Вы тут

Ці зможа медзведзяня Тосік заваяваць сэрцы ўсіх беларусаў?


Унікальнае культурна-спартыўнае свята адбудзецца 13 мая ў сталіцы на стадыёне БДПУ — 9 камандаў, якія прадстаўляюць усе раёны Мінска, збяруцца, каб вызначыць самага хуткага, самага дужага, самага спрытнага і самага кемлівага ў... народных гульнях. Спартыўна-адукацыйны праект «Беларусіяда» выходзіць на гарадскі ўзровень. Пра тое, як нарадзілася ідэя аб'яднаць людзей вакол беларускіх народных гульняў, нам расказаў яе аўтар, старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ Анатоль ДРЫГІН.


Медз­ве­дзя­ня То­сік — па­ста­ян­ны та­ліс­ман «Бе­ла­ру­сі­я­ды».

І трэнер, і фалькларыст

— Першай «іскрынкай», якая мяне «запаліла», стала інфармацыя, якую я, тады яшчэ студэнт факультэта народнай культуры БДПУ, пачуў на лекцыі, прысвечанай гульнявым традыцыям народаў Еўропы, — прызнаўся Анатоль. — Наш выкладчык кафедры этналогіі і фалькларыстыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алесь Лозка расказаў, што іспанцы хочуць, каб стральбу з рагаткі ўключылі ў праграму алімпійскіх гульняў. «Прабачце, а чаму менавіта іспанцы вырашылі «запатэнтаваць» рагатку? Чаму не мы? Напэўна, усе хлопцы майго ўзросту ў дзяцінстве прайшлі праз аналагічнае захапленне...» — прыкладна так падумаў я і пачаў даследаваць гульнявыя традыцыі беларусаў. Паехаў на Гомельшчыну, на Магілёўшчыну, каб паразмаўляць з бабулямі і дзядулямі, у тым ліку і са сваімі сваякамі, даведацца, у што яны гулялі. Звярнуўся да шматлікіх друкаваных і літаратурных крыніц. Менавіта гэта тэма лягла ў аснову майго дыпломнага праекта, а пазней народныя гульні сталі аб'ектам даследавання і ў час напісання навуковай працы ў аспірантуры. Алесь Лозка выступіў маім навуковым кіраўніком. Але я вырашыў не спыняцца і другую вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, дзе спецыялізаваўся на турысцка-аздараўленчай дзейнасці. БДПУ скончыў як выкладчык сусветнай і айчыннай культуры, кіраўнік фальклорнага калектыву, а другі дыплом у мяне — менеджара-метадыста.

«Пе­ра­цяж­кі» — сі­ла­выя спа­бор­ніц­твы з тра­ды­цый­ны­мі пра­ві­ла­мі.

Анатоль з сумам канстатуе, што такому важнаму аспекту, як масавыя народныя гулянні і спартыўныя традыцыі мінулага, пакуль што не ўдзяляецца належнай увагі. Між іншым, гульні, забавы, ігрышчы — цікавы і непаўторны момант у традыцыйнай культуры беларусаў. Гульня адлюстроўвае характар нашага народа, яго старажытныя звычаі, цесна звязана з адпачынкам, бытам і працоўнай дзейнасцю, прыродным асяроддзем краіны. Тыя ж «выбівалы» некалі былі формай фізічнай падрыхтоўкі воінаў: калі паспееш ухіліцца ад варожай зброі, значыць, застанешся падчас бою жывым. Гульня «Пекар» — гэта гульня-стратэгія, у якой да таго ж прасочваецца і пэўная, традыцыйная для беларусаў, іерархія па меры прасоўвання гульцоў наперад: пешка, кавалер, пані, кароль. Перамагае той удзельнік, хто апошні застаецца ў гульні ці займае ўзровень «кароль».

Беларусамі гульня не ўспрымалася асобна, яна пранікала ва ўсе сферы жыцця: была арганічна звязана як з абраднасцю, так і з паўсядзённасцю. Прычым у народнай культуры гульня мае больш шырокае і разнастайнае значэнне. Такія з'явы, як вечарыны, скокі, забавы, ігрышчы, карагоды, свавольствы, таксама называліся «гульнямі».

У гуль­ні «Паль­чат­ка» га­лоў­нае — пры­ду­маць стра­тэ­гію, каб пе­рай­граць са­пер­ні­ка.

Статут для «Беларусіяды»

Ідэя адраджэння і папулярызацыі беларускай гульнявой спадчыны моцна захапіла нашага суразмоўцу. Паступова яна ўвасобілася ў канцэпцыю спартыўна-культурнага свята «Беларусіяда». Натуральна, што эксперыментальнай пляцоўкай для правядзенння «Беларусіяды» ў 2005 годзе стаў факультэт народнай культуры БДПУ, дзе былі аб'яднаныя фалькларысты, харэографы, спартсмены, мастакі... У яе аснову былі пакладзены найбольш адметныя беларускія народныя гульні, адабраныя па прынцыпе іх распаўсюджанасці, відовішчнасці і скіраванасці на развіццё разнастайных спартыўных якасцяў. Для прыкладу, «Лапта» ўяўляе сабой актыўную і захапляльную гульню на спрытнасць і кіданне ў цэль. «Два агні» — рухальная забава з мячом, заснаваная на прынцыпе «выбівалаў». «Рыбакі» — спаборніцтвы на хуткасць. «Пацяг» і «Перацяжкі» — сілавыя спаборніцтвы з традыцыйнымі правіламі. Плюс, вядома, «Стральба» з рагаткі.

Народныя гульні — гэта каласальная энергетыка.

— Раней як гулялі? Так, як дамаўляліся ў пэўнай мясцовасці ці ў пэўнай вёсцы. Калі ўзяць тую ж «Лапту», то на Віцебшчыне і Магілёўшчыне гэта зусім розныя гульні, — падкрэслівае Анатоль Дрыгін. — На Беларусі можна сустрэць 5—6 відаў «Лапты». Таму для дзевяці гульняў, уключаных у праграму «Беларусіяды», мы распрацавалі дакладную сістэму правіл: колькасць і пол удзельнікаў, узроставыя абмежаванні, памеры пляцоўкі, спартыўны рыштунак, сістэму правядзення спаборніцтваў, парадак і паслядоўнасць удзелу індывідуальных гульцоў і камандаў, прынцып выяўлення пераможцаў і гэтак далей. Для арганізацыі і правядзення «Беларусіяды» быў складзены Статут, які дакладна вызначае ўсе яе палажэнні.

Спартыўна-культурнае шоу

Праграма «Беларусіяды» абавязкова складаецца з двух блокаў: культурнага і спартыўнага. Першая частка праграмы ўключае ў сябе абавязковы паказ невялікай фальклорнай праграмы, заснаванай на традыцыйнай беларускай культуры, якая ў нечым нагадвае сабой кірмаш, дзе размяшчаюцца разнастайныя атракцыёны, адбываюцца выступленні артыстаў, паказальныя спаборніцтвы. Другая частка свята — спартыўная.

«Гэта правіла будзе вытрымана і падчас правядзення агульнагарадскіх спаборніцтваў сярод школьнікаў. Беларускі кірмаш быў не толькі месцам куплі-продажу, але і падзеяй, дзе просты народ меў магчымасць «адвесці душу» ў розных гульнях, спаборніцтвах, забавах на прызы, танцах, тэатры, паглядзець выступленні скамарохаў...Таму і ў нас будзе прадстаўлены і горад майстроў, і вясёлыя забавы, атракцыёны, — абяцае аўтар і ідэйны натхняльнік праекта. — А паралельна будуць адбывацца спартыўныя спаборніцтвы, падчас якіх школьнікі пазмагаюцца за выхад у фінал, а потым і за званне пераможцы. З улікам узросту гульцоў камандаў (а гэта будуць васьмікласнікі), спыніліся на чатырох гульнях: «Лапта», «Дзень-ноч», «Пальчатка» і «Перацяжкі». Каманды камбінаваныя: складаюцца з хлопцаў і дзяўчат».

У гульні «Дзень-ноч» гуляюць дзве каманды: «Дзень» і «Ноч». На цэнтральнай лініі знаходзіцца суддзя, які гучна вымаўляе слова «Дзень» або «Ноч». І гульцы гэтай каманды даганяюць сваіх сапернікаў, імкнуцца дакрануцца да іх рукой.

Дарэчы, на падлетках «Беларусіяду» ўжо паспяхова «абкаталі». У аздараўленчым летніку «Змена», што ў Смалявіцкім раёне, педагагічны атрад «Кантакт» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Марыі Бабчанок, арганізаваў, так бы мовіць, беларускія алімпійскія гульні. На цэлую змену летнік ператварыўся ў алімпійскую вёску, атрады — у краіны, а адпачывальнікі — у спартсменаў і артыстаў, якія ўдзельнічалі ў культурна-спартыўным свяце. Яно ўяўляла сабой правядзенне спаборніцтваў па народных гульнях, такіх як «Лапта», «Два агні», «Рыбакі», «Пацяг», «Перацяжкі», «Стральба» з рагаткі, а таксама арганізацыю Дзён культуры таго ці іншага атрада краіны... Для назірання за правядзеннем спартыўных гульняў было створана спецыяльнае інфармацыйнае табло, на якім адлюстроўваліся ўсе вынікі спаборніцтваў, а персанал летніка меў нават сваю ўніформу з сімволікай «Беларусіяды».

За межамі краіны «Беларусіяда» таксама прайшла. Дазвол на арганізацыю спартыўна-культурнага свята ў Балгарыі атрымала адміністрацыя Міжнароднага маладзёжнага цэнтра «Валко», у анімацыйнай групе якога працавалі выпускнікі БДПУ. Летам 2010 года ў гэтым летніку адпачывала моладзь з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Малдовы, Літвы і Балгарыі — усе яны сталі ўдзельнікамі ўжо міжнародных спаборніцтваў па беларускіх народных гульнях: «Лапта», «Два агні», «Перацяжкі» і «Стральба» з рагаткі.

Затым спаборніцтвы па беларускіх народных гульнях прайшлі ў Швейцарыі, дзе разам адпачывалі нашы дзеці і дзеці з гэтай краіны.  

А ў 2011 годзе ў праекта «Беларусіяда» з'явіўся новы пастаянны талісман — медзведзяня Тосік.

І ніякага інтэрнэту!

— Народныя гульні — гэта каласальная энергетыка, магчымасць аб'яднаць людзей, зацікавіць іх спартыўнай спадчынай свайго народа. Гуляючы, чалавек лёгка і непрыкметна засвойвае вобразы і сімволіку народнай эстэтыкі, — упэўнены Анатоль Дрыгін. — Досвед іншых краін паказвае, як беражліва іх народы ставяцца да сваіх нацыянальных традыцый у фізічнай культуры. Напрыклад, у Кіргізіі летась прайшлі грандыёзныя Гульні качэўнікаў. Можа, і нам трэба запачаткаваць нацыянальны спартыўна-культурны рух? Калі мы прыйшлі ва ўстановы адукацыі, каб расказаць пра наш праект, пра будучыя спаборніцтвы, — нідзе не сустрэлі непаразумення. Хутчэй, наадварот... Для трэнераў і настаўнікаў фізічнай культуры гэта выдатны спосаб папоўніць свой запас гульняў і забаў, якія можна выкарыстоўваць у паўсядзённай рабоце з дзецьмі. Ну а падлеткам заўсёды цікава паўдзельнічаць у чымсьці новым, плюс ім уласцівыя спартыўная канкурэнцыя і азарт. Мы ж спадзяёмся, што ўсе ўдзельнікі панясуць свае веды далей. Падчас летняга адпачынку яны падзеляцца імі з равеснікамі ў аздараўленчых летніках, у вёсцы, у сваім двары... І народныя гульні прымусяць дзяцей нарэшце адарвацца ад інтэрнэту!

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Алімпійскія гульні ў... «Пальчатку» і «Лапту»

Выбар рэдакцыі

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.