваляе дзялiцца ежай з iншымi людзьмi, каб яна не прападала.

У адной з суполак «Фудшэрынг. Аддам дарма ежу. Мiнск», як высветлiлася, можна аддаць дарма амаль усё: ад закатак i дамашнiх пельменяў да экзатычнай гарбаты i непачатага торта. Так, уладальнiца апошняга скардзiцца, што купiла пачастунак на рамантычную вячэру, а малады чалавек не прыехаў з камандзiроўкi.

Наогул, гiсторыi аб'яў тут амаль падобныя: «села на дыету», «з'язджаю ў адпачынак», «прыходзiлi госцi», i працяг у iх таксама адзiн — «засталося шмат ежы, аддам дарма».

Дарэчы, для карыстальнiкаў адмiнiстрацыя суполкi ўстанавiла наступныя правiлы.

Што можна аддаваць: любыя прадукты харчавання добрай якасцi, у тым лiку пачатыя ўпакоўкi або стравы ўласнага прыгатавання.

Што нельга аддаваць: сапсаваныя прадукты цi прадукты з першымi прыкметамi псавання; прадукты з даўно мiнулым тэрмiнам прыдатнасцi (нават калi яны на выгляд засталiся такiмi ж, як пры куплi); прадукты, свежасць якiх вызначыць немагчыма.

Акрамя гэтага, заўсёды неабходна ўказваць тэрмiн прыдатнасцi або дату вырабу прадукту.


P.S. Я паспрабавала праверыць, як усё ж такi працуе фудшэрынг. Спякла пiрог, размясцiла аб'яву i стала чакаць... Ужо праз пару хвiлiн да мяне пасыпалiся першыя паведамленнi з пытаннямi, цi актуальная яшчэ мая «смачная» прапанова. Думаць доўга не стала: вырашыла парадаваць дзяўчыну, якая напiсала першай. Прыехала яна праз гадзiну. Трохi бянтэжачыся, прызналася, што пра фудшэрынг даведалася ад сяброўкi. Убачыла маю аб'яву — вырашыла напiсаць. Проста так, асаблiва нi на што не спадзеючыся.

Мы развiталiся з Марынай (так звалi маю госцю), але ўвесь дзень, нягледзячы на допiс, што аб'ява больш неактуальная, мне пiсалi людзi з просьбай аддаць пiрог. Асаблiва павесялiў адзiн каментарый. Мужчына пiсаў: «А выходзьце за мяне замуж? Не прыйдзецца нiкому пiрагi аддаваць: я буду з'ядаць усё да апошняга кавалачка, абяцаю!»

Ганна БАГIНО

bahino@zviazda.by

Загаловак у газеце: Было наша — стала ваша

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.