Вы тут

Прыкмета найноўшага часу — вясковыя бадзяжныя жывёлы


Пакуль адмыкала застылы замок на набрынялых за зiму дзвярах вясковай хаты, спадзявалася, што яны пачуюць i прыбягуць. Будуць заглядаць у вочы, церцiся аб ногi, муркаць, а я iх буду частаваць прысмакамi, якiя купiла для iх спецыяльна (хаця яны заўсёды былi рады i кавалку звычайнага хлеба, змочанага ў вадзе).


Яны не прыйшлi. Пэўна, не перажылi трыццацiградусных калядных маразоў. Цi загiнулi ад голаду або, што больш iмаверна, — з'еўшы атручаных мышэй (дачнiкi на зiму пакiдаюць у хатах адмысловую атруту для грызуноў). Або сталi ахвярамi гэткiх самых бадзяжных сабак...

Гэтыя кацяняты з'явiлiся ў нас на падворку нечакана. Кошка-«бомжык» iх прывяла ў нашым закiнутым хлеве, дзе яшчэ захавалася сена, якому ўжо гадоў дваццаць. Кошка была рахманая, iшла да рук, прасiла есцi — яна не была бадзяжнай, проста старыя гаспадары памерлi, а iхнiя дзецi, атрымаўшы пачэсны статус дачнiкаў, клапацiцца аб жывёле патрэбным не палiчылi. Прыязджаючы на выхадныя, кiдалi ёй якую скарынку са стала, а ўсе астатнiя днi бедная скацiнка хадзiла па вёсцы i жабравала. Мама i наша суседка цётка Шура, прыехаўшы на лета, на гэта спакойна глядзець не маглi i кожны дзень гаротнiцу кармiлi. Вось яна i атабарылася ў нашых дварах, а калi прыйшоў час нараджаць, дадому таксама не пайшла. Мы здагадвалiся, што ў яе дзесьцi пад страхой кацяняты, бо бачылi, як яна валачэ туды мышэй-палёвак цi кавалкi ежы, якую давалi ёй. Казалi пра гэта i яе намiнальным гаспадарам. Тыя толькi пасмейвалiся: маўляў, не на нашай тэрыторыi — не нашы праблемы...

I вось аднойчы ранкам яна прывяла на снеданне ўвесь вывадак. Чацвёра ладных пушыстых камячкоў. Рознакаляровыя — i рудзенькi, i белы з рудзенькiмi плямкамi, i белы з чорненькiмi, i трохкаляровая «рысачка». Дзiкiя — пагладзiць не давалiся, злосна шыкалi i фыркалi, але да ежы iшлi ахвотна. I што было з iмi рабiць? Вось так i з'явiлася ў нас «кацiная ферма».

Кожную ранiцу мама варыла кашы цi макароны, разбаўляла падбеленай малаком вадой i несла мiску да хлява. Яны ўжо ведалi яе па голасе, радасна выскоквалi з-пад страхi, кiдалiся да ежы.

«Што ты будзеш рабiць з iмi ўвосень?» — мы ўсе па чарзе задавалi ёй гэта жорсткае, але рэальнае пытанне. «Колькi буду тут — буду кармiць. Да лiстапада, пакуль ехаць, яны ўжо будуць дарослыя, можа, зiму як перакачаюцца... А як iнакш? Глядзець, як жывыя iстоты мучаюцца?..» Ад'езд у горад быў пакутлiвым. Высыпалi iм кiлаграм сухога корму, зварылi вялiкую каструлю ячнай кашы. Разумеючы, што забраць iх у невялiкую кватэру, дзе ўжо ёсць кошка, каб i хацеў, не забярэш, я абзванiла ўсе дабрачынныя арганiзацыi, што займаюцца бяздомнымi жывёламi. Яны гатовы былi дапамагчы, але калi чулi, што гэта за межамi горада, — адмаўлялiся. Некаторыя нават супакойвалi: маўляў, у вёсцы каты не прападуць, гэта ж не горад, дзе нi птушкi, нi мышкi...

Вось так i атрымалася, што мы iх пакiнулi памiраць. Здрадзiлi тым, хто нам верыў. Хаця, калi разабрацца, першымi здрадзiлi тыя, хто ад iх мацi i ад iх адмовiўся. Але iх сумленне наўрад цi тузае.

Вясковыя бяздомныя жывёлы — прыкмета найноўшага часу. Яшчэ гадоў трыццаць назад такая з'ява была надзвычай рэдкай, хiба што на фермах жылi некалькi катоў (нядрэнна, трэба сказаць, жылi — у цёплым памяшканнi пад страхой, са свежым малаком у мiсцы).

