Вы тут

Патэнцыял Астравеччыны — у моладзі і аб'ектах нерухомасці


Сучасная Астравеччына лічыцца самым перспектыўным рэгіёнам Гродзенскай вобласці. Дзякуючы будаўніцтву атамнай электрастанцыі апошнія некалькі гадоў тут як на дражджах «растуць» садкі, школы, паліклінікі і жылыя дамы. Робіцца больш разнастайнай сетка турыстычных паслуг, што ў сваю чаргу спрыяе развіццю малога бізнесу. А далучэнне горада ў 2015 годзе да праекта Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здаровыя гарады» мае на мэце выхаваць пакаленне людзей са здаровым поглядам на жыццё. Чым цяпер жыве горад і што плануе рабіць у найбліжэйшы час, расказаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар ШАЛУДЗІН.


— Ігар Яраслававіч, на пасадзе старшыні вы толькі некалькі месяцаў, але ж, пэўна, пакрысе асвойваецеся ў горадзе атамшчыкаў, унікаеце ў дробязі. Як праект «Здаровыя гарады» рэалізуецца на Астравеччыне, і што робіцца для стварэння здароўезберагальнага асяроддзя?

— Гэты праект, па сутнасці, не матэрыяльны, ён не арыентаваны на вытворчасць. Яго галоўная задача, на маю думку, — выгадаваць здаровае будучае пакаленне. Менавіта яго дасягненні і стварэнні, заснаваныя на здаровых прынцыпах, стануць тымі вытворчымі дабротамі, якія мы атрымаем у будучыні. Акрамя таго, яшчэ адна задача для нашчадкаў — павысіць колькасць насельніцтва. На прыкладзе нашага раёна відаць, што за нейкія 16 гадоў (з 2001-га) з 28,8 тысячы людзей у нас засталося 23,7 тысячы. Разам з тым у Беларусі магло б пракарміцца ўдвая і ўтрая больш людзей, чым жыве цяпер, і кожны з іх, у сваю чаргу, таксама ствараў бы нейкія даброты і прыносіў карысць. У выніку мы былі б значна багацейшымі як нацыя і краіна.

Калі казаць пра дакладныя чаканыя вынікі праекта, то, прапагандуючы здаровы лад жыцця і спрабуючы перабудаваць менталітэт беларуса, мы спадзяёмся на рост колькасці людзей, што далучацца да ідэі здаровага жыцця, на 10—15%. Працоўныя страты ад часовай непрацаздольнасці, мяркуецца, знізяцца на 10%, а асоб, што адмовяцца ад злоўжывання алкаголем і цыгарэтамі, паменшае на 5%. За 2016 год ужо скараціліся паказчыкі захваральнасці дзяцей ад нараджэння да 17 гадоў. Пры гэтым, праўда, выявілася праблема захворванняў у малых органаў дыхання — ад іх пакутуе 65,4% дзетак.

Тэматычныя мерапрыемствы ў межах праекта рэалізуюцца пастаянна. З 2015-га ў школах кожная другая субота штомесяц праходзіць пад знакам здароўя. Трэці год працуе клуб «Актыўнае даўгалецце», які аб'ядноўвае людзей «залатога» ўзросту. У 2016-м распачаты праект «Два жыцці», скіраваны на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Гэта прафілактычная работа  з падлеткамі і моладдзю па захаванні іх рэпрадуктыўнага здароўя і прапаганда каштоўнасцяў сям'і і дзяцінства. Летась прайшоў тыдзень здароўя са штодзённымі акцыямі: абучэннем скандынаўскай хадзе сталых людзей, абменам цыгарэт на яблыкі, велапрабегам і іншымі творчымі і натхняльнымі ініцыятывамі.

— Астравецкая атамная электрастанцыя, безумоўна, — самы знакавы будаўнічы аб'ект краіны за апошні час. Які ўплыў будоўля аказвае на горад, яго эканамічнае і сацыяльнае жыццё?

— Мы можам сёння пахваліцца адным з самых нізкіх узроўняў беспрацоўя. Зразумела, гэта адбываецца перш за ўсё праз будаўніцтва АЭС і адпаведнай інфраструктуры для яе абслугоўвання. За час рэалізацыі дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы з 2011 года ўзведзена 15 аб'ектаў: адміністрацыйныя будынкі, інжынерныя сеткі, дарогі, жыллё, дзіцячы садок, школа.

2017-ы таксама прынясе з сабой новыя аб'екты. Да першага верасня з'явіцца другі новы дзіцячы сад, а летам пачнуць узводзіць трэці, распачата будаўніцтва трэцяга жылога мікрараёна. Пачаў дзейнічаць гарадок унутраных войскаў па ахове АЭС, а летам у вёсцы Буйкі ўвядуць у дзеянне комплекс пагранзаставы Астравецкая. Рэалізоўваецца праект па электрыфікацыі чыгункі на напрамку ад Маладзечна да мяжы з Літвой.

У 2018-м будзе пабудаваны комплекс цэнтральнай раённай бальніцы з сучасным абсталяваннем, адчыніць дзверы фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнамі, лазнямі, трэнажорамі, пачнецца рэканструкцыя, а фактычна — будаўніцтва стадыёна, з'явіцца ваенны гарадок Варняны для аховы АЭС.

Усё гэта нясе ў сабе перспектывы для камфортнага і здаровага жыцця і спрыяе вяртанню ў горад моладзі. У 2015-м у Астравец прыехала 190 маладых спецыялістаў, а летась — ужо 235, больш за 80 з якіх — ураджэнцы краю. Маладым ёсць дзе працаваць і адпачываць, і амаль 70% з іх застаецца тут жыць пасля адпрацоўкі па размеркаванні.

— У межах прамысловага турызму пляцоўку будоўлі АЭС наведала ўжо больш за 100 турыстычных груп з усяго свету. Якія ўмовы створаны ў горадзе і наваколлі, каб заахвоціць турыстаў працягнуць наведванне?

— Экскурсіі на будаўнічую пляцоўку станцыі ўжо скончыліся, аднак раёну ёсць што прапанаваць турыстам. Акрамя вандровак па жывапісных мясцінах, можна наведаць храмы і помнікі архітэктуры ў самім Астраўцы і за яго межамі. Цікаўныя могуць адправіцца ў падарожжа па водна-веласіпедных, веласіпедных і пешых маршрутах: «Астравеччына — край блакітных азёр», «Гісторыя, застылая ў камені», прайсці па экалагічнай сцежцы «У Альбекаў».

У раёне працуе 16 аграэкасядзіб і 14 рамеснікаў. У 2011 годзе было 329 адзінак прыватнага бізнесу: і прадпрымальнікаў, і малых арганізацый, а на пачатак 2017-га іх ужо 560. Аднак разам з галіной вытворчасці трэба развіваць і сферу паслуг.

Упэўнены, што ёсць патэнцыял і ў аб'ектаў нерухомасці горада і раёна, якімі цяпер не карыстаюцца. Акрамя таго, у краі засталося шмат прыгожых і цікавых маёнткаў. Шмат што з гэтага можна аднавіць і выкарыстоўваць як турыстычныя аб'екты. Гэта спрыяльны асяродак для развіцця прадпрымальніцтва і ўкладвання грошай. Інвестары цікавяцца нашым кутком, і мы гатовыя іх прыняць.

Шмат працы ў краі, і задумак таксама мноства. Будзем пакрысе рэалізоўваць. Хочацца, каб раён быў прывабным і ўтульным для сваіх людзей і для прыезджых.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каб было ўтульна сваім і прыезджым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».