Вы тут

«Столькі ўнукаў, колькі ў нас, ні ў кога няма»


Пра ашмянскіх дзядулю і бабулю, дзяцей, што ні ў чым не вінаватыя, ды дырэктара, які не задзірае нос.

Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, на парозе Ашмянскай школы-інтэрната нас сустракалі сонечныя хлопчыкі і дзяўчаткі. Убачыўшы знаёмыя твары, некаторыя з іх з прамяністымі ўсмешкамі беглі абдымацца. Вось ужо шэсць гадоў шэф-кухар і эксперт беларускай кухні Алена Мікульчык ладзіць у Ашмянах дабрачынны праект «Кулінарыя плюс». Раз на месяц са сваімі сваякамі і валанцёрамі здзіўляе дзяцей нейкай пазнавальнай праграмай. І кожны раз штосьці разам з імі гатуе. Бо хоча, каб яны смялей глядзелі ў будучыню.


За столькі гадоў удзельнікі праекта сталі сапраўднай дружнай сям'ёй. У гэтай сям'і ёсць свае бабуля і дзядуля — Валянцін Алегавіч і Валянціна Фёдараўна Ушаковы (бацькі Алены Мікульчык), «свае» французы Марк і Міла, «свае» грузіны Ніно і Натэла, «свая «наша Наташа» (так дзеці называюць Наталлю Ганціеўскую), незаменныя Наталля Аксакава і Андрэй Варабей... А таксама валанцёры — людзі, гатовыя правесці з дзецьмі свой выхадны дзень, расказаць пра сваю прафесію, хобі або краіну, адкуль яны прыехалі.

Разам са мной дажджлівым суботнім днём у Ашмяны завіталі ажно 13 студэнтаў універсітэта фізічнай культуры, родам з Бангладэш. Хлопцы паказалі дзецям свае нацыянальныя строі, праспявалі песні. І паабяцалі, як будзе добрае надвор'е, навучыць гуляць у кракет. Пасля канцэрта быў майстар-клас па ёзе пад чароўныя гукі «барабана шчасця». І вядома, самая смачная частка — знаёмства з нацыянальнай кухняй Бангладэш. Гатавалі пілау з агароднінай, але ў беларускім стылі, без вострых спецый. Усё ж такі дзеці, ім вострае нельга. Што цікава, у майстар-класе ахвотней удзельнічалі менавіта хлопцы.

Сярод тых, хто актыўна дапамагаў гатаваць пілау, быў і 11-гадовы Ванечка. Яго Алена Мікульчык у той жа дзень забрала з сабой у Мінск, на канікулы. Гэты хлопчык далёка не першае дзіця, якое ездзіла ў госці да шэф-кухара. Падчас той паездкі я пазнаёмілася і з дзвюма прыёмнымі дачушкамі Алены — Аняй і Галяй.

«Мне ўчора патэлефанавала бабуля, сказала, што зноў прыязджаюць у Ашмяны вялікай кампаніяй, — кажа Аня. — Вось я і прыбегла, каб пабачыцца. Мы з мужам тут непадалёку жывём. З Аленай Мікульчык я пазнаёмілася ў школе-інтэрнаце, мне тады было 16. Яна мне адразу спадабалася, вельмі добрая і адкрытая. Калі прыязджала, мы падоўгу размаўлялі. Потым Лена запрасіла мяне да сябе ў госці. Вось ужо гадоў шэсць, як мы і сябруем. Калі я выходзіла замуж, усе госці былі ўпэўненыя, што яна — мая родная сястра, а яе бацькі — мае бабуля з дзядулем. Цяпер сябруем сем'ямі. Праўда, дзядуля? (Аня прытулілася да пляча дабрадушнага Валянціна Алегавіча.) Кожны сам гаспадар свайго жыцця, як уладкуе, такім яно і будзе. У мяне былі праблемы ў сям'і, я бачыла дрэнны прыклад з маленькага ўзросту. І разумею, што так жыць не хачу. Таму цяпер працую на Ашмянскім мясакамбінаце і паралельна завочна атрымліваю вышэйшую адукацыю».

Штомесяц у Ашмяны са сваёй новай сям'ёй прыязджае і 18-гадовая Галя. Дзяўчына з 11 гадоў ездзіла да Алены Мікульчык у госці. А зараз паступіла ў педуніверсітэт і жыве разам з мамай — шэф-кухарам — і татам у Мінску. Што цікава, са сваім мужам Алена Мікульчык таксама пазнаёмілася ў Ашмянах. Андрэй Варабей, майстар спорту па джыу-джыцу, быў удзельнікам яе дабрачыннага праекта.

— Алена, а чаму вы выбралі менавіта Ашмянскую школу-інтэрнат?

— Зусім выпадкова. У адзін цудоўны дзень на дабрачынным мерапрыемстве я пазнаёмілася з дырэктарам Ашмянскай школы-інтэрната. «Мы для нашых дзетак зрабілі маленькія куханькі, — кажа, — але ж яны не ўмеюць гатаваць. Прыедзьце навучыце». А я з сяброўкай была. Падумалі: чаму б і не, давай прыедзем разок, навучым пячы пірог. І так нам тая першая паездка не спадабалася, а ўсё таму, што мы дрэнна падрыхтаваліся. Вырашылі, а давай яшчэ раз прыедзем, падрыхтуемся як след. Будзем не проста гатаваць, а штосьці расказваць. Пра краіны свету, напрыклад. Якраз не так даўно я была ў Індыі. У мяне свежыя фотаздымкі, прыгожае сары. У выніку мы запрасілі сапраўдных індыйцаў, гатавалі масала доса. А потым зладзілі фотасесію ў сары. Дзеці, калі праводзілі нас, у адзін голас па некалькі разоў пыталіся, ці прыедзем яшчэ. Ну, думаем, працягнем праект да канца навучальнага года. Літоўцаў запрасілі, немцаў, амерыканцаў, кітайцаў... Гатавалі іх нацыянальныя стравы. За гэты час мы пасябравалі з дзецьмі і зразумелі, што не можам іх кінуць. Вось і жыве гэты праект ужо шэсць гадоў. Мае бацькі, як бачыце, далучыліся. «Столькі ўнукаў, колькі ў нас, ні ў кога няма», — усміхаецца Валянціна Ушакова, трымаючы на каленках аднаго з выхаванцаў інтэрната.

Пакуль Алена з іншымі дзеткамі гатавала, я заўважыла падлетка, які трымаўся асобна. Падышла, спытала, як справы. «Мяне ўжо дзве мамы кінулі», — з прыкрасцю выпаліў хлопец. Аказваецца, яго родная мама ўжо шмат гадоў сядзіць турме. Некалькі гадоў таму іншая жанчына ўзяла ў прыёмную сям'ю, але праз нейкі час вярнула назад у інтэрнат.

— І ў нашай Галюні вельмі цяжка праходзіў пераходны ўзрост. Яна была вельмі эгаістычнай. Вы мне патрэбны ўсё даць, і ніякай аддачы ўзамен. Мы ў любы момант маглі прыпыніць дагавор, адмовіцца ад дзіцяці. Пакуль ты не ўсынавіў, гэта магчыма. Вырашылі на сямейнай нарадзе, як бы яна сябе ні паводзіла, мы ад яе не адмаўляемся. А потым, глядзім, яна пачала разумець, што ў жыцці галоўнае не браць, а аддаваць. Хоча быць падобнай да нас з Андрэем. Мы з ім любім вострыя соусы. А яна не любіць. Калі я гатую курыцу, для мужа і для сябе асобна пасыпаю перцам, а некалькі кавалачкаў для дачкі пакідаю. Нядаўна яна папрасіла: «Пасып і мне». Ну, я і сыпанула, як сабе. Сядзіць, слёзы цякуць. Галя, кажу, давай, можа, табе што іншае прыгатую? «Не, я буду, як вы».

У дабрачыннага праекта няма пастаяннай спонсарскай дапамогі. Не раз каманда арганізоўвала паездкі за ўласныя грошы. Але іх гэта зусім не спыняе. Калі ёсць жаданне дапамагчы, то і сродкі знойдуцца.

Уладзімір БІЗЮК: «Ведалі б вы, як дзецям прыемна, што ў іх такая падтрымка»

Дырэктара Ашмянскай школы-інтэрната дзеці вельмі любяць. Калі пытаюся, за што, кажуць: «Ён добры. І ніколі не задзірае нос: маўляў, я — дырэктар, а вы — ніхто». Уладзімір Аляксандравіч, відаць простым вокам, таксама любіць сваіх выхаванцаў, перажывае за іх далейшы лёс:

«Цяпер у нас у асноўным выхоўваюцца дзеці, якім 12—15 гадоў. Большасць — хлопчыкі. Ім ужо практычна нерэальна трапіць у сям'ю. Вельмі важна падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця, інтэграваць у грамадства. Праект «Кулінарыя плюс» вельмі ў гэтым дапамагае. За 6 гадоў больш як 500 чалавек да нас прыехала. Гэта толькі тыя, хто па адным разе. А многія ўжо і па 10—20 разоў. Тут былі і рыцарскія клубы, і спартсмены самыя розныя, і байкеры, і альпіністы, і вучоныя, і мастакі, і музыкі. Наш славуты хор ужо некалькі разоў выступаў на сцэне Белдзяржфілармоніі. І штораз у глядацкай зале сядзяць у тым ліку і ўдзельнікі праекта «Кулінарыя плюс». Ведалі б вы, як дзецям прыемна, што ў іх такая падтрымка».

Дзядуля Валянцін знаходзіць падыход да кожнага ашмянскага ўнука.

Натэла ЗАКАРАЯ: «Малюся, каб іх жыццё склалася лепш, чым у бацькоў»

«Гэтыя дзеці ні ў чым не вінаватыя. Штодзень малюся, каб у іх у жыцці ўсё склалася лепш, чым у бацькоў. Прыязджаю сюды, бо ведаю, што значыць апынуцца ў бядзе. У 1993 годзе ў Абхазіі пачалася вайна. Я з мужам і двума маленькімі дзецьмі вымушана была ўцякаць. У нас наогул нічога не засталося: ні адзення, ні дома. Беларусь прыняла нашу сям'ю, як родная маці. Дзякуй богу, яшчэ працую, таму маю магчымасць дапамагчы. Вядома, я не ў стане, напрыклад, тысячы долараў падарыць, але купіць футболкі, кеды... А самае галоўнае, падысці сказаць добрае слова, запытацца «як твае справы?». Мне хочацца, каб дзеці выхаваліся па-хрысціянску, каб яны жылі з верай у сэрцы, з верай у людскую дабрыню».

Наталля ГАНЦІЕЎСКАЯ: «Яны навучылі мяне цаніць тое, што маю»

«Дзеці навучылі мяне цаніць тое, што ў мяне ёсць. І чаго па-сапраўднаму няма ў іх — сям'і. Мы ж на самай справе распешчаныя ўвагай і любоўю. Настолькі, што нават злуёмся, калі мама тэлефануе па некалькі разоў на дзень. Радуйцеся, што да вас ёсць камусьці справа, што камусьці не ўсё роўна, як вы сябе адчуваеце, ці паелі вы і ці цёпла апрануліся! У ашмянскіх хлопчыкаў і дзяўчатак ёсць сваякі. Але большасць з іх не моцна «абцяжарвае» сябе зносінамі з імі. У дзяўчынкі Сашы ёсць сястра ў Мінску. За ўвесь час знаходжання ў школе-інтэрнаце яна ні разу не прыехала яе адведаць. «Мы з ёй часам перапісваемся ва «У Кантакце», яна пытае, як мае справы... Яна ж вельмі занятая, шмат працуе, таму не можа да мяне прыехаць...» І выпадак Сашы зусім не выключэнне ў Ашмянах. Але ўпэўнена, не толькі ў Ашмянах. «Приежайте по больше как сможите» (Наташа паказвае валянцінку, якую ёй напісаў у лютым хлопчык Дзіма). Дзеці часта, асабліва па першым часе, з надзеяй пыталіся: «А ты прыедзеш яшчэ?» Прыеду. І буду ездзіць. Таму што гэта важна, гэта трэба. Не толькі дзецям, але і мне самой».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і Ягора БАБІЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».