Вы тут

Гісторыя «Звязды» 1920-х гадоў


Сённяшняя «Звязда» ў далёкім 1917 годзе рыхтавалася да выхаду як доўгачаканая зброя мясцовых бальшавікоў у іх барацьбе за ўладу, у першую чаргу, на Заходнім фронце. У красавіку 1917-га ў Мінску праходзіў франтавы з'езд салдат, на якім прагучаў заклік аб неабходнасці выдання «рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты». Яго падтрымаў прадстаўнік ЦК РСДРП(б) В. Нагін. Звесткі аб адлічэнні ў сакавіку 1917 года рабочымі шпалернай фабрыкі грошай на выданне «Звязды» нельга лічыць праўдзівымі з-за адсутнасці пацвярджэнняў. Неабходная сума (2000 руб.) была выдадзена мінскім бальшавікам з касы ЦК РСДРП(б) адразу пасля вяртання Уладзіміра Леніна з-за мяжы.


Міхаіл Васільевіч Фрунзэ (1885 — 1925). Рэдагаваў «Звязду» ў жніўні 1917. Нечакана памёр у час нескладанай аперацыі ў 1925 годзе.

Мінск у пачатку 1917 года нагадваў старажытны горад Вавілон. Тут у розных яго частках, як цэнтральных, так і перыферыйных, з восені 1915-га (час захопу часткі тэрыторыі Беларусі немцамі — кайзераўцамі) размяшчаліся штаб Заходняга фронту, армейскі, па раскладзе ваеннага часу, гарнізон, мясціліся, нібы ластаўчыны гнёзды, установы Усерасійскага земскага саюза, Усерасійскага саюза гарадоў, Чырвонага Крыжа, бежанскія камітэты, іншыя шматлікія, не патрабавальныя да ўмоў існавання спадарожнікі вайны. У губернскім Мінску ў той перыяд пражывала калі 250 тыс. чалавек: беларусы, рускія, палякі, яўрэі, татары, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Сацыяльная актыўнасць належала рабочым і салдацкім масам.

Некаторыя гісторыкі паведамляюць аб нібы слабай зацікаўленасці беларусаў у сваёй нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Але гэта не перашкаджала ім цікавіцца нацыянальнай праблематыкай, беражліва адносіцца да сваёй мовы, культуры. Вясковыя настаўнікі, аграномы, заатэхнікі, ветэрынары, іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі вылучалі ў дзяржаўныя органы ўлады канкрэтныя і слушныя прапановы па паляпшэнні становішча беларускай нацыі. Можа, з гэтай прычыны ў Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя актывізавалася выданне газет.

Матывы і абставіны ўзнікнення любой газеты заўсёды прыцягваюць увагу чытача. «Звязда» — не выключэнне. Яе першыя нумары хацелі нават у 1932 годзе перавыдаць, каб яшчэ раз праліць святло на першапачатковы перыяд яе існавання. Цікавяць людзей іншыя гады. Большасць дакументаў знаходзіцца ў Нацыянальным архіве, у яго састаўной частцы — Цэнтральным партыйным архіве. Гэта: надрукаваныя на машынцы ці напісаныя ад рукі дакументы рэдакцыі, партыйныя пастановы, пратаколы пасяджэнняў рэдакцыйнай калегіі, сходаў працоўнага калектыву, звароты са скаргамі да ўрада ў час сталінскіх рэпрэсій, шматлікія лісты чытачоў, бухгалтарскія і іншыя справаздачы... Названае — своеасаблівае люстэрка гісторыі беларускай краіны.

Спрэчкі аб ролі асобы ў гісторыі не дзіўныя, а заканамерныя. У пэўным аб'ёме на гэты конт мела месца дыскусія і ў «Звяздзе» пры вызначэнні галоўнага рэдактара. Існаванне Мінскага камітэта РСДРП(б) адыгрывала ў гэтым пытанні галоўную ролю. Лічылася, што яго кіраўнік А.Ф. Мяснікоў — асноўны прэтэндэнт на разглядаемую пасаду. Але побач былі і такія яркія асобы, як М.В. Фрунзэ, К.І. Ландар, В.В. Фамін, якіх таксама можна лічыць першымі галоўнымі рэдактарамі газеты.

