Вы тут

Парады будучым журналістам


Не сакрэт, што за апошні час прафесія журналіста стала фактычна жаночай. Чамусьці не імкнуцца сучасныя хлопцы працаваць у СМІ! А дзяўчатам, як асобам больш эмацыянальным, некаторыя рэчы часам бачацца ў ружовых фарбах. Гэта датычыцца і выбару будучай прафесіі. Па вопыту ведаю, што многія абітурыенткі думаюць найперш толькі пра знешні, прывабны бок медаля. Вось я ў кадры перад тэлекамерай ці вось я
на першых палосах газет...


Пагадзіцеся, многія з вас уяўляюць працэс напісання матэрыялу менавіта так? Уключаеш ціхую прыемную музыку, заварваеш любімую гарбатку і, накрыты хваляй натхнення, пачынаеш тварыць... Ну, а калі не атрымліваецца, пераносіш усё на наступны дзень, тыдзень ці нават месяц. Сапраўды, цяпер вы вольныя рыхтаваць сваю публікацыю колькі заўгодна доўга. І думаеце: як толькі я прыйду ў рэдакцыю, усё пойдзе нашмат хутчэй. Мушу расчараваць многіх: калі тэм і натхнення няма зараз, пасля атрымання дыплома яны таксама аўтаматычна не з'явяцца. І працаваць вам давядзецца зусім у іншых умовах, калі замест музыкі будзе разрывацца тэлефон, уваходныя дзверы — круціцца ў верталётным рэжыме, а калегі па кабінеце дададуць яшчэ фону ад сябе. Але, самае галоўнае, вам нярэдка трэба будзе пісаць матэрыялы па вызначанай тэме, пэўнага аб'ёму і за дакладна прызначаны час. І часта паралельна вырашаць яшчэ многа іншых задач. І так — кожны дзень. Глядзець у столь у чаканні натхнення і атрымліваць асалоду ад гарбаткі дакладна не атрымаецца.

Але зноў жа з вопыту скажу, што і многія студэнты, якія праходзяць практыку, працягваюць паводзіць сябе, як тыя абітурыенты. Памятаеце, мы ўжо гаварылі пра неабходнасць змянення некаторых звычак? Канкрэтная парада: нягледзячы на вашу занятасць, паспрабуйце самі для сябе вызначаць тэрмін напісання матэрыялу і па магчымасці яго прытрымлівацца. Паверце, потым як знойдзеце. І яшчэ. Каб не было боязі перад чыстым аркушам паперы, вучыцеся пісаць спачатку ў галаве: у транспарце, падчас дамашняй работы, у любую вольную хвіліну. Журналістыка — гэта не станок на заводзе, які ўключаецца ў пачатку змены і выключаецца ў канцы. Як толькі прачнуўся, ты ўжо на рабоце: думаеш, разважаеш, заўважаеш. Некалькі невялікіх публікацый у раённай ці маладзёжнай прэсе — яшчэ не пацвярджэнне, што вы знайшлі сваё прызванне. Не сакрэт, што асабліва напрыканцы вучобы з падачы бацькоў і настаўнікаў будучы абітурыент настроены на своеасаблівае калекцыяніраванне рознага кшталту бонусаў, якія могуць яму дапамагчы пры паступленні: грамат, дыпломаў конкурсаў. На журфаку, па вялікім рахунку, пісаць, як, магчыма, многія памылкова думаюць, не вучаць. Гады вучобы даюць студэнту магчымасць развіць свае здольнасці ці нават раскрыць таленты, замацаваць усё гэта падчас практыкі ў рэдакцыі і, калі пашанцуе, знайсці для сябе месца будучай працы. У аснове ж усяго ляжыць найперш усведамленне таго, што цябе чакае наперадзе. І моцнае жаданне гэтым займацца.

У вас яшчэ ёсць час або перагледзець сваё рашэнне, або канчаткова ўпэўніцца ў сваім выбары. Адна абітурыентка паступіла на журфак фактычна супраць волі бацькоў. І, не вытрымаўшы цяжару вучобы, была адлічана пасля першага курса... Другая, з найлепшых, прайшла туды без праблем, а потым расчаравалася ў прафесіі. Напярэдадні выпуску яна, маючы патэнцыяльнае працоўнае месца, не хоча яго займаць... У трэцяй і чацвёртай сітуацыя быццам бы падобная. Адну і другую, абедзвюх дзяўчат, якія падавалі надзеі, паступаць на журфак адгаварылі бацькі, маўляў, трэба мець за плячыма больш сур'ёзную адукацыю. Адна задаволена сваім лёсам, другая праз нейкі час кінула вучобу і спрабуе вярнуцца да таго, што ёй так падабалася і атрымлівалася... Пра пятую абітурыентку, якая даймала пытаннямі па тэлефоне нават позна ўвечары і якая марыла стаць «зоркай» тэлеэкрана, нічога не чуваць некалькі гадоў... Шостая, таксама адна з пераможцаў нашага творчага конкурсу, хутка атрымае дыплом. Прафесія ёй падабаецца, толькі дзе яна будзе працаваць, дзяўчына пакуль не ведае... Усё гэта — канкрэтныя гісторыі толькі часткі колішніх абітурыентаў. Так што яшчэ раз усё ўзважце і самастойна зрабіце свой выбар. Усім — удачы!

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Упэўніцца ў выбары

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.