Усе ж iншыя каты-сабакi мелi гаспадароў, нават сваркi на гэтай глебе нярэдкiмi былi: маўляў, твая кошка ў мяне са збанка ўсю смятану злiзала, цi твой сабака, сарваўшыся з ланцуга, бегаў i на маю ўнучку набрахаў. Выгнаць жа з двара цi з хаты таго, каго прыручыў, лiчылася ганьбай, таму нават самыя «прапашчыя» вяскоўцы i сёння з незвычайнай пяшчотай ставяцца да хвастатых-вусатых, што жывуць з iмi.

Але сёння ў кожнай вёсцы, у кожным дачным кааператыве жывёл-«бамжоў» хапае. Як яны з'яўляюцца? Хтосьцi, як у апiсанай гiсторыi, атрымаўшы ад памерлых бацькоў спадчыну ў выглядзе дыхтоўнай хаты, адмаўляецца прымаць у спадчыну i абавязак клапацiцца аб жывёлiне, якая ў гэтай хаце жыла з гаспадарамi да iх апошнiх дзён i мела няшчасце iх перажыць. Хтосьцi такiм чынам «гуманна» вырашае пазбавiцца ад гадаванца са сваёй гарадской кватэры. (Прычын можа быць колькi захочаце: мiлае шчанятка вырасла ў вялiкага сабаку, ад кошкi шмат поўсцi, кожны дзень трэба пыласосiць, дзецi здаволiлiся жывой цацкай...) «У вёсцы не прападзе», — прыкладна так разважаюць гора-гаспадары, не думаючы, не хочучы думаць пра тое, што ў вёсцы зiмой гэтых бомжыкаў з даверлiвымi вачыма проста няма каму пакармiць, бо хаты ў большасцi сваёй застаюцца пустымi.

Вось i бадзяюцца па пустых вулiцах брудныя худыя каты, якiя ў мiнулым жыццi былi персамi цi сiямцамi, цi проста любiмымi i дагледжанымi, вылiзваюць бляшанкi на сметнiках, топчуцца на ганках каля замкнёных дзвярэй. Памiраюць пад сцюжай або ад голаду, не разумеючы, за што з iмi так. А кiнутыя сабакi збiваюцца ў зграi, дзiчэюць i носяцца па наваколлi, палюючы на ворагаў, адным з якiх для iх стаў чалавек. (У нас такая зграя жыве каля возера, па начах яны вусцiшна выюць у прыбярэжных кустах, дый днём адчуваеш там сябе не вельмi бяспечна...)

Паважаны бяздушны экс-гаспадар гэтага сабакi. Пасля таго як людзi заўважылi сабаку, якi скруцiўся ў клубок на дарозе там, дзе Вы яго пакiнулi, мы прыехалi за iм. Ён чакаў Вас. Ён не пайшоў з таго месца, дзе Вы яго пакiнулi. Гэта выдатны сабака. Ён вырашыў застацца на тым месцы, дзе апошнi раз бачыў самага дарагога чалавека ў свеце. Ён думаў, што Вы вернецеся. Ён правёў вачыма кожны аўтамабiль, якi з'яўляўся на дарозе, у надзеi, што там за рулём будзеце Вы. Ваш сабака прамёрз, прагаладаўся i напалохаўся да смерцi, таму што Вы, шаноўны, бессардэчная iстота. Ён чакаў Вас. Ён быў настолькi галодны, што стаў грызцi палкi. Добрыя людзi не далi памерцi яму з голаду. Ён ведаў, што павiнен чакаць, пакуль Вы вернецеся. Ён чакаў Вас. Гэта добры сабака, а Вы — дрэнны сябар. Вы адмовiлiся ад таго, хто аддаў бы за Вас жыццё. Таго, каму было пляваць, наколькi вы затрымлiваецеся на працы. Таго, хто быў шалёна задаволены, калi Вы проста пераступалi парог хаты, праверыўшы ў двары паштовую скрыню. Таго, хто выцiраў бы Вам слёзы са шчакi сваiм языком i даядаў бы аб'едкi з Вашай талеркi.

Ён не будзе больш чакаць Вас. Вы не заслугоўваеце гэтага цудоўнага сабакi. Вы не заслугоўваеце якой-небудзь жывёлы наогул. Мяне не хвалюе, хто Вы i якiя Вашы апраўданнi за тое, што адмовiлiся ад гэтага мiлага сабакi. У любым выпадку Вы — сапраўдны мярзотнiк».

Гэта пiсьмо напiсала нядаўна на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках амерыканка па iменi Брук, работнiца прытулку для бяздомных жывёл. Але, калi пакiнуць яго без подпiсу, колькi адрасатаў знайшло б яно па другi бок акiяна, у самай талерантнай, гасцiннай краiне.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вушы, лапы i сумленне

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.