Вы тут

«Звязда» і натарыус дапамагалі грамадзянам вырашыць іх праблемы


Як набыць ва ўласнасць зямлю, куды і калі звяртацца, каб атрымаць спадчыну, ці можна падарыць сваю маёмасць, каб яна трапіла ў тыя рукі, у якіх яе хоча бачыць спадчынадавец? Такія пытанні на стэндзе «Звязды» задавалі натарыусу наведвальнікі выстаўкі «СМІ ў Беларусі», якім пашанцавала атрымаць бясплатную кансультацыю.


Надзея Шупенька, натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі, расказала, што найчасцей беларусы сапраўды цікавяцца перш за ўсё наследаваннем і падзелам маёмасці. Пры гэтым іх хвалююць як пытанні, якія можна вырашыць згодна з законам, так і тыя, што дыктуе ім іх светапогляд.

— Здараецца, адзін з нашчадкаў збіраецца звяртацца ў суд з іскам, бо лічыць сваяка непрыстойным чалавекам, які не даглядаў бацькоў, а цяпер толькі з'явіўся на падзел. Калі ён напіша нам заяву, справу можна спыніць на 10 дзён. Тым не менш, калі пры падзеле маёмасці нашчадкі не могуць дамовіцца паміж сабой, натарыус можа толькі адкласці натарыяльнае дзеянне на пэўны час, але вырашыць сваю праблему яны могуць толькі праз суд.

Усё часцей да натарыуса звяртаюцца і за шлюбнымі дагаворамі, якія пакрысе ўваходзяць у Беларусі ў моду, дадала натарыус.

— У маёй практыцы грамадзяне, якія збіраюцца пабрацца шлюбам і задумваюцца пра сваю ўласнасць, стараюцца пакінуць права на яе за сабой. А вось тое, што будзе набыта сумесна пасля, ужо дзяліць пароўну. Здараецца, прыходзяць складаць тэрміновыя дагаворы, якія патрэбны літаральна заўтра. Гэта дакладна сведчыць, што людзі разводзяцца і не хочуць дзяліць маёмасць у судзе. Яны вырашаюць усе моманты з натарыусам і з зарэгістраваным дагаворам пасля спакойна ідуць скасоўваць шлюб.

Атрымаць бясплатную кансультацыю некаторыя пастараліся не толькі для сябе, а і для іншых.

— Я пыталася, ці можа мой сусед пасля смерці жонкі і сына аформіць на сябе кватэру, машыну і гараж, якія перайшлі яму ў спадчыну. Аказалася — так зрабіць нельга, бо яшчэ жывая маці яго жонкі, якая таксама мае правы на ўсё гэта. А мяне асабіста цікавіла, ці магу я стаць адзінай уласніцай дачы майго бацькі і не дзяліцца са сваім зводным братам. Аказалася, што хоць яна і была пабудавана ў часы, калі ў таты была першая сям'я (наша), аднак калі не будзе завяшчання, то ўся маёмасць будзе дзяліцца паміж усімі прэтэндэнтамі на спадчыну. Натарыус прапанавала аформіць дароўны дакумент — цяпер буду размаўляць з бацькамі, — падзялілася наша чытачка Таццяна.

— Трапіць да натарыуса даволі цяжка. Трэба знайсці не толькі грошы, але і час. А тут я за некалькі хвілін зняла цяжар з душы. Бо расказала сваю сітуацыю, а натарыус сказала, што пытанне будзе вырашана на маю карысць. Цяпер я магу не хвалявацца і не буду мітусіцца, спрабуючы нешта зрабіць. Так што для мяне такая акцыя сталася вельмі карыснай, — падзякавала за арганізацыю Валянціна.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Дзяліцца, разводзіцца і купляць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?