Вы тут

Як «вініл» вяртае сабе папулярнасць


Гасцёўня ў кватэры жыхара Фаніпаля Мікалая ДРАЖЫНА незнаёмым з ім людзям больш нагадвае студыю гуказапісу: нізкая столь пакрыта спецыяльнымі гукапаглынальнымі матэрыяламі, у кутах пакоя знаходзяцца адмысловыя «басовыя пасткі», а прайгравальнік стаіць на скрыні з кварцавым пяском. Да такіх кардынальных канструктарскіх крокаў гаспадара жылля падштурхнула любоў да музыкі. Справа ў тым, што ў век «лічбы» Мікалай аддае перавагу аналагаваму гуку, у прыватнасці, вінілавым пласцінкам. Пра сваю музыкальную калекцыю і вяртанне моды на «вініл» ён расказаў нашым карэспандэнтам.


Прай­гра­валь­нік сва­і­мі ру­ка­мі? Не праб­ле­ма!

— Адразу заўважу, што я не калекцыянер у традыцыйным сэнсе гэтага слова, — зазначае мужчына. — Філафаністы збіраюць усё, ганяюцца за рэдкімі экзэмплярамі, я ж маю на паліцах толькі тую музыку, якую слухаю сам. Таму ўсё, што вы можаце тут пабачыць, калекцыяй называць не зусім правільна. Гэта саўндтрэк да майго жыцця — усё тое, што я збіраю прыкладна з пачатку 90-х гадоў.

У «сціплай» фанатэцы меламана — больш за дзве тысячы пласцінак, а яшчэ прыкладна паўтары тысячы кампакт-дыскаў. Ёсць і запісы на «бабінах». Сам Мікалай называе сябе «ўсёедным» — яму падабаецца музыка розных жанраў, але больш за ўсё — класічны рок, джаз, блюз, фанк. У абавязковым парадку ў калекцыі ёсць поўныя дыскаграфіі «ікон» накшталт The Rollіng Stones ці Led Zeppelіn. Але хапае і «настальгічнай» савецкай поп-музыкі, нямецкага краўт-рока ці нават рэгі. Вельмі вялікая калекцыя сучасных беларускіх аўтараў: ад Данчыка і «Песняроў» да «Ляпіса Трубяцкога» і Ulіs. Адзіны кірунак, які яго не «чапляе», — агрэсіўная і цяжкая музыка.

— Усё, вядома, ідзе з дзяцінства, — кажа Мікалай. — У майго дзядулі, Івана Мікалаевіча, была лямпавая радыёла. На ёй мы слухалі пласцінкі (скажам, раннюю Алу Пугачову, якая мне і цяпер падабаецца, бо гэта вельмі якасная поп-музыка), а яшчэ, зачыніўшы вокны, — «Голас Амерыкі» і іншыя «падпольныя» радыёстанцыі. З таго часу я, па-першае, палюбіў музыку, а, па-другое, прывык да пэўнага гуку — лямпавага. У двух словах я б апісаў яго як больш натуральны — ён бліжэйшы да «жывога», канцэртнага гучання. Таму цяпер уся апаратура ў мяне менавіта лямпавая.

«Пласцінка — гэта матэрыяльнае ўвасабленне музыкі — тое, што можна патрымаць у руках, і чаго не хапае электронным носьбітам, — дзеліцца сваімі думкамі суразмоўца. — Акрамя таго, нярэдка і сам «вініл» становіцца творам мастацтва. Прыклад — дзявяты студыйны альбом сэра Элтана Джона, дызайн вокладкі якога за шалёныя грошы стварыў славуты графік Алан Олдрыдж. У самім канверце нават знаходзіцца асобны постар з сюррэалістычным малюнкам».

Часам за «вінілам» хаваюцца гісторыі ці легенды. І тут па прыклад хадзіць далёка не трэба — Мікалай дэманструе трэцюю студыйную пласцінку «Песняроў», на якой размешчана фота калектыву ў поўным складзе. Пры афармленні выкарыстоўваўся незвычайны шрыфт з вельмі буйной літарай «С», аднак пільнае вока заўважыць, што з-пад яе выглядае край доўгай спадніцы. За надпісам схавана адзіная жанчына, што была ў складзе ансамбля, — Людміла Ісупава. Існуюць розныя версіі (ці, правільней сказаць, чуткі), чаму афарміцелі зрабілі менавіта так, але факт у любым выпадку цікавы.

— Сказаць адназначна, колькі каштуе такое захапленне, цяжка, — сцвярджае Мікалай. — Пакупка і продаж «вінілу» — гэта як пошук артэфактаў. У мяне няма ніякага плана па набыцці. Звычайна шукаю пласцінкі па аб'явах у інтэрнэце, тэлефаную людзям, езджу хоць на «край свету», абы толькі паглядзець на калекцыю сваімі вачыма і нешта выбраць. Тым больш, што ў Беларусі дастаткова шмат аматараў «вінілу». Многіх я ведаю яшчэ па клубах філафаністаў 1990-х. Што датычыцца цэн, то, як у савецкія часы, так і цяпер, найбольш каціруюцца фірменныя замежныя пласцінкі — яны каштуюць у сярэднім 30 рублёў. «Вінілы», якія выпускала фабрыка «Мелодыя», не маюць высокай каштоўнасці, у меламанаў слухаць іх заўсёды лічылася «не камільфо». Хоць і з гэтага правіла бываюць выключэнні. Напрыклад, малатыражныя выданні некаторых авангардных калектываў. Гэта могуць быць групы, якія выконвалі джаз-фанк, фры-джаз і іншыя «андэграўндныя» стылі. Вось такія савецкія пласцінкі могуць патрабаваць сур'ёзных выдаткаў.

Дарэчы, кошт пласцінкі залежыць не толькі ад выканаўцы, краіны паходжання ці ўнікальнасці выдання. Тэхнічны працэс выпуску «віналаў» прадугледжвае, што найлепшы гук атрымаецца на носьбітах з самай першай партыі — так званым «першым прэсе». Існуе яшчэ «тэст-прэс» — заводскія пласцінкі без вокладкі, на «пятаку» якіх звычайна нават няма афармлення. У Мінску ёсць калекцыянер менавіта такіх, унікальных выданняў, але якіх шалёных грошай яны каштуюць, пэўна, не варта і тлумачыць. Ці вось яшчэ адзін прыклад — у 1966 годзе The Beatles выпусцілі ў Амерыцы альбом пад назвай Yesterday and Today, на вокладцы якога змяшчалася фота ўдзельнікаў гурта ў касцюмах мяснікоў і з кавалкамі мяса ў руках. З-за негатыўнай рэакцыі публікі тыраж у 750 тысяч экзэмпляраў тэрмінова знялі з продажу, але прададзеныя пласцінкі дагэтуль перакупляюць за сумы ў паўмільёна долараў.

Сваю любоў да музыкі Мікалай пераўтварыў у бізнес — некалькі гадоў таму адкрыў у сталіцы краму па продажы вінілавых пласцінак. Як сам прызнаецца, справы ідуць не надта бойка, хоць у суседніх сталіцах (тым жа Вільнюсе) усё зусім інакш. У Беларусі рух пакуль не настолькі вялікі. Тым не менш меламан адзначае, што цяпер сярод аматараў пласцінак з'явілася шмат моладзі.

— Зараз пачалася новая хваля папулярнасці «вінілу», — кажа Мікалай. — У Вялікабрытаніі летась прадалі больш музыкі на пласцінках, чым у лічбавым фармаце. Некалькі гадоў таму ў гэтай краіне аднавіўся вінілавы чарт. Практычна кожны сур'ёзны выканаўца цяпер выпускае альбомы не толькі ў «лічбе», але і на пласцінцы. Я, праўда, мяркую, што з цягам часу гэты трэнд таксама пойдзе на спад, — не думаю, што «вініл» зноў стане масавым. Ды і, шчыра кажучы, не надта хачу, бо гэта захапленне не для ўсіх.

Трэба заўважыць, што набыццё пласцінак — толькі адзін бок справы. Не менш важную ролю мае і апаратура, якая здымае з іх гук. У Мікалая гэта прайгравальнік, які ён зрабіў сваімі рукамі на базе швейцарскага Lenco. Пакінуў ад яго станіну, дадаў японскі гуказдымальнік, сам сабраў корпус, засыпаў у яго шрот для гашэння вібрацыі... А яшчэ для праслухоўвання пласцінак патрэбны фонакарэктар і, вядома, калонкі. У мужчыны ёсць нават спецыяльная мыйка для «вінілу». «Наколькі далёка можа зайсці пагоня за ідэальным гукам? Усё залежыць ад кашалька і разумнага сэнсу», — смяецца меламан. Каштуе ўсё гэта нямалых грошай, але аматар-пачатковец можа знайсці неблагі прайгравальнік і за рублёў 300—500.

— Калі глядзець на гэта з філасофскага боку, то лічбавая музыка яскрава характарызуе эпоху, — лічыць Мікалай. — Многія цяпер ставяцца да мастацтва максімальна ўтылітарна: у інтэрнэце ўсё можна знайсці за лічаныя секунды ды яшчэ і бясплатна, можна пераключаць «трэкі», не даслухаўшы іх і да сярэдзіны. «Вініл» жа надае музычным творам каштоўнасць, падштурхоўвае чалавека быць больш пераборлівым, выхоўвае густ. У гэтым і заключаецца яго ўнікальнасць.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Фаніпаль — Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Саўндтрэк да жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».