Вы тут

У Беларусi з'явiлiся яўрэйскiя турыстычныя маршруты


Вызначана 20 самых знакавых штэтлаў, альбо былых яўрэйскiх мястэчак, дзе захавалiся аб'екты культурнай яўрэйскай спадчыны. Большасць такiх гарадкоў знаходзiцца ў Гродзенскай вобласцi. Упершыню турысты змогуць арганiзавана праехаць па гэтых мясцiнах, пачуць iх гiсторыю, а магчыма, адшукаць магiлы сваiх продкаў.


Пад­час ня­мец­кай аку­па­цыi Грод­на сi­на­го­га, якая зна­хо­дзi­ла­ся ў цэнт­ры ге­та, вы­ка­рыс­тоў­ва­ла­ся на­цыс­та­мi як мес­ца збо­ру яў­рэ­яў пе­рад ад­праў­кай у канц­ла­ге­ры i на рас­стрэ­лы.

Сiнагога, ешыбот, мiква...

Гарадскi пасёлак Радунь — адзiн з адрасоў маршруту. Тут жыў знакамiты яўрэйскi фiлосаф i прапаведнiк Хафiц Хаiм. Вядомы ён тым, што ў 1869 годзе заснаваў у Радунi яўрэйскую акадэмiю — ешыбот, якi праславiўся на ўвесь свет. Работнiк Воранаўскага райвыканкама Лiлiя СIДАРОВIЧ паведамiла, што яўрэйскiя паломнiкi i турысты прыязджаюць сюды, каб убачыць той самы ешыбот, але галоўнае — пабываць на магiле вялiкага прапаведнiка.

Яшчэ адным месцам паломнiцтва стаў аграгарадок Iндура Гродзенскага раёна. У сельскiм Савеце расказалi, што турыстаў цiкавяць мясцовыя могiлкi, дзе захавалiся плiты XVIII стагоддзя. Аказваецца, у гэты час Iндура лiчылася адным з цэнтраў хасiдызму. Гэты кiрунак iўдаiзму прапаведуе асаблiвую рэлiгiйнасць i набожнасць. Былое мястэчка выклiкае цiкавасць яўрэяў-хасiдаў. Тут захаваўся будынак сiнагогi, воднага рэзервуара для ачышчэння (мiквы), гiстарычная забудова. У пачатку XX стагоддзя гэта быў пасёлак, дзе яўрэйскае насельнiцтва складала асноўную частку жыхароў.

Вядома, уключаны ў маршрут i гарадскi пасёлак Мiр. Толькi тут захаваўся адзiны ў Беларусi комплекс — дзве сiнагогi, школа, а таксама будынкi кагалу (органа самакiравання) i ешыбота. Пра мястэчка многае можа расказаць Вiктар САКЕЛЬ — гаспадар прыватнага музея, большасць экспанатаў якога складаюць прадметы яўрэйскага побыту. Ён iх сам i знаходзiў. Ёсць у яго музеi нават пазалочаныя скруткi Торы з цялячай скуры, срэбны посуд, з якога пiлi вiно. Дзецям дазвалялася пакаштаваць напiтак з 13 гадоў, але толькi па пятнiцах. Дарэчы, сам будынак музея — былая яўрэйская карчма.

З мястэчкам Мiр звязаны лёс цiкавага чалавека — Освальда Руфайзена, якi меў дачыненне да ўцёкаў вязняў Мiрскага гета напярэдаднi масавага расстрэлу. У будучым каталiцкi святар, ён стаў прататыпам персанажа вядомага бiяграфiчнага рамана пiсьменнiцы Людмiлы Улiцкай «Данiэль Штайн. Перакладчык».

У Мiрскiм замку, дзе ў гады вайны знаходзiлася гета, цяпер адкрыта экспазiцыя «Мiрскае гета». У музеi Вiктара Сакеля трагiчны лёс яўрэйскага насельнiцтва сiмвалiзуюць расплаўленыя i абгарэлыя бутэлькi i шклянкi, якiя ён знайшоў на месцы згарэлай у гады вайны аптэкi. Пасля вайны яўрэi вярталiся дамоў, але многiя затым з'ехалi ў Iзраiль.

Ciнагога XIX ста­год­дзя  ў По­ра­за­ве  Свiс­лац­ка­га ра­ё­на.

Вяртанне на зямлю продкаў

Зараз беларускi бок можа прапанаваць маршрут па штэтлах, якi падрыхтаваны ў рамках праграмы трансгранiчнага супрацоўнiцтва Польшча—Беларусь—Украiна.

— Мы маем маршрут, дзе сабраны матэрыял па 20 мястэчках, — гаворыць удзельнiк праекта, загадчык кафедры гiсторыi Беларусi, археалогii i спецыяльных гiстарычных дысцыплiн Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Сяргей ПIВАВАРЧЫК. — Амаль усе яны знаходзяцца ў Брэсцкай i Гродзенскай абласцях — Дзятлава, Жалудок, Iўе, Кобрын, Лунна, Мiр, Навагрудак, Iндура, Радунь, Пружаны, Слонiм i iншыя. Яшчэ па 20 маршрутах распрацаваны напрамак партнёрамi з Польшчы i Украiны. Для тых, хто хоча больш даведацца пра яўрэйскую спадчыну Усходняй Еўропы, iснуе трансгранiчны маршрут.

Падрыхтоўкай новага турыстычнага прадукту беларускiя навукоўцы займалiся два гады. За гэты час было арганiзавана некалькi экспедыцый па былых штэтлах, сабраны звесткi, выдадзены кнiгi-даведнiкi, падрыхтавана 35 экскурсаводаў. З'явiўся i вiртуальны прадукт — тры турыстычныя маршруты па месцах яўрэйскай спадчыны Беларусi, Польшчы, Украiны. Створана 15 вiртуальных трохмерных макетаў гiстарычных гарадоў. Удзельнiк праекта паведамiў, што iнтарэс да новага кiрунку праяўляюць турыстычныя фiрмы. Гаспадары некаторых аграсядзiб дадаюць у меню стравы яўрэйскай кухнi. Напрыклад, аграсядзiба ў Ашмянах, якая працуе каля былой сiнагогi.

Вiктар Сакель заўважае, што апошнiм часам гарадскi пасёлак Мiр, у тым лiку i яго музей, часта наведваюць нашчадкi былых жыхароў. Яны спадзяюцца адшукаць не толькi магiлы сваiх продкаў, але i дамы, дзе яны жылi. Калi могiлкi захавалiся амаль паўсюдна, то старыя яўрэйскiя забудовы зносяцца. Такi вывад зрабiлi падчас экспедыцыi ўдзельнiкi праекта.

Вя­лi­кая ха­раль­ная сi­на­го­га ў Грод­не.

— На жаль, яўрэйская спадчына знiкае, — перажывае Сяргей Пiваварчык. — Бывае, што жылыя забудовы зносяцца. Напрыклад, так адбылося ў Астрыне. У населеным пункце за кароткi тэрмiн знеслi тры яўрэйскiя дамы, якiя складалi цiкавы ландшафтны комплекс.

Цi не атрымаецца так, што ад яўрэйскай спадчыны застануцца толькi могiлкi, — задаецца пытаннем навуковец. А мiж iншым менавiта тыповыя штэтлы сфармiравалi сучасны выгляд многiх гарадкоў i пасёлкаў. Падняць гэты пласт гiстарычнай спадчыны магчыма, калi падключацца мясцовыя ўлады, грамадскiя арганiзацыi. Настальгiчны турызм варта падтрымаць, тым больш, што памiж Iзраiлем i Беларуссю з лiстапада 2015 года дзейнiчае бязвiзавы рэжым.

— Варта паставiць шыльды, развiваць iнфраструктуру, каб турысты пакiнулi тут свае грошы, — лiчыць Сяргей Пiваварчык. — Бо гэта садзейнiчае развiццю рэгiянальнай эканомiкi.

Маргарыта Ушкевiч

margo@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

У тэму

Мiкалай РОЗУМ, старшыня Воранаўскага райвыканкама:

— Мы вядзём перагаворы з яўрэйскiмi iнвестарамi, якiя маюць намер стварыць у Радунi турыстычны цэнтр. Якраз у красавiку будуць вызначаны межы ўчастка, якi выдзяляецца каля старых яўрэйскiх могiлак. Згодна з праектам, якi прайшоў узгадненнi, тут плануецца пабудаваць 10—12 гасцявых домiкаў, гасцiнiцу, рэстаран. Таксама разглядаецца пытанне аб перадачы яўрэйскай абшчыне будынка былога ешыбота, там цяпер месцiцца Дом культуры. Мы гатовы гэта зрабiць, але з умовай, што для ўстановы культуры будзе ўзведзены новы будынак.

Таiсiя КОЦКАЯ, дырэктар турыстычнай фiрмы:

— У нас ёсць пастаянная група турыстаў-яўрэяў, якiя арганiзавана збiраюцца з усяго свету — Аргенцiны, Канады, ЗША, Iзраiля, i прыязджаюць сюды на так званы «настальжы-тур». У Беларусi яны наведваюць тыя мясцiны, дзе нарадзiлiся i жылi. У асноўным гэта гарады Мiр, Слонiм, Навагрудак... Часцей былыя жыхары прыязджаюць сем'ямi. Многiя наведваюць святыя месцы, якiя звязаны з iмёнамi равiнаў i прапаведнiкаў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».