Вы тут

Што рабіць з «нічыйным» домам?


З такім выбарам сустракаецца ці не кожны старшыня, калі на тэрыторыі сельсавета з'яўляецца «нічыйны» дом.


— У невялікую, без асаблівых адметнасцяў вёску паедзе альбо энтузіяст, альбо чалавек, які любіць жыць «на хутары» і мае занятак, які не патрабуе дадатковых кантактаў, — каментуе праблемы жыцця ў аддаленай мясцовасці старшыня Каткаўскага сельскага Савета дэпутатаў Глускага раёна Анатоль Касько. — Дзелавое жыццё традыцыйна канцэнтруецца ў цэнтры, ці гэта сельсавет, ці раён. Менавіта там знаходзяцца прадпрыемствы, магазіны, культурныя, забаўляльныя ўстановы. У далёкіх ад горада вёсачках жыхароў мала, прытым адну частку з іх складаюць людзі сталага веку, другую —дачнікі. Калі ў такой мясціне пусцее звычайны дом, то нават з ім складана працаваць па ўказе №100, бо ні нашчадкам, ні староннім пакупнікам будынак не патрэбен. Адміністрацыйная забудова тым больш не можа зацікавіць — малы бізнес такую плошчу проста не ў стане прыстасаваць. Адбудзецца сітуацыя, як, напрыклад, у адной з нашых вёсак, калі засталася пустая будыніна на два паверхі, але дробныя ўстановы кшталту аптэкі занялі толькі частку памяшканняў.

Па словах старшыні, каб наладзіць прамысловасць у глыбінцы, трэба арганізаваць дастаўку работнікаў, матэрыялаў, вываз гатовай прадукцыі, а перад гэтым укласціся ў рамонт і афармленне дакументаў. Заезжы інвестар, асабліва калі гэта дробны бізнесмен, на такія ўмовы не пагодзіцца. Што датычыцца мясцовых прадпрымальнікаў, то для адкрыцця сваёй справы патрэбен які-ніякі стартавы капітал.

— Хаця магу назваць і станоўчы прыклад. У адной аддаленай вёсачцы жыве чалавек, што ўзяў крэдыт, купіў на гэтыя грошы два будынкі ў мясцовага прадпрыемства і цяпер займаецца ўласнай справай, разводзіць свіней.

Аляксандр Майсеянчык, старшыня Лапацінскага сельскага Савета дэпутатаў Пінскага раёна, разглядае магчымыя варыянты выкарыстання вялікіх памяшканняў:

— З першага верасня 2016 года ў нашым сельсавеце закрылі базавую школу. Будынак выстаўлены на аўкцыён, ужо адбыліся першыя таргі, але пакуль ахвотных купіць аб'ект не знайшлося. І не тое, каб сама пабудова была непрыдатнай: цагляныя сцены, спартыўная зала і амаль два гектары зямлі побач маглі б стаць добрым набыткам для ўласніка.

Як прызнаецца Аляксандр Майсеянчык, самы прыдатны варыянт — калі «нічыйныя плошчы» купляе старонні інвестар. Такім чынам з'яўляюцца дадатковыя працоўныя месцы, а рэгіён атрымлівае стымул для развіцця. Маладому бізнесу спрыяе Дэкрэт №6 аб ільготным падаткаабкладанні, ды і мясцовая ўлада ўпэўнівае, што будзе падтрымліваць навічка.

— Аднак пакуль што з інвестарамі зацішша, дробныя ўласнікі чакаюць магчымых перамен. Апошнія выступленні Прэзідэнта якраз закраналі тэму прадпрымальніцтва, магчыма, на хвалі станоўчых змяненняў бізнесмены стануць больш рашучымі. Ды і чым болей часу пройдзе, тым меншым стане кошт аб'екта. Іншая рэч, пад што гэты аб'ект будзе выкарыстаны. Мяркую, у нашай сітуацыі было б мэтазгодна разгледзець варыянт гасцінічна-турыстычнага аб'екта. Будынак школы знаходзіцца недалёка ад Прыпяці, побач даволі маляўнічыя мясціны. Напэўна, турыстам спадабалася б мець побач хостэл ці сталоўку.

Марыя Алесіч, старшыня Старавысокаўскага сельскага Савета дэпутатаў Ельскага раёна, таксама разумее, што на перыферыі можна чакаць толькі энтузіястаў ад бізнесу, таму прапануе паўторнае выкарыстанне: — Як прыклад — дзіцячы садок у адной з вёсак. Ён знаходзіўся на балансе сельскагаспадарчага прадпрыемства, і ўласнік вырашыў разабраць будынак. Непашкоджаныя матэрыялы потым выкарысталі на будаўніцтве сіласных ям, а бітыя кавалкі сталі падсыпкай для дарогі. Другая гісторыя звязана са школай. Калі вучняў там стала менш, чым персаналу, было вырашана аптымізаваць працу. У выніку пасёлак Старавысокае цяпер мае яслі-сад — базавую школу пад адным дахам. Нарыхтоўчы прыёмны пункт — таксама вынік удалай аптымізацыі. Ён з'явіўся зусім нядаўна на месцы былога прамысловага магазіна. Цяпер мясцовыя жыхары нясуць туды шкло, паперу, метал. З «другаснай сыравінай» прыязджаюць нават насельнікі суседніх вёсак. Што цікава, у ваколіцах паменела стыхійных звалак.

Як тлумачыць старшыня, праблема ўсіх пустых будынкаў у тым, што яны церпяць ад часу куды больш, чым дамы з гаспадарамі. Калі нават моцную, трывалую на першых парах пабудову ніхто не купіць адразу, то яна пачне вельмі хутка прыходзіць у заняпад. Вядома, сельсавет сочыць за добраўпарадкаваннем, ставіць вартаўніка, выдзяляе работнікаў абкошваць траву... Але ўсё роўна без пастаяннага клопату пачынае цячы дах, абсыпаюцца сцены.

— Спадзяюся, з часам у нас будуць прапісаны нормы, па якіх можна будзе хоць бы часткова выкарыстоўваць дамы без наяўнасці пастаяннага гаспадара, — падвяла вынік размовы Марыя Алесіч.

У Дамжэрыцкага сельскага Савета дэпутатаў Лепельскага раёна свая спецыфіка. Старшыня Таццяна Рамановіч адразу згадвае «закрытасць» тэрыторыі. Вёска Дамжэрыцы — цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка, адсюль і асаблівае стаўленне да чалавечай дзейнасці. Нават жыхары сельсавета павінны ўзяць дазвол, каб схадзіць у лес.

— Пустуючых будынкаў у нас не сказаць каб многа. Тыя, што сталі незапатрабаванымі, рэарганізуюцца і зноў пераходзяць у эксплуатацыю. Напрыклад, раней адміністрацыйны цэнтр запаведніка знаходзіўся ў іншай вёсцы.
З часам установа пераехала, а памяшканні былі абсталяваны пад склад. Невялікая грамадская лазня ў Дамжэрыцах страціла папулярнасць, калі на падвор'ях жыхароў з'явіліся ўласныя лазні. Так што ў памяшканні цяпер вольна размясцілася дыспетчарская. Прышкольны інтэрнат наогул змяніў толькі гаспадара, але не функцыю. Калісьці ў нашым сельсавеце быў ліцэй, сюды прыязджалі і жылі дзеці з іншых пасёлкаў. Потым статус ліцэя навучальная ўстанова страціла, вучні засталіся толькі мясцовыя, і інтэрнат выкупіў для сябе заказнік.

Як паказвае час, у дробных вёсачках закрываюцца не толькі школы, але і магазіны. Свежымі прадуктамі нешматлікіх жыхароў забяспечвае аўталаўка, а чатыры незапатрабаваныя будынкі былых гандлёвых устаноў цяпер афармляюцца пад знос.

— У нашым выпадку такая мера больш апраўданая, чым спадзяванні на тое, што памяшканне выкупіць уласнік, — кажа Таццяна Рамановіч. — Каб аформіць усе неабходныя дакументы ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, спатрэбіцца значная сума. А самі будынкі знаходзяцца не ў самым лепшым стане: пабудаваныя даўно, з драўлянымі сценамі... Укладзеныя ў іх сродкі проста не акупяцца. Людзі хочуць набыць надзейны будынак, а не сцены, куды потым пакладзеш шмат грошай і працы.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by


Дырэктар фонду «Мінскаблдзяржмаёмасць» Святлана Дзегцярэнка:

— У мінулым годзе на Міншчыне ў выніку інвентарызацыі быў складзены спіс аб'ектаў маёмасці ўсіх формаў уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца. У яго ўвайшлі 2046 адзінак, з якіх 379 трэба знесці. У гаспадарчы абарот прыцягнуты, знесены і закансерваваны 640 пабудоў. Гэта 31% ад агульнай колькасці, і гэта на 5 працэнтаў менш, чым у 2015-м. За 2016 год удзельная вага нявыкарыстаных плошчаў павялічылася з 228,5 тыс. квадратных метраў да 244,1 тысячы.

Прычын у такой з'явы некалькі. У прыватнасці, у сельскай мясцовасці закрываюцца аб'екты сацыяльнай і культурнай сфер, з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную перадаюцца няпрофільныя актывы прадпрыемстваў і арганізацый, былыя ваенныя гарадкі. Таксама выяўляюцца і нявыкарыстаныя плошчы сельскагаспадарчага прызначэння.

У мінулым годзе праведзена 280 аўкцыёнаў, з іх 187 паўторных, па продажы 89 аб'ектаў. У тым ліку 10 аўкцыёнаў з устаноўленай першапачатковай цаной у адну базавую велічыню. Рэалізавана 28 адзінак нерухомасці на суму больш як 724 тыс. рублёў. Для прыцягнення патэнцыйных пакупнікоў, замежных інвестараў Мінская вобласць правяла першыя ў Беларусі электронныя таргі, на якіх прапаноўваліся 13 аб'ектаў, а куплена было 3.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў прыцягнення ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай маёмасці — яе перапрафіляванне пад жыллё. За 2014—2016 гады райвыканкамы перадалі для гэтых мэт уласнікам 92 будынкі, выкарыстоўваюцца 28 з іх. Прычым 16 — для сезоннага пражывання рабочых або пад інтэрнаты. Па 11 рыхтуюцца дакументы для пераводу іх у жылыя памяшканні, вядуцца будаўнічыя работы.

Да несумленных уласнікаў нерухомасці прадугледжаны поўныя меры на заканадаўчым узроўні. За невыкананне ўмоў дагавору прыцягнуты да адказнасці пакупнікі 41 аб'екта. У адносінах да 68 аб'ектаў у 10 разоў павялічана стаўка падатку на маёмасць і зямлю. Акрамя таго, скасаваны 49 дагавораў куплі-продажу з вяртаннем маёмасці ў дзяржаўную ўласнасць і 27 дагавораў бязвыплатнага карыстання.

Зацягваюць тэрміны прыцягнення нерухомасці ў гаспадарчы абарот дарагая і працяглая працэдура афармлення права ўстаноўчых дакументаў, высокі кошт правядзення ацэнкі маёмасці для адчужэння, а таксама іншыя прычыны.

Загаловак у газеце: Прадаць? Перарабіць? Разбурыць?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.