Вы тут

Новыя механізмы абароны работнікаў


Павышаць кваліфікацыю прапануюць неадрыўна ад вытворчасці, а наймальнікам, якія бяруць моладзь, — даплачваць.

Падчас міжнароднага форуму «Прафсаюзы і будучыня сферы працы», які праходзіў у Мінску, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА агучыў найбольш вострыя пытанні ў галіне занятасці.


Сярод іх — рэструктурызацыя прадпрыемстваў.

— Як паказвае міжнародны вопыт, гэта можа выклікаць сур'ёзныя сацыяльныя праблемы. Як мінімум — скарачэнне колькасці работнікаў, зніжэнне ўзроўню аплаты працы, ільгот і гарантый. Непрадуманая аптымізацыя кампаній, якія маюць горадаўтваральнае значэнне, можа прывесці да дэградацыі цэлых населеных пунктаў. Таму стратэгічная задача трох сацыяльных партнёраў — дзяржавы, аб'яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў — заключаецца ў тым, каб забяспечыць сацыяльна адказную рэструктурызацыю і звесці дадзеныя пагрозы да мінімуму, — адзначыў Міхаіл Орда.

Для гэтага яшчэ ў 2015 годзе Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і прафсаюзамі былі распрацаваны рэкамендацыі. У пакрокавай інструкцыі прапісана, як праводзіць мадэрнізацыю прадпрыемстваў з улікам інтарэсаў работнікаў — ад перанавучання да стварэння новых месцаў на сумежных вытворчасцях. Але сёння, прызнаецца старшыня ФПБ, гэта выконваецца далёка не ўсімі наймальнікамі. Таму рэкамендацыям варта надаць больш важкі прававы статус.

Ішла размова і пра імклівую інфарматызацыю, у выніку якой знікаюць асобныя прафесіі. «Тэхналогіі прыбіраюць працоўныя месцы ў адным сектары, а даюць у іншым. Але новыя месцы патрабуюць і новых навыкаў. Праблема ў тым, што хутка перавучвацца зможа невялікі працэнт насельніцтва, — звяртае ўвагу Міхаіл Орда. — Усе астатнія будуць мець патрэбу ў падтрымцы — хоць бы на пэўны час. Улічваючы гэтыя тэндэнцыі, мы прапанавалі ўвядзенне трох механізмаў — страхавання ад беспрацоўя, страхавання рызыкі нявыплаты заробку пры банкруцтве прадпрыемстваў і пастаяннае павышэнне кваліфікацыі работнікаў».

Прафсаюзны лідар выказаў меркаванне, што цяперашнюю сістэму атрымання кваліфікацыі трэба ўдасканальваць. Жорсткая ўвязка кваліфікацыі з афіцыйнай адукацыяй не дазваляе аператыўна рэагаваць на змены на рынку працы. Куды эфектыўнейшая перападрыхтоўка на кароткатэрміновых курсах ці непасрэдна падчас работы на прадпрыемстве.

Падчас форуму закранулі таксама пытанне працаўладкавання моладзі. «У Беларусі існуе заканадаўчая норма аб абавязковым атрыманні выпускнікамі першага месца. І наш досвед паказвае, што гэта практыка дае вынікі. Разам з тым патрабуюцца новыя механізмы абароны маладых людзей на біржы. Таму сёння прапануецца распрацаваць і заканадаўча замацаваць эканамічнае стымуляванне наймальнікаў у выпадку прыняцця імі значнай колькасці моладзі», — паведаміў Міхаіл Орда.

Дадатковая прававая абарона, на яго думку, патрэбна і тым, хто працуе ва ўмовах нетыповай занятасці. Пры дыстанцыйнай рабоце ў той жа ІТ-галіне працоўны час можа быць увогуле не рэгламентаваны, і наймальнік можа ставіць такія задачы, што чалавек будзе вымушаны сядзець за камп'ютарам суткамі. Адзін з варыянтаў — забяспечыць аддаленым работнікам такі ж пагадзінны заробак, як і ў пастаянных супрацоўнікаў арганізацыі.

Дарэчы, змены ў Працоўным кодэксе, звязаныя з папулярнасцю новых формаў занятасці (у тым ліку і дыстанцыйнай), анансавала на форуме міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ. Яна растлумачыла гэта тым, што сёння стандартны васьмігадзінны рабочы дзень мае варыянты — і па форме, і па змесце.

Што да стану рынку працы, то міністр ацэньвае яго як дастаткова стабільны.

— Цяпер на адну вакансію прыпадае адзін беспрацоўны, — канстатуе Ірына Касцевіч. — Вопыт рэалізацыі дзяржаўных праграм апраўдвае сябе: службы занятасці гнутка рэагуюць на змены на біржы. Урадам правільна была выбрана тактыка паступовага рашэння праблем з работай у малых гарадах. Калі некалькі гадоў таму ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў асобных рэгіёнах складаў тры і нават пяць працэнтаў, то сёння толькі ў 5 з 118 раёнаў гэты паказчык вышэйшы за 1,5 працэнта. Так, у нас расла вымушаная няпоўная занятасць. У 2011 годзе ў скарочаным рэжыме працавала 2,8 працэнта ад спісачнай колькасці работнікаў, у 2015-м — ужо 10,2 працэнта. Але летась удалося пераламаць гэту тэндэнцыю. Цяпер у рэжыме няпоўнай занятасці працуе 3,2 працэнта работнікаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».