Выхад першага нумара быў прымеркаваны да 30 ліпеня — дня выбараў у Мінскую гарадскую думу. Газета ўбачыла свет напярэдадні — 27 ліпеня 1917 года па старым стылі, або 9 жніўня 1917 года па новым. Мінскія бальшавікі не толькі прайшлі ў думу, але і паспяхова зацвердзілі там дэкларацыю аб органах мясцовага самакіравання як цэнтры барацьбы за спыненне ваенных дзеянняў. 9 жніўня стала днём нараджэння старэйшай цэнтральнай газеты Беларусі.

З архіўнай даведкі «Звязды» з 20.11.1917 г. па 18.02.1926 г. вынікае, што яе галоўныя стваральнікі аказаліся за межамі газеты: А.Ф. Мяснікоў — галоўнакамандуючы Заходняга фронту, старшыня СНК Аблвыкамзаха, К.І. Ландар — старшыня Аблвыкамзаха, рэдактар газеты «Советская правда». Абавязкі рэдактара «Звязды» фактычна выконваў загадчык аддзела «Агляд унутраных і замежных падзей» В.Г. Кнорын.

Аляксандр Фёдаравіч Мяснікоў (1886 — 1925). Рэдагаваў «Звязду» з 08.1917 па 05.1919. Загінуў у авіяцыйнай катастрофе над Тбілісі. Ёсць звесткі, што гэта была «спланаваная дзея» з боку яго патаемных праціўнікаў.

У архіве адсутнічаюць звесткі аб гібелі супрацоўнікаў «Звязды» на вогненных абшарах войнаў. Але цяжкасцяў хапала. У лютым 1918 года Мінск на нейкі час аказаўся без улады: «чырвоныя» хуценька пакідалі яго, а немцы асцярожна прасоўваліся да гарадскіх ускраін. Становішча ў нейкім сэнсе было вынікам палітыкі «ні міру, ні вайны», прапанаванай наркамам замежных спраў РСФСР Л.Д. Троцкім на перагаворах з германцамі ў Брэсце.

Карціну станаўлення беларускай дзяржаўнасці, яе тэрыторыі дапаўняюць лісты ўпаўнаважанага ЦК РКП(б) пры ЦК КП(б)Б А.А. Іофэ ў Мінску У.І. Леніну, Я.М. Свярдлову, Л.Д. Троцкаму, Г.В. Чычэрыну. Усяго намі адшукана ў архівах Масквы 6 такіх пасланняў. Яны датычацца скарачэння тэрыторыі Беларускай рэспублікі, яе аб'яднання з Літоўскай ССР, узаемаадносін паміж членамі ўрада Беларускай ССР.

Такім чынам, нягледзячы ні на што, тэрыторыя БССР была звужана да Мінскай і Гродзенскай губерняў. Урад аб'яднанай ЛітБел быў створаны. Але яго эфектыўнасць аказалася невысокай. Ён фактычна перастаў існаваць летам 1919 года (захоп палякамі Літвы і значнай часткі Беларусі, а юрыдычна — 31.07.1920 г., у выніку другога абвяшчэння Беларускай ССР). Лёс А.А. Іофэ аказаўся трагічным. 19 лістапада 1927 года «Звязда» надрукавала «Некралог на смерць А.А. Іофэ», у якім гаварылася: «Масква. 17 лістапада, увечары, з прычыны нервовага расстройства, якое было выклікана цяжкай хваробай, што пачалася яшчэ ў 1922 г., стрэлам з рэвальвера пакончыў жыццё самагубствам былы ўдзельнік перагавораў у Бярэсці, першы паўнамоцны прадстаўнік у Нямеччыне, а пазней у Кітаі, а потым упаўнаважаны Савецкага ўрада ў перагаворах у Японіі, паўнамоцны прадстаўнік у Аўстрыі, у апошні час — намеснік старшыні Галоўканцэскаму А.А. Іофэ. Выказалі спачуванне блізкім нябожчыка, ураду СССР нямецкі пасол граф Брандорф-Рандаў, польскі пасланнік Патэк, літоўскі пасланнік Балтрушайціс і мангольскі паўнамоцны прадстаўнік Баян-Чуган». Змяшчэнне гэтай інфармацыі ў «Звяздзе» можна разглядаць як факт праяўлення спачування з боку калектыву газеты.

Гісторыкі ў сваёй большасці лічаць выхад «Звязды» і пачаткам існавання выдавецтва «Звязда». Свае меркаванні яны падмацоўваюць наступным. Ужо ў лістападзе — снежні 1917 года намаганнямі звяздоўскіх журналістаў выдадзены болей чым 20 брашур, сярод якіх работы У.І. Леніна: «Урокі рэвалюцыі», «Зямельнае пытанне», «Як падманулі народ сацыялісты-рэвалюцыянеры і што даў народу новы ўрад бальшавікоў», «Палітычныя партыі ў Расіі і задачы пралетарыяту», «Руская рэвалюцыя і грамадзянская вайна» і інш.

Выдавецкая дзейнасць «Звязды» дапаўнялася аналагічнай работай іншых падобных устаноў. Іх кнігі, часопісы, газеты на беларускай мове распаўсюджваліся ў Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі. Асабліва добрых слоў заслугоўвае выдавецкі аддзел Беларускага нацыянальнага камісарыята, які ўваходзіў у Наркамнац РСФСР. У 1918 годзе ён выдаў на рускай і беларускай мовах курс «Беларусазнаўства» для чытання лекцый па гісторыі і культуры Беларусі. У гэты першы беларускі падручнік увайшлі працы У.І. Пічэты, А.Ф. Фартунатава, З.Ф. Жылуновіча, П.А. Растаргуева, М.А. Янчука і іншых знакамітых гісторыкаў, пісьменнікаў, этнографаў Беларусі.

Новую старонку ў выдавецкай і газетнай справе Беларусі адкрыла пастанова ЦВК БССР «Аб стварэнні Дзяржаўнага выдавецтва БССР і цэнтралізацыі друкарскай справы» (студзень 1921 г.). У адпаведнасці з ёю, пры Белдзяржвыдавецтве ўтварыўся аддзел перыядычнага друку, куды разам з іншымі ўвайшоў і прадстаўнік «Звязды». Дзяржвыдавецтва стала адной з найважнейшых дзяржаўных устаноў па забеспячэнні грамадства гістарычнай, культурна-асветніцкай, навуковай інфармацыяй.

3 красавіка 1925 года сакратарыят ЦК КП(б)Б, разгледзеўшы гаспадарчую дзейнасць «Звязды», прызнаў, што газеце неабходна аказаць фінансавую дапамогу, але ўлічваючы цяжкасці пераходнага перыяду, пастанавіў вылучыць выдавецтва «Звязды» ў самастойную гаспадарчую адзінку.

Вітольд Францавіч Ашмарын (Ахрамовіч) (1882 — 1930). Рэдагаваў «Звязду» са жніўня 1920 па жнівень 1921. Скончыў жыццё самагубствам у Пятроўскім парку ў Маскве, не вытрымаўшы інтрыг у апараце ЦК ВКП(б).

У пачатку 20-х гадоў прымаліся палітычныя і гаспадарчыя меры па наладжванні ўзаемаадносін нацыянальных ускраін з Масквой, гістарычным цэнтрам былой Расійскай імперыі. Ад імя БССР подпіс пад Дагаворам і Дэкларацыяй аб утварэнні Саюза ССР паставіў 30 снежня 1922 года ў Маскве кіраўнік беларускай дэлегацыі, старшыня ЦВК і СНК БССР А.Р. Чарвякоў. У складзе прыбыўшых у Маскву ў той час знаходзіўся і рэдактар «Звязды» В.А. Нодэль.

Патрабуе дадатковага тлумачэння гісторыя двух з'ездаў, што адбыліся ў пачатку 20-х гадоў: трэцяга з'езда Кампартыі Беларусі (22—25 лістапада 1920 г.) і другога — Усебеларускага з'езда Саветаў (13—17 снежня 1920 г.). На першым з асноўным дакладам выступіў сакратар ЦК КП(б)Б В.Г. Кнорын. У пастанове па яго выступленні Беларусь ізноў называецца «часткаю РСФСР». У выніку другі Усебеларускі з'езд Саветаў не зацвердзіў паўнацэнную Канстытуцыю БССР, а толькі «Дапаўненні да Канстытуцыі», якія абмяжоўваліся цэнтральнымі органамі ўлады. Урад Беларусі не змог адстаяць і сваю тэрытарыяльную цэласнасць на Рыжскіх мірных перагаворах паміж РСФСР і Польшчай. Падрабязнасці падзей можна знайсці ў артыкуле В.Г. Кнорына «Мір і Беларусь» у «Звяздзе» ад 21.10.1920 года.

Сёлета, 8 сакавіка, споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння А.Р. Чарвякова. Нагадаем яшчэ раз пра вялікую ролю гэтага дзяржаўнага дзеяча ў аднаўленні беларускай дзяржаўнасці пры пераходзе ад вайны да міру. Ён быў вымушаны напісаць пісьмо У.І. Леніну аб недаацэнцы мясцовымі ваеннымі дзеячамі нацыянальнай дзяржаўнасці для беларускага народа. Пісьмо было разгледжана і падтрымана. Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў з 1920 па 1937 год — старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай ССР. (Жыццё закончыў самагубствам у чэрвені 1937-га, не вытрымаўшы несправядлівых абвінавачванняў.)

Статус газеты «Звязда» ў той перыяд упершыню прыраўнялі да статусу адной з цэнтральных гістарычных крыніц па вывучэнні гісторыі Кастрычніцкага перавароту ў Беларусі.

Гэта адбылося ў 1932 годзе. Менавіта тады, у час падрыхтоўкі да 15-годдзя «Звязды», прагучаў зварот да газеты як да галоўнай гістарычнай крыніцы. Змяшчаўся ён на старонках Прадмовы — дакумента, які абвясціў аб пачатку перавыдання шэрагу нумароў «Звязды». У ім гаварылася: «Разглядаемае перавыданне («Звязды». — Аўт.) вельмі неабходна ў Беларусі, дзе багацейшая гісторыя Кампартыі Беларусі яшчэ чакае сваіх даследчыкаў-гісторыкаў, дзе іншыя віды гістарычнай дакументацыі, асабліва дакастрычніцкага перыяду і грамадзянскай вайны, поўнасцю або часткова знішчаны».

У перавыданне ішлі нумары «Звязды» ад 9 жніўня (27 ліпеня) да 13 снежня (30 лістапада) 1917 года. Рабілі газету ў той перыяд: члены рэдакцыі А. Мяснікоў, В. Кнорын, К. Ландэр, В. Фамін. У выданні «Звязды» і «Молата» ўдзельнічаў да свайго ад'езду ў Івана-Вазнясенск М. Фрунзэ (Міхайлаў — псеўданім). Загадчыкі аддзелаў: В. Неўскі (агляд друку і салдацкія пісьмы), В. Кнорын (унутраны і знешні агляд), Г. Усцінаў (фельетоны і інфармацыя), В. Рэзаўскі (мясцовае жыццё і выпускальнік).

Не дажылі да 15-годдзя «Звязды» А. Мяснікоў, М. Фрунзэ, В. Ашмарын. Усе пайшлі ў іншы свет заўчасна.

У дні святкавання 15-годдзя калектыў «Звязды» атрымаў віншаванне ад газеты «Рабочий», у якім гаварылася: «...15-гадовы юбілей «Звязды» супадае з пяцігадовым юбілеем пераводу яе на беларускую мову... Юбілей «Звязды» — гэта свята працоўных мас усёй БССР».

Яўген БАРАНОЎСКІ, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Першыя святы і першыя страты «Звязды»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».