Вы тут

Эксклюзіўныя рэчы адной «касцюмеркі»


Дарэвалюцыйныя ўпрыгажэнні і дамскія сумачкі на любы густ, рарытэтныя кнігі, якія сведчаць аб тым, як жанчыны ўсяго свету адзяваліся ў розныя эпохі, калекцыі сукенак і касцюмаў, каробкі з пальчаткамі, акулярамі і капелюшамі, чамаданы парасонаў і парыкоў, нават швейная машынка канца ХVІІІ стагоддзя... Гэта не музей моды, не тэатральная касцюмерная і не кінастудыя «Беларусьфільм». Карэспандэнты «Звязды» завіталі ў прыватныя апартаменты, або, як іх называе сама гаспадыня, — у «касцюмерку».


Для Дзіяны Слінко-Сіговай  «касцюмерка» стала справай усяго жыцця.

Рамонкі з бабуліных штор

Па прафесіі Дзіяна Слінко-Сігова — мастак-стыліст. Яна адзявае вядучых і гасцей Белтэлерадыёкампаніі, працуе над вобразамі герояў кінастужак, стварае казку на галоўнай ёлцы краіны і святочную атмасферу на сталічных пляцоўках падчас маштабных урачыстасцяў. А пачалося ўсё са звычайнага захаплення маляваннем...

— Нарадзілася я ў вёсцы, дзе гурткоў па выяўленчым мастацтве не было, — расказвае Дзіяна. — Творчыя заданні прыдумляла сабе сама: малявала ў школьную насценгазету, майстравала для ўласных лялек сукенкі з тканіны і фанцікаў. Аднойчы настаўнік заўважыў, чым я займаюся, і адвёз адну з маіх работ на рэспубліканскі конкурс. Мне прысудзілі адно з першых месцаў і запрасілі на ўступныя экзамены ў рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Правучылася там сем гадоў.

Але першай любоў да рукадзелля Дзіяне прывіла бабуля. Тая была знатнай ткачыхай, нават ткацкі станок магла адрамантаваць! Было дзяўчынцы і яшчэ ў каго павучыцца: адна цётка вышывала, другая ўвогуле была прафесійнай краўчыхай, якая адзявала ўсю сям'ю. Апошняя і прыцягвала Дзіяну да швейнай справы, калі тая прыязджала да бабулі на канікулы. Таму дзяўчынка з лёгкасцю магла адрозніць шоўк ад шэрсці, а таксама «абнавіць» бабуліны шторы, выразаўшы з іх рамонкі.

Дзіяна доўгі час пісала карціны, але прафесійным жывапісцам сябе ніколі не бачыла. Пасля заканчэння школы-інтэрната, што ўжо стала рэспубліканскім ліцэем мастацтваў, свае работы прывезла ў вёску. Бабуля, якая спявала ў царкоўным хоры, доўга не думала і занесла малюнкі на рэлігійную тэматыку ў царкву. Яны і дагэтуль там вісяць.

На аддзяленне керамікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў паступіла, каб навучыцца нечаму новаму. Паралельна асвойвала графіку і станковы жывапіс у Маскоўскім завочным універсітэце мастацтваў.

Лялькі на ўдачу і світар для «Стыляг»

У дэкрэце Дзіяна асвоіла і яшчэ адзін від мастацкай дзейнасці. «Сябра нашай сям'і, вядомы акцёр Купалаўскага тэатра Мікалай Кучыц, шыў лялькі ў народным стылі: з распісанымі тварамі, у шыкоўных строях, — успамінае яна. — Падгледзеўшы, як ён гэта робіць, дзеля цікавасці таксама паспрабавала адну пашыць. Атрымалася вялікая, дзесьці 40 сантыметраў, — вельмі смешная і нязграбная. Зразумела, што трэба распрацаваць сваю ляльку, зручную па памеры для шыцця».

Пашытыя Дзіянай невялікія лялькі з тонкімі ножкамі, упрыгожаныя аксесуарамі і шматлікімі дэталямі, пачалі карыстацца папулярнасцю ў замежнікаў. Толькі для знаёмай немкі яна пашыла каля ста: дарэчы, вельмі падобных на папулярную сёння Цільду. Магчыма, менавіта Дзіяніна лялька трапіла ў рукі замежнаму мастаку, бо з'явіліся Цільды значна пазней, чым лялькі беларускай майстрыхі.

У той час, калі ўсе дзеці гулялі ў Барбі, у яе дачкі былі свае «сяброўкі». «Дачка часта засынала з маёй лялькай, часам з бязвокай, з адной заплеценай касой, — расказвае Дзіяна. — Раніцай мы прыводзілі цацку ў парадак, адшывалі новы нарад, і яна зноў ператваралася ў прынцэсу».

У лялькі, створаныя Дзіянай, гулялі дзеці амаль усяго інтэрната, дзе яны на той час жылі. Іх дарылі сябрам і знаёмым, незамужнім сяброўкам яны прыносілі ўдачу — тыя неўзабаве выходзілі замуж.

Іншае захапленне майстрыхі вылілася ў сур'ёзны праект. Спачатку яна вязала сабе, дачцэ, мужу, бацькам... Потым былі доўгія вечары з пруткамі ў кампаніі суседак па інтэрнаце. Звязаныя Дзіянай паліто і кепка прынеслі актрысе Купалаўскага тэатра Святлане Кажамякінай ролю ў кіно, а хутка і сама майстрыха стала абшываць зорак тэлеэкрана.

— Аднойчы маскоўскі мастак па касцюмах Саша Осіпаў прапанаваў мне звязаць некалькі рэчаў для герояў вядомай сёння кінастужкі «Стылягі», — расказвае Дзіяна. — Я настолькі захапілася, што за два месяцы звязала каля 60 мужчынскіх і жаночых камізэлек і світараў, у тым ліку той, чорна-белы з аленем, для галоўнага героя. Апошні, дарэчы, прыйшлося перарабляць: у першапачатковым варыянце рогі аленя глядзелі ў адзін бок.

Эксклюзіўсярод хламу

Сёння ў Дзіяны — уласная калекцыя адзення, аксесуараў і самага рознага рэквізіту. Яна настолькі вялікая, што можна зняць не адну кінастужку, прычым на абсалютна розную тэматыку.

— Калі я пачала працаваць на тэлебачанні, адчула, што пры стварэнні пэўнага вобраза мне заўсёды нечага не хапала, — прызнаецца мастак-стыліст. — Сукенка прыгожая, а капялюшык зусім не той, ці аксесуар не з гэтай эпохі. Таму пачала нешта шыць сваімі рукамі, збіраць уласную калекцыю.

Штосьці яна набывае сама, нешта прывозяць сябры. А бывае і такое, што эксклюзіўныя рэчы амаль дарма аддаюць выпадковыя людзі. «Часам працуеш над пэўным праектам, дзе шмат масоўкі, хтосьці падыходзіць і пытаецца: «Ці не патрэбны вам рэчы, якