Вы тут

Кожны чалавек, якога знайшлі валанцёры, — гэта асобная гісторыя


Колькасць людзей, якія гатовы быць карыснымі для іншых, штогод павялічваецца. Добраахвотнікаў аб'ядноўвае адно — жаданне прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу.


Крысціна Басава працуе спецыялістам па продажах і маркетынгу на сталічным мясаперапрацоўчым прадпрыемстве. А ў свой вольны ад работы час дзяўчына з'яўляецца каардынатарам ляснога пошуку пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».

— Гісторыя майго валанцёрства пачалася тры з паловай гады назад. Аднойчы я ўбачыла арыенціроўку па пошуку пажылога мужчыны ў раёне ваеннага гарадка. Чалавек сышоў у невядомым напрамку і не вяртаўся ўжо другія суткі. Было вядома, што раней у яго быў інсульт, — расказвае Крысціна. — Менавіта той выпадак падштурхнуў мяне паехаць на пошукі. Я паспрабавала, паглядзела, як гэта адбываецца, і зразумела, што гэта менавіта тое, чым хачу займацца.

Усе па-рознаму адрэагавалі на рашэнне Крысціны стаць валанцёрам. Адны падтрымалі, другія — не. Пастаянна задаюць пытанне, навошта ёй гэта патрэбна. Але пры гэтым цікавяцца, як усё прайшло, дзе шукалі чалавека і чым усё скончылася. Сябры таксама ўжо прывыклі, нават перасталі крыўдзіцца, калі кампанія дамаўляецца правесці час разам, а замест гэтага Крысціна едзе ў лес на пошукі.

У абавязкі каардынатара ляснога пошуку ўваходзіць многае. «Нам прыходзіць заяўка на пошук, адміністратар яе апрацоўвае. Або паступае арыенціроўка з міліцыі, таму што мы супрацоўнічаем з МУС. Збіраецца пошукава-выратавальная група, абгаворваюцца час і месца, куды мы едзем». У Крысціны ўжо павінен быць прыкладны спіс задач, або на месцы яна глядзіць, якую работу патрэбна будзе правесці, і размяркоўвае людзей. Іх колькасць заўсёды розная: бывае многа, бывае — мала. Але валанцёры стараюцца максімальна выкарыстаць рэсурсы. Потым каардынатар пошуку ставіць канкрэтныя задачы, напрыклад, прайсці і праверыць лінейныя арыенціры або мясцовасць (лес, поле, кустоўе, балота), праінфармаваць насельніцтва ў канкрэтных населеных пунктах.

Кожны чалавек, якога знайшлі валанцёры, — гэта асобная гісторыя. «Аднойчы мы шэсць дзён шукалі мужчыну ў Валожынскім раёне. Аблазілі ўсю прылеглую тэрыторыю, у райцэнтры агледзелі практычна кожную фуру. На шостыя суткі амаль страцілі надзею яго знайсці. І тут адзін сведка паведаміў, што бачыў чалавека, які падыходзіў пад апісанне. Мужчыну мы знайшлі. Ён быў у дэпрэсіі і сышоў з дому, каб пабыць аднаму. Ці вось яшчэ выпадак. Шукалі бабулю. Знайшлі толькі ў 4.40 ранку. Амаль кіламетр неслі яе з лесу на насілках да дарогі», — прыгадвае Крысціна эпізоды з валанцёрскага жыцця.

Дзяўчына гаворыць, што ганарыцца сваёй работай і сваімі таварышамі, якія займаюцца гэтай нялёгкай справай. За тры з паловай гады, якія Крысціна прысвяціла валанцёрству, пошукава-выратавальны атрад «Анёл» дапамог вярнуцца дадому многім людзям. Суразмоўца з упэўненасцю гаворыць, што знайшла сваё прызванне.

Марына ЛЯШКЕВІЧ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Знайсці чалавека. Часта гэта азначае — выратаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».