Вы тут

Чаму сціпласць — не лепшая якасць вучонага?


«У навукі — асаблівая роля і асаблівае месца. Вучоныя — гэта эліта грамадства, але мы павінны адпавядаць гэтаму званню ў поўнай ступені», — такую думку выказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ падчас круглага стала «Дасягненні беларускай навукі — грамадству».


— Перад намі няпростая місія — быць заўсёды ў авангардзе, генерыраваць ідэі, рашэнні і распрацоўкі. Сёння мы маем зусім новую Акадэмію навук, — пакрэсліў Уладзімір Гусакоў. — У нас створаны шэраг вытворчасцяў, вытворчых падраздзяленняў і цэнтраў — усяго каля 40. Акадэмія навук выбудоўваецца як навукова-вытворчая карпарацыя, якая аб'ядноўвае ўвесь ланцужок: ад фундаментальнай навукі, уключаючы прыкладныя даследаванні і распрацоўкі, эксперыментальныя і доследныя ўзоры, да стварэння вытворчасці. Акадэмія ўзяла на сябе функцыю навуковага абслугоўвання цэлых галін: атамнай, медыцынскай, біятэхналагічнай і іншых. Выстава ТІBО-2017 яшчэ раз даказала, што расслабляцца нам нельга ні на хвіліну. Спыненне ў развіцці азначае крах.

На выставе TІBО-2017 Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі прадставіў эксперыментальны ўзор офіснага суперкамп'ютара «СКІФ-ГЕА». Дарэчы, крыху больш як дзесяць гадоў таму створаны ў рамках Саюзнай праграмы суперкамп'ютар «СКІФ-1000» увайшоў у сотню самых магутных суперкамп'ютарных установак свету (заняў 98-ю пазіцыю ў ТОП-500). Офісны варыянт «СКІФ-ГЕА» па памерах меншы за свайго папярэдніка ў 100 разоў, але ўдвая пераўзыходзіць яго па магутнасці. Ён можа выконваць 100 мільёнаў аперацый у секунду. Суперкамп'ютар робіць складаныя разлікі вельмі аператыўна: па асобных задачах — за 7—8 хвілін замест ранейшых 46 гадзін.

— Я лічу, што сёння мы маем такі патэнцыял, што нам усё пад сілу, — канстатуе Уладзімір Гусакоў. — Гэта проста фантастыка, што за няпоўныя 20 гадоў зрабілі нашы вучоныя-гуманітарыі. На іх рахунку — найсур'ёзнейшыя даследаванні па асновах беларускай дзяржаўнасці, у галіне беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і археалогіі. Але чаму пра нашы дасягненні так мала ведаюць у свеце? Наша бяда ў тым, што мы не ўмеем сябе пазіцыянаваць. А мы павінны змагацца за сваё месца пад сонцам і нікому не саступаць навуковую прастору. Сціпласць у навуцы зусім не да месца. Наадварот, тут патрабуюцца актыўнасць і нават агрэсіўнасць.

Падчас дыскусіі прагучала мноства слушных думак і прапаноў. Напрыклад, уключаць прамысловыя прадпрыемствы ў кола выканаўцаў навукова-тэхнічных праграм, а на навукоўцаў ускласці ролю па навукова-тэхнічным суправаджэнні выпуску новай прадукцыі.

— Але без навукова-даследчых інстытутаў практычна ва ўсіх міністэрствах і канструктарскіх бюро на прадпрыемствах нам усё роўна не абысціся, — лічыць акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі, акадэмік Валянцін АРЛОВІЧ. — Мы ўсе бачым, што тыя прадпрыемствы, дзе з савецкіх часоў захаваліся моцныя канструктарскія бюро, трывала стаяць на нагах і развіваюцца.

На думку старшыні Навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, акадэміка Сяргея ГАПОНЕНКІ, навука ў нашай краіне адарваная ад вытворчасці:

— Кандыдаты і дактары навук, што працуюць на прамысловых прадпрыемствах, не атрымліваюць надбавак за свае навуковыя ступені.Такія даплаты прадугледжаны толькі ў навуковых арганізацыях, але не на вытворчасці. Я асабіста падрыхтаваў 10 кандыдатаў навук, з іх трое выкладаюць у ВНУ, трое — працуюць у лабараторыях і яшчэ чацвёра зараз знаходзяцца за мяжой. Ніхто ў прамысловасці не працуе. Наша вытворчасць не адчувае патрэбы ў кандыдатах навук? Дык для каго мы іх рыхтуем? — задаў зусім не рытарычнае пытанне Сяргей Гапоненка. — Ва ўсім свеце асноўным спажыўцом аспірантуры з'яўляюцца вытворчыя карпарацыі, а не ВНУ. Рhіlірs, Fіаt, LG — вось дзе рэалізоўваюцца спецыялісты з навуковымі ступенямі. Прычым карпарацыі ўкладваюць у навуку вельмі сур'ёзныя сродкі. Я лічу, што навука павінна канцэнтравацца ў фірмах, але, канешне, не за кошт ліквідацыі акадэмічнай навукі. А мы павінны ім дапамагаць.

Ці можа вучоны прадаць тое, што ён вынайшаў? Многія ў гэтым сур'ёзна сумняваюцца.

— Я не разумею, чаму вучоны павінен адказваць за аб'ёмы продажаў? Як ён увогуле можа прагназаваць збыт сваёй прадукцыі? Няўжо Майкл Фарадэй мог прадбачыць, якое развіццё атрымае далей электратэхніка? Ці, можа, Аляксандр Папоў адкрыў сваю фірму? Або трэба вучоных вучыць бізнесу, або лепш зводзіць навукоўцаў і бізнесменаў, — лічыць Сяргей Гапоненка. — У нас забюракратызаваныя многія навуковыя рашэнні і навуковая адказнасць. Жорсткае патрабаванне вярнуць сродкі ў бюжэт, нават калі штосьці не атрымалася, прыводзіць да таго, што навукоўцы баяцца брацца за новыя распрацоўкі. Пэўная частка сродкаў павінна накіроўвацца на звышрызыкоўныя праекты, дзе немагчыма гарантаваць стапрацэнтны поспех.

Тэзіс, што навукоўцам трэба плаціць за вынік, таксама спрацоўвае не ва ўсіх выпадках. Калі размова ідзе пра вучоных з салідным стажам работы, то з ім ніхто не спрачаецца. Але прымяняць гэты тэзіс да моладзі, якая робіць толькі першыя крокі ў навуцы, праблематычна. Увогуле сітуацыю, калі сярэдні заробак у навуцы толькі нязначна перавышае сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы, і пры гэтым ён адстае ад заробкаў у прамысловасці, нельга назваць нармальнай...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.