Вы тут

Як «Звязда» пісала гісторыю: 1954—1964


Аднаўленне з руін беларускіх гарадоў і вёсак, якія жорстка разбурыла вогненная калясніца Вялікай Айчыннай, і асваенне цалінных зямель, час уладарання «царыцы палёў» і з'яўленне ўласнага тэлецэнтра, развянчанне культу асобы і гонка за сусветнае раззбраенне, развітанне з народным паэтам і сустрэча з космасам, а таксама прапаганда мірнага атама, будоўля хімічных прадпрыемстваў-гігантаў, 10-разовая дэнамінацыя і 7-гадовая праграма канчатковай пабудовы камунізму — пра ўсё гэта і многае іншае расказвала чытачам «Звязда» ў перыяд адлігі.


Нядзельныя выпускі «Звязды» пачынаюць вылучацца колерам.

Асартымент вымушае жадаць...

У публікацыях 50-х гадоў шмат нараканняў, што ў крамах няма самага неабходнага для насельніцтва. А неабходна літаральна ўсё: дзіцячы і дарослы абутак, зімовая вопратка, дыхтоўная мэбля, гузікі, асялкі для тачэння брытвы і іншыя тавары шырокага ўжытку. «У магазіне «Дзіцячы свет», — піша ў рэдакцыю хатняя гаспадыня тав. Цішкевіч з Мінска, — вельмі рэдка бываюць валёнкі, шарсцяныя касцюмы, з перабоямі паступаюць цёплыя паліто для дашкольнікаў, а асартымент дзіцячых тавараў вельмі аднастайны». Мінчанку падтрымалі сяляне з Веткаўшчыны, расказаўшы, што на паліцах сельскіх крамаў няма абутку і цёплых рэчаў для школьнікаў і дашкольнікаў. Каб выправіць сітуацыю, рэдакцыя «Звязды» праводзіць рэйды па прадпрыемствах — напрыклад, у студзені 1954-га карэспандэнты праверылі мясцовую і кааператыўную прамысловасць Брэста, раскрытыкаваўшы ў хвост і грыву якасць і знешні выгляд, а таксама мізэрны асартымент мэблі, абутку і адзення. У пастаяннай рубрыцы «Па матэрыялах «Звязды» кіраўнікі прадпрыемстваў, старшыні калгасаў і супрацоўнікі дзяржорганаў рэгулярна адказваюць на крытыку — дакладней, апраўдваюцца, як яны выпраўляюць выяўленыя хібы і недахопы.

У студзені 1961 года ў СССР праходзіць чарговая грашовая рэформа — дэнамінацыя адначасова з дэвальвацыяй. Рублі ўзору 1947 года абменьваліся на новыя з разліку 10 да 1. Многія адзначалі, што новыя казначэйскія білеты «меншыя і зручнейшыя за старыя, а вагу маюць у 10 разоў большую», але мала хто адразу звярнуў увагу, што пакупная здольнасць рубля насамрэч моцна ўпала (так, калі да 1961 года долар каштаваў 4 рублі, то пасля рэформы курс абмену склаў не 40 капеек, а 90).

Зрэшты, хапае і дасягненняў. Так, у 1954 годзе са сталіцы пачалася газіфікацыя камунальных гаспадарак на базе прывазнога вадкага газу. «У першую чаргу атрымаюць газ каля 5000 кватэр, рад бытавых і медыцынскіх устаноў», — зазначае газета. А яшчэ 1 красавіка 1954-га — і гэта не жарт — «Звязда» паведамляе аб чарговым зніжэнні рознічных цэн на харчовыя і прамысловыя тавары: ад 5% на хлеб і макароны да 25% на панчохі з капрону і ажно да 40% на бензін і асвятляльную газу. Такіх дзяржаўна рэгулюемых паніжэнняў цэн было некалькі, і хоць істотна дабрабыт насельніцтва яны не паляпшалі, аднак дазвалялі там-сям сэканоміць. Яшчэ пачынаюць адкрывацца першыя крамы самаабслугоўвання; намеснік дырэктара адной такой крамы расказаў «Звяздзе», што пакупнікі «трацяць часу на пакупкі ўдвая менш, чым у магазіне звычайнага тыпу», і гэта адно красамоўна характарызуе тагачасны сэрвіс...

За хлебам падцягваюцца і відовішчы. Пад Мінскам пачынаецца будоўля найбуйнейшага ў рэспубліцы штучнага вадасховішча каля ўрочышча Ганалес. «Яго берагі падыдуць шчыльна да станцыі Ратамка, а вёска Другое Зарэчча, якая знаходзіцца на дне будучага Мінскага возера, пераселіцца на новае месца», — паведамляюць карэспандэнты «Звязды». Адзін за адным адкрываюцца кінатэатры — напрыклад, насупраць Акадэміі навук, на праспекце Сталіна, кінатэатр «Зорка» запрашае сваіх першых гледачоў на фільм «Вялікі воін Албаніі Скандэрбег», а на сталічнай вуліцы Энгельса пачаў работу дзіцячы кінатэатр. Летам 1955-га адкрываецца першая ў краіне малая Беларуская чыгунка — дзіцячая, і поезд з 6 вагонаў урачыста здзейсніў свой першы рэйс праз тры станцыі. У 1959 годзе Белдзяржцырк даў першыя прадстаўленні ў новым будынку — тым самым, які мы ведаем і сёння.

Са свайго боку, насельніцтва, асабліва моладзь, рэагуе на дзяржаўны клопат працоўнымі подзвігамі і сацыялістычнымі абавязацельствамі. У газеце друкуюцца цыкл нарысаў «Людзі стваральнай працы» і ўкладка «Старонкі працоўнага вопыту» пра перадавікоў вытворчасці. Прадставіць Беларусь на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве, дзе ўжо ўзводзяцца адмысловыя павільёны для кожнай з саюзных рэспублік, лічаць за гонар усе калгасы, аднак такое права атрымалі толькі 309 гаспадарак і 6 тысяч перадавікоў.

Спецыяльнае рашэнне Мінгарвыканкама аб змяншэнні вулічнага і бытавога шумоў. Уявіце сабе, сучасныя аўтаўладальнікі: раней нават часовыя стаянкі машын у жылых дварах былі забароненыя!

Культ асуджаны

У лютым 1956-га праходзіць гістарычны пазачарговы ХХ з'езд КПСС, які асудзіў культ асобы і даў першы штуршок рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій. «Усім зразумела, якое велізарнае прынцыповае і жыццёва важнае значэнне мае праводзімы Цэнтральным Камітэтам курс супраць культу асобы, чуждага духу марксізму-ленінізму», — цытуе «Звязда» прамову Г. Малянкова. І няхай праз год ён сам, як і шэраг іншых дзеячаў, атрымае кляймо «антыпартыйнай групоўкі» і будзе выключаны з партыі — па старой завядзёнцы газеты пішуць, што рашэнні ЦК КПСС горача вітаюць і аднадушна ўхваляюць не толькі свядомыя рабочыя, але і сяляне з аддаленых вёсак. Неўзабаве пасля развянчання культу асобы ідзе масавае перайменаванне — так і цэнтральны праспект Мінска, дзе знаходзяцца рэдакцыі вядучых газет, зноў становіцца Ленінскім.

У верасні 1955 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР зацвердзіў дзяржаўны гімн рэспублікі — той самы, на словы Міхася Клімковіча і музыку Нестара Сакалоўскага, пачатак якога многія памятаюць і сёння: «Мы — беларусы — з братняю Руссю...»

Яшчэ адна скразная тэма друку — 6-я гаспадарчая пяцігодка, у якой прадпрыемствы запланавана перавесці на 7-гадзінны працоўны дзень без зніжэння заробкаў рабочых і служачых. Ударнікі працы, у сваю чаргу, заклікаюць «закрыць» пяцігодку ў два гады і абяцаюць перавыканаць вытворчыя планы — на 150, 180 і нават 200 працэнтаў.

Праўда, ужо ў 1959 годзе замест завышанага пяцігадовага плана быў абвешчаны сямігадовы, які мусіў узняць усе галіны эканомікі, у тым ліку за кошт інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і развіцця высокатэхналагічнай вытворчасці, і значна палепшыць умовы жыцця насельніцтва. Замежны друк нездарма назваў агучаныя паказчыкі «грандыёзнай праграмай будаўніцтва камунізму». Напрыклад, толькі сярэдняя адукацыя па Савецкім Саюзе павінна была ахапіць 38—40 мільёнаў чалавек — на 10 мільёнаў больш, чым у 1958 годзе. Гэткія ж маштабныя задачы былі пастаўлены абсалютна ва ўсіх сферах, ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да медыцынскага абслугоўвання.

Рубрыка «Ля карты нашай рэспублікі» расказвае чытачам, як адбудоўваюцца і развіваюцца абласныя і раённыя цэнтры Беларусі — Барысаў, Баранавічы, Пінск і іншыя. Праз пэўны час героямі гэтай рубрыкі становяцца зусім новыя, наймаладзейшыя ў краіне гарады: Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Белаазёрск. «Я магу дакладна назваць самую памятную дату ў жыцці нашага горада — 10 снежня. Гэта дзень пуску першай чаргі Салігорскага калійнага камбіната, — расказаў журналістам старшыня гарвыканкама Г. Ванкевіч. — Патомкі, — я ўпэўнены ў гэтым, — будуць глядзець на яго, як на помнік мужнасці і працавітасці людзей, якія жылі ў палымяную пару сямігодкі».

15 студзеня 1959 года пачаўся першы пасля вайны Усесаюзны перапіс насельніцтва, правядзенне якога ў БССР забяспечвалі 28 тысяч чалавек — перапісчыкі, лічыльшчыкі, інструктары-кантралёры. Насельніцтва Беларусі, як сведчыць «Звязда», складае 8,06 мільёна чалавек — на 850 тысяч менш, чым у 1939 годзе.

Нумар ад 13 красавіка 1961 года прысвечаны — зразумела ж, першаму палёту чалавека ў космас. Што цікава, нашы папярэднікі згадваюць сённяшні час: «Вы, магчыма, памятаеце, як абрысаваў Канстанцін Цыялкоўскі сваю мару аб палёце касмічнага карабля з людзьмі на борце. Час гэтай падзеі ён аднёс да 2017 і наступных гадоў... Ён толькі не меркаваў, што падзеі разгорнуцца значна хутчэй — не ў 2017, а ў 1961!»

Два дні з ранку да ночы беларусы ішлі на развітанне з Якубам Коласам.

Каб памяталі

У дзень 10-й гадавіны вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сталіцы на тагачаснай Круглай плошчы быў урачыста адкрыты помнік-абеліск воінам Савецкай Арміі і партызанам, якія загінулі ў баях за Радзіму. Чырвоную стужку, як засведчыла «Звязда», перарэзаў сакратар мінскага гаркома КПБ І. Варвашэня.

8 лістапада 1956 года газета друкуе рэпартаж з адкрыцця Музея гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, а яшчэ праз некалькі гадоў, у чэрвені 1964-га, пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва помніка героям абароны Брэсцкай крэпасці.

...Яшчэ адну велізарную страту панесла Беларусь у гэты перыяд — 13 жніўня 1956 года не стала народнага паэта Якуба Коласа. Працоўныя рэспублікі развітваліся з ім два дні ў Палацы культуры прафсаюзаў. Чарга тых, хто жадаў аддаць даніну памяці паэту, расцягнулася на ўсю плошчу, а ў «Звяздзе» ледзь хапіла месца для развітальных слоў. Вось радкі з надрукаванага ў тыя дні верша Сяргея Грахоўскага:

«...Цвітуць палі у кроплях буйных рос,

Шумяць бары, а сэрца плача ўголас.

Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,

Што на зямлі тваёй узрос.

Ён не паспеў аб нашым слаўным часе

Усяго сказаць, усіх паэм злажыць.

Пайшоў пясняр, а песня засталася,

Памёр паэт, а песня будзе жыць!»

«Звязда» таксама апублікавала спецыяльную пастанову ЦК КПБ аб увекавечанні памяці паэта, сярод пунктаў якой — перайменаванне Лагойскага тракту ў сталіцы ў вуліцу імя Якуба Коласа, а Камароўскай плошчы — у плошчу Якуба Коласа, з усталяваннем там помніка песняру; стварэнне ў Мінску літаратурнага музея паэта з філіялам у яго родным сяле Мікалаеўшчына; усталяванне іменнай коласаўскай стыпендыі для студэнтаў-выдатнікаў з БДУ і Мінскага педінстытута; выданне поўнага збору твораў Якуба Коласа.

А праз два гады на месцы старой Камароўкі з'явілася — на той час самая вялікая ў горадзе — плошча імя Якуба Коласа, дзеля чаго быў рэканструяваны існуючы корпус Інстытута фізкультуры і ўпрыгожаны архітэктурнымі элементамі яго калоны.

Кукуруза – адна з абавязковых гераінь газетных публікацый 60-х.

Кукуруза, мірны атам і іншыя героі часу

«Поле ў тэрмін засявай, будзе слаўны ўраджай!» — заклікаюць газетныя перадавіцы вяскоўцаў. А сеяць і даглядаць цяпер трэба не толькі бульбу, збожжа, цукровыя буракі, бабовыя культуры, але і кукурузу, пажыўнасць якой шырока рэкламуецца, як цяпер сказалі б, з кожнага праса. У калгасах-перадавіках, мяркуючы па публікацыях, кукуруза прыбаўляе па 7 сантыметраў за суткі.

У 1955-м, рыхтуючыся да адкрыцця Мінскага тэлецэнтра, айчынная прамысловасць пачала выпускаць, а крамы, адпаведна, прадаваць тэлевізары маркі «Беларусь». Гэты цуд тэхнікі, разрэкламаваны ў тым ліку ў «Звяздзе», меў 19 лямпаў і памер экрана... 180х240 міліметраў! У студзені 1956-га ўпершыню з экранаў гучыць «Гаворыць Мінск!»,
а афіцыйна тэлецэнтр уведзены ў строй 8 сакавіка. «Перадачы прымаюцца на адлегласці 60 кіламетраў ад горада. З 8 сакавіка яны будуць праводзіцца тры разы ў дзень. Тэлевізары ўжо ўстаноўлены амаль у 50 населеных пунктах Мінскай і Маладзечанскай абласцей. Другі тэлевізійны цэнтр у Беларусі будзе ўзведзены ў Гомелі», — піша «Звязда», якая таксама друкуе самую першую беларускую тэлепраграму — пакуль яна займае некалькі радкоў на апошняй старонцы (гл. фота), побач з тэатральнай і кінаафішай.

Яшчэ адно газетнае новаўвядзенне — з 1959 года «Звязда» пачынае друкаваць прагноз надвор'я, праўда, спачатку «з учора на сёння», а потым і на наступныя дні. Газета, дарэчы, зноў выходзіць па нядзелях, бо так шмат трэба расказаць чытачам: пра тэлефанізацыю вёскі і інтэнсіфікацыю вытворчасці, пра спартыўныя і культурныя дасягненні землякоў, пра жыццё ў рэгіёнах і падзеі ў свеце... Пры гэтым нядзельныя выпускі з сярэдзіны 1964 года робяцца часткова каляровымі — з чырвонай або сіняй фарбай.

Тэлепраграма ў 1961 годзе займае ўсяго некалькі радкоў.

22 мая 1962 года, піша «Звязда», уступіў у строй «першы ў рэспубліцы даследчы ядзерны рэактар Інстытута энергетыкі АН БССР. Вучоныя Беларусі атрымалі добра аснашчаную базу для даследаванняў, якія маюць важнае значэнне для развіцця фізікі, энергетыкі, медыцыны, біялогіі, сельскай гаспадаркі».

На першых палосах газеты — оды новабудоўлям-гігантам хімічнай прамысловасці: Светлагорскаму заводу штучнага валакна, Гродзенскаму азотнатукаваму, Гомельскаму суперфасфатнаму, Полацкаму нафтаперапрацоўчаму, Салігорскаму калійнаму камбінату і іншым, з чыіх рыштаванняў, дзеючых цэхаў, лабараторый літаральна штодня паступаюць навіны. Хімія ўпэўнена ідзе ў сельскую гаспадарку, у навуку і прамысловасць: угнаенні, мыючыя сродкі, новыя лекі, лакі і фарбы, паліва, тканіны — лаўсан, «капрон з начосам», сінтэтычнае футра актыўна рэкламуюцца на старонках «Звязды».

У 60-я савецкі друк увогуле вельмі любіць разнастайныя рэкорды і круглыя лічбы, і «Звязда» не выключэнне. 100-тысячны сіласаўборачны камбайн, выпушчаны ў студзені 1959-га «Гомсельмашам», 100-тысячны дызельны рухавік Мінскага трактарнага завода, 100-тысячны самазвал «МАЗ-205» вішнёвага колеру, 35-тысячная газавая пліта, сабраная на брэсцкім заводзе «Газаапарат» — усё гэта скрупулёзна падлічваецца і ўхваляецца ў самых патэтычных выразах.

У сярэдзіне 1960-х на палосах сустракаюцца першыя інтэрв'ю ў звыклым выглядзе «пытанне-адказ» — так, старшыня Усесаюзнага трэнерскага савета па фехтаванні В. Аркадзьеў расказвае, што напярэдадні Алімпіяды ў Токіа бачыць у ліку фаварытаў мінчанку Таццяну Самусенка. І яна, таксама як беларускія спартсмены кідальнік молата Рамуальд Клім, барэц Аляксандр Мядзведзь, гімнастка Алена Валчэцкая, уваходзіць у шэрагі алімпійскіх чэмпіёнаў.

А яшчэ «Звязда» друкуе вельмі многа матэрыялаў з-за мяжы — пра сустрэчы кіраўнікоў СССР, ЗША, Францыі і Англіі ў Жэневе, Сусветную асамблею міру ў Хельсінкі, кангрэс за раззбраенне і міжнароднае супрацоўніцтва ў Стакгольме, навіны з Кітая, Карэі, ЗША, Інданезіі, Японіі, Алжыра, Бразіліі, Албаніі, Чэхаславакіі і г. д. Пад асаблівай увагай — падзеі на Кубе, у падтрымку якой савецкія людзі рэгулярна выходзяць на шматтысячныя мітынгі з заклікамі «Рукі прэч ад Кубы!».

...Беларускія журналісты, як і многія савецкія людзі, верылі, што 1965-ы стане годам здабыткаў, здзяйсненняў і перамог — прынамсі, святочны пераднавагодні нумар прасякнуты гэтай верай і аптымістычным позіркам у будучыню. Што стала з гэтымі чаканнямі і планамі надалей, калі адліга скончылася і пачаўся доўгі перыяд застою? Пагартаем старыя падшыўкі — даведаемся.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.

Грамадства

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы.

Грамадства

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Банда рабаўнікоў «трапілася» дзякуючы адбіткам спецыяльнай прылады.

Грамадства

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі.