Вы тут

Спектакль Саўлюса Варнаса «Смех у цемры» даследуе вытокі здрады


...І разважае аб жорсткасці пакарання, якое можа напаткаць парушальніка свяшчэнных повязяў шлюбу.


Пад­час па­ка­зу спек­так­ля ў На­цы­я­наль­ным мас­тац­кім му­зеі Бе­ла­ру­сі.

Тэма для рэжысёра Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюса Варнаса не новая: у 2016 годзе ён ужо закранаў неадназначнасць стасункаў паміж мужчынам і жанчынай, ілюзіі кахання і закаханасць у ілюзіі, безвыходнасць нешчаслівага шлюбу ў спектаклі «Крэйцарава саната» (паводле аповесці Льва Талстога). Гэтым разам літаратурнай асновай для пастаноўкі стаў раман Уладзіміра Набокава «Камера абскура». Нягледзячы на тое, што гэты раман не дасягнуў папулярнасці «Лаліты», ён шмат у чым яе нагадвае, але значна больш пасуе тэатру: у адрозненні ад няспешнай манеры разняволенага «лалітаўскага» аповеду, сюжэт «Камеры абскуры» больш дынамічны.

Каб зрабіць годны сцэнічны варыянт рамана, рэжысёр-пастаноўшчык узяў на сябе абавязкі сцэнографа, мастака па святле, і сам падабраў музыку.

Ад рамана застаўся сюжэтны каркас і літаральна ўспрынятае адлюстраванне назвы: дэкарацыі ўвасобілі сапраўдную камеру-абскуру, у якую змясцілі постаць галоўнага героя. Бруна Крэчмар праяўляўся ў спектаклі, нібыта выява на старой фотаплёнцы, і тое, што ўзнікала перад вачамі засяроджаных гледачоў, належала ўжо не таленту Набокава, а рэжысёрскай інтэрпрэтацыі. У цэнтры ўвагі драматычнага аповеду апынуліся не ўчынкі Бруна Крэчмара, не псіхалагічны аналіз галоўнага героя і нават не пытанні чалавечага сумлення. Спектакль ператварыўся ў даследаванне суадноснасці злачынства і пакарання: Бруна Крэчмар дорага заплаціў за здраду, але ці заслужыў ён такі жорсткі прысуд?

Спачатку спектакль паставілі класічна: акцёр на сцэне, гледачы — у глядзельнай зале, але адразу пасля першага паказу Саўлюс Варнас перанёс на сцэну і дзеянне, і гледачоў. Такі ход стварыў таямнічую атмасферу асабістай размовы, дзе персанаж расказвае ўласную гісторыю, а ўсе астатнія яе слухаюць. Для ўсталявання больш шчыльнага кантакту з аўдыторыяй акцёр пачынае ўзаемадзейнічаць з гледачамі яшчэ да пачатку спектакля, а падчас дзейства выходзіць за межы дэкарацый.

Галоўную (і адзіную!) ролю ў спектаклі выконвае акцёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Іван Трус, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі за найлепшую мужчынскую ролю ў спектаклі тэатра драмы. Бруна Крэчмар у інтэрпрэтацыі спадара Труса — няшчасны, ахоплены балючай палкасцю чалавек. Герой не шукае апраўданняў: наадварот, самастойна агучвае бязлітасныя прысуды. Але ці можам мы асуджаць Крэчмара? Пыхлівыя абвінавачанні выглядаюць груба і ненатуральна, у той час як пранікнёны аповед персанажа кранае да глыбіні душы. Ім валодаюць пачуцці: палкасць, закаханасць і ў той жа час — віна. Віна перад жонкай, дачкой, грамадскасцю і нават самім сабой. І калі спачатку ўзнікае пытанне аб тым, ці не лепш утаймоўваць свае жаданні, разам з прадказальным адказам (вядома, лепш!) прыходзіць новае пытанне: ці можа чалавек уладарыць пачуццямі?

«Смех у цемры» — дастаткова тэхнічны спектакль, дзе ёсць і відэапраекцыі, і закадравы тэкст.

«Акцёр павінен умець працаваць з тэхнічным бокам пастаноўкі, — упэўнены Іван Трус. — Груба кажучы, трэба запомніць тры крокі, павярнуцца, прысесці альбо ступіць на моцную ці слабую долю. Калі акцёры гэтаму не навучыліся, ім няма чаго рабіць у тэатры. Але зараз з'явілася шмат і сталых, і маладых, якія думаюць, што дастаткова выйсці на сцэну і прамовіць тэкст, тым больш калі глядач памятае іх па ўдалай мінулай працы. Здаецца, што гэта можна параўнаць са звычайнымі чалавечымі паводзінамі: веласіпеды ездзяць па веладарожках, пешаходы ходзяць па ходніках, мужчына саступае жанчыне месца ў транспарце, і гэта нармальна. Не трэба дзякаваць, бо так павінна быць. На жаль, нам яшчэ вельмі доўга давядзецца казаць «дзякуй».

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Дар'і ЛАБАНАВАЙ

Загаловак у газеце: Куды прыводзяць жаданні?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?