Вы тут

У Ратамцы адбыўся шэраг знакавых мерапрыемстваў


У разгар каляндарнай вясны Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту ажывае так актыўна, як і ўсё вакол. Напярэдадні ў Ратамцы адбыўся шэраг знакавых мерапрыемстваў, сярод іх этап Кубка свету, чэмпіянат Беларусі і міжнародны турнір па выездцы.


У спаборніцтвах прынялі ўдзел 69 спартыўных пар з Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны. Гаспадары заваявалі адразу два дзясяткі медалёў: 7 залатых, 5 сярэбраных і 8 бронзавых узнагарод. Найбольш паспяхова выступіла Ганна Карасёва на кані «Арлекіна», у фінале этапу Кубка свету яна заняла 2-е месца, таксама дуэт стаў чэмпіёнам Беларусі. Да гэтых поспехаў Ганна з канём «Задыяк» дадала перамогу на міжнародных спаборніцтвах узроўню 3 зорак.

— Ганна Карасёва выступіла найбольш паспяхова з нашай каманды. Хоць, вядома, мы чакалі, што яна зможа паўтарыць леташні поспех і заняць першае месца ў фінале гэтага этапу Кубка свету, — расказвае галоўны трэнер беларускай каманды Наталля Юранава. — Справа ў тым, што Карасёва з канём нядаўна вярнуліся са спаборніцтваў у Амерыцы і проста не паспелі аднавіцца. Але калі казаць увогуле, то вынікам беларускай каманды мы задаволеныя, — дадала Наталля Альгертаўна.

Зараз нашы спартыўныя пары рыхтуюцца да чэмпіянату Еўропы, які ў жніўні пройдзе ў Швецыі, да гэтага ў іх графіку ўдзел у шэрагу міжнародных турніраў.

Высокі арганізацыйны ўзровень мінулых спаборніцтваў у Ратамцы быў адзначаны міжнароднымі суддзямі і гасцямі Міжнароднай федэрацыі коннага спорту. Адначасова з правядзеннем этапу Кубка свету адбыўся двухдзённы візіт у нашу краіну прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі коннага спорту Інгмара Дэ Воса, генеральнага сакратара Сабрыны Ібанэз, памочніка прэзідэнта Люсінды Арсеніа. Госці наведалі спартыўныя аб'екты Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі, сустрэліся са спартсменамі і трэнерамі Беларусі і, вядома, пазнаёміліся з культурнымі славутасцямі сталіцы. Найбольш значным мерапрыемствам стала сустрэча гасцей з намеснікам прэм'ер-міністра краіны — старшынёй Беларускай федэрацыі коннага спорту Міхаілам Русым, віцэ-прэзідэнтам НАК Мікалаем Ананьевым, першым намеснікам міністра спорту і турызму Вячаславам Дурновым. Падчас дыялогу абмяркоўваліся пытанні развіцця коннага спорту ў Беларусі і супрацоўніцтва з Міжнароднай федэрацыяй, адукацыйныя праграмы для ўдасканалення падрыхтоўкі трэнераў, спартсменаў і суддзяў.

Адзначым, што падобны візіт стаў першым для кіраўнікоў Міжнароднай федэрацыі коннага спорту ў краіны Усходняй Еўропы. Сёння гэтая арганізацыя з'яўляецца адной з самых прэстыжных у спартыўным свеце, у яе ўваходзіць 134 нацыянальныя федэрацыі.

Ну а для аматараў аднаго з самых прыгожых відаў спорту нагадваем, што беларуская Ратамка прыме наступныя прэстыжныя спаборніцтвы ўжо ў пачатку чэрвеня, спартсмены будуць змагацца ў адным з самых відовішчных відаў праграмы — трохбор'і.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мастацтва верхавой язды

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.