Вы тут

Што атрымаюць выпускнікі школ, якія выберуць рабочую спецыяльнасць


Большасць маладых людзей імкнецца атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, а рабочыя спецыяльнасці не карыстаюцца папулярнасцю. «І дарма!» — кажа начальнік аддзела кадраў і сацыяльнай работы ўнітарнага прадпрыемства «Мінскводаканал» Нэля ПРЫВАЛАВА. Карэспандэнт «Звязды» наведаў «Мінскводаканал» і высветліў, колькі там атрымліваюць маладыя спецыялісты і як зрабіць такія прафесіі прэстыжнымі.


— Нэля Сяргееўна, з якімі навучальнымі ўстановамі супрацоўнічае «Мінскводаканал»?

— Мы вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем з такімі ўстановамі адукацыі, як БНТУ, Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж, Каледж будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі, Каледж мантажных і пад'ёмна-транспартных работ, Каледж сферы абслугоўвання, Ліцэй транспартнага будаўніцтва №5 і многімі іншымі. Студэнты прыходзяць да нас на практыку, мы замацоўваем за імі кіраўнікоў, інструктараў. Пасля заканчэння практыкі кіраўнікі пакідаюць водгукі на практыкантаў, а потым, абапіраючыся на іх, мы адбіраем людзей на працу. Таксама наша прадпрыемства прымае ўдзел у рабоце камісій па размеркаванні. А пачынаем мы працэс прыцягнення маладых людзей яшчэ са школы: расказваем пра запатрабаваныя прафесіі, пра наша прадпрыемства.

— Чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым большы заробак?

— Не заўсёды. Рабочыя з высокім разрадам атрымліваюць дастойную заработную плату, таму ёсць сэнс паступаць не ў вышэйшую навучальную ўстанову. Дапусцім, электраманцёры па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, слесары аварыйна-аднаўленчых работ чацвёртага, пятага разрадаў — у іх зарплата можа быць на ўзроўні спецыяліста або нават кіраўніка. Заробак пастаянна расце са стажам. У нас таксама існуюць розныя бонусы, сацыяльныя гарантыі. Напрыклад, медыцынскае страхаванне. Мы выплачваем прэміі. У нашых работнікаў ёсць перспектывы. Напрыклад, работнік трэцяга раёна па эксплуатацыі водаправодных сетак, пачаўшы працу пасля архітэктурна-будаўнічага каледжа ў якасці слесара, станоўча праявіў сябе, двойчы за тры гады атрымліваў павышэнне і цяпер ужо працуе на інжынернай пасадзе — зарплата даходзіць да 1000 рублёў.

— Колькі людзей вы размяркоўваеце да сябе?

— У мінулым годзе прынялі каля 60 маладых спецыялістаў. Мы свае абавязацельствы з навучальнымі ўстановамі выконваем.

— Як павысіць прэстыж рабочых прафесій?

— Жыццё паказвае, што калі ў цябе запатрабаваная адукацыя, то ты знойдзеш сабе працу. Трэба казаць пра гэта ў школах, трэба, каб гэта тлумачылі бацькі. Трэба правільна ацэньваць рэальную патрэбу прадпрыемстваў у спецыялістах і рабіць найлепшы выбар.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Стабільны заробак і перспектывы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.