Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Майскія зоркі»

Калі і дзе: «Беларусь 3», 12 мая ў 17.25 і 21.40

Сумесны чэхаславацка-савецкі фільм 1959 года — чорна-белы зборнік з чатырох навел пра першы дзень мірнага жыцця ў вызваленай Празе.

Вось савецкі генерал, запрошаны пагасціць у прадмесці, сустракаецца з маленькім хлопчыкам Душанам і прыгадвае ўласнае жыццё і сям'ю, якую забрала вайна. А вось лейтэнант Рукавічкін, які размініраваў не адзін дзясятак будынкаў, шукае крэйду, каб паставіць на сценах гэтыя мірныя пазнакі, — і выпадкова знаёміцца з абаяльнай маладой чэшскай настаўніцай. На іншых вуліцах рускі танкіст без ваганняў ахвяруе ўласным жыццём, каб выратаваць знясіленага незнаёмца — былога вязня канцлагера. А яшчэ адзін савецкі салдат угаворвае чэшскага вагонаважатага даць яму пакіраваць трамваем хоць на адзін прыпынак — бо і сам ён у даваенным мінулым кіраваў у Кіеве трамваямі...


Што: «Месяц 2112»

Калі і дзе: АНТ, 13 мая ў 22.35

Рэжысёр Данкан Джонс — на хвілінку, сын знакамітага брытанскага музыкі Дэвіда Боўі — зняў гэты малабюджэтны фантастычны фільм за 33 дні (!) — і атрымаў за свой дэбют паўтара дзясятка прэстыжных кінаўзнагарод. І гэта, заўважым, з улікам адзінага акцёра ў кадры.

Галоўны герой Сэм Бэл правёў на Месяцы тры гады, назіраючы за аўтаматызаванай станцыяй па здабычы рэдкага газу — прычым у поўнай адзіноце, калі не лічыць «гаваркога» робата Герці. Цяпер ён мусіць перадаць вахту зменшчыку і адляцець дамоў на Зямлю, дзе чакаюць жонка і маленькая дачка. І ўсё магло б скончыцца добра, але галоўны герой выпадкова высвятляе, што ён — зусім не чалавек, а створаны па заказе магутнай карпарацыі клон, адзін з мноства такіх жа. Адпаведна, блізкіх у яго няма, а па заканчэнні тэрміну службы робат-напарнік мусіць яго папросту знішчыць. І ўсё ж — кожнаму хочацца мець свой дом, нават клону, таму прадуманую да дробязяў схему разбурае «чалавечы фактар»...


Што: «Зорка чароўнага шчасця»

Калі і дзе: TV1000 Kіno Ru, 13 мая ў 12.20

Гэты двухсерыйны гісторыка-рамантычны фільм рэжысёр Уладзімір Мотыль зняў у 1975 годзе і прысвяціў подзвігу жанчын, якія пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў 1825 года адправіліся следам за сваімі мужамі на катаргу ў Сібір і дзялілі з імі ўсе нягоды.

У цэнтры аповеду — лёс дзекабрыста Аненкава (дарэчы, гэта першая галоўная роля ў кіно Ігара Касталеўскага), а таксама Кацярыны Трубяцкой (Ірына Купчанка) і Марыі Валконскай (Наталля Бандарчук), якія на ўсіх узроўнях, ад негатыўна настроеных родных да вышэйшага чынавенства, змагаюцца за сваё права ехаць следам за каханымі мужчынамі... Гістарычная канва, літаратурныя адсылкі — ад Някрасава да Дзюма — і, безумоўна, кранальныя рамансы на вершы Булата Акуджавы надаюць гэтаму фільму асаблівыя хараство і прывабнасць.

Загаловак у газеце: Паміж небам і зямлёй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».