Рэкардсменаў сабраў сайт Kufаr. Усяго заяўку на ўдзел падало больш за 100 чалавек з захапленнямі, якія выклікаюць здзіўленне і шчырую зацікаўленасць. Афіцыйна «самымі-самымі ў Беларусі» былі прызнаныя 30 дасягненняў.
Бізнесмен з Мінска Давід ЧЫТАЯ за 10 гадоў сабраў калекцыю, у якой 512 пар запінак. А пачалося ўсё з кур'ёзу: маладога чалавека запрасілі на вяселле, той з нагоды ўрачыстага выпадку купіў кашулю, прыйшоў дадому, а на ёй не хапае гузікаў. Вярнуўся, каб разабрацца з нядобрасумленным прадаўцом, а аказалася, што ніякага браку няма — гэта кашуля адмысловая, пад запінкі. На вяселлі, дзякуючы цікаваму аксесуару, Давід атрымаў, мабыць, больш кампліментаў, чым маладыя. Пасля таго выпадку запінкі сталі неад'емнай часткай вобраза.
Спачатку збіраў усё, у тым ліку і простыя, потым перайшоў на больш мудрагелістыя ўзоры. Галоўная ўмова, каб яны былі новымі: калекцыянер не хоча пераймаць чужую энергетыку. Для важных сустрэч Давід заўсёды выбірае пару, якая сімвалізуе Уол-стрыт: бык і мядзведзь. Самымі дарагімі па значнасці мужчына лічыць запінкі, у якіх ажаніўся: яны выкананы ў выглядзе жаніха і нявесты. Гэты асобнік калекцыі ўжо стаў своеасаблівым шчаслівым талісманам: многія сябры Давіда пазычалі іх на свае ўласныя вяселлі.
Наогул фантазія майстроў амаль бязмежная. Так, у калекцыі ёсць запінкі ў выглядзе рулеткі, у сярэдзіне якой круціцца малюсенькі шарык. Ці ж у форме канверта, цалкам прыдатнага для захоўвання мініяцюрнага ліста. А пры дапамозе запінак-трубак нават можна па-сапраўднаму курыць. Розныя звяры і казуркі, прадукты, маркі машын, віды спорту… Давід расказаў, што дома ў яго ёсць спецыяльныя стэлажы для захоўвання калекцыі. Часам, у залежнасці ад настрою, бізнесмен змяняе запінкі па некалькі разоў на дзень, таму, прызнаецца, ужо паспеў перанасіць усе пары.
У журналісткі і блогера Асі ПАПЛАЎСКАЙ — іншы запал. Дзяўчына збірае прадметы з макамі, іх колькасць ужо перавышае 150 асобнікаў. «Першынцам» сталі завушніцы з палімернай гліны, якія ўлюбілі ў сябе будучую калекцыянерку з першага погляду падчас адпачынку ў Кактэбелі. Далей — больш: свечкі, посуд, нататнікі, заколкі, брошкі, адзенне... На мінулы дзень нараджэння Ася нават зладзіла макавую вечарыну. Журналістка адзначае, што жывыя кветкі захоўваюць свежасць у вазе ўсяго на некалькі гадзін, а вельмі хочацца зберагчы іх цудоўную прыгажосць даўжэй. У планах у дзяўчыны — адбіць гэту кветку ў сябе на целе, а пасля арганізаваць прафесійную фотасесію на макавым полі.
Самай юнай калекцыянеркай прызнана трохгадовая мінчанка Аліса. Яна з'яўляецца ўладальніцай найбольш буйнога ў краіне збору кніг Льюіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў», прычым на розных мовах. За некалькі гадоў удалося адшукаць 25 выданняў. З ранняга ўзросту дзяўчынка падарожнічала разам з бацькамі. І вось у Галандыі ім прыйшла ў галаву думка, што нядрэнна было б набыць «мясцовую» версію знакамітай кнігі, якая, дарэчы, перакладзеная больш чым на 150 моў свету. Пасля гэтага з усіх паездак замест магніцікаў сям'я пачала прывозіць такі незвычайны сувенір, а хутка да справы падключыліся і іх блізкія і знаёмыя. Сама Аліса больш за ўсё любіць асобнікі з маляўнічымі ілюстрацыямі, бацькі ж з нецярпеннем чакаюць выхаду кнігі на беларускай мове.
Акрамя гэтага, сярод рэкордаў — самая вялікая рок-бібліятэка, калекцыя грамафонаў і патэфонаў, гальштукаў-бабачак, эксклюзіўнай мужчынскай біжутэрыі. Аднак сярод рэкордаў прадстаўлены не толькі калекцыі. Так, малады пісьменнік Кірыл СТАСЕЛЬКА быў адзначаны як аўтар рамана з самай вялікай колькасцю герояў. Іх у творы 136, так што новы персанаж з'яўляецца амаль на кожнай старонцы. Каманда, у якую ўваходзяць Казімір, Сашок і Mаmу Gummу, атрымала ўзнагароду як самае сталае трыа дыджэяў. Агульны ўзрост удзельнікаў — 212 гадоў. Трое разьбяроў з Беразіно прадставілі самую вялікую драўляную лыжку ў свеце. Гэта дасягненне таксама было зафіксавана Кнігай рэкордаў Гінеса. Даўжыня прыбора-гіганта — 23 метры. Лыжка высечана з суцэльнага ствала дуба, майстры працавалі над ёй больш за паўгода.
У спіс трапілі і іншыя архітэктурныя і прыродныя аб'екты, напрыклад, самы глыбокі бункер — 45 метраў — знаходзіцца на беларуска-польскай мяжы. Найстарэйшай школай прызнана слуцкая гімназія №1: навучальная ўстанова хутка адзначыць 400-гадовы юбілей. Самы доўгі ў Беларусі дом на 26 пад'ездаў і амаль 1000 кватэр можна ўбачыць па адрасе — горад Мінск, вуліца Ясеніна, 6, а вось найбольш старажытны дуб, які па праве называюць Царом, расце ў Маларыцкім раёне. Старажылу каля 800 гадоў, яго вышыня складае 46 метраў.
Дар'я КАСКО
Фота Надзеі БУЖАН
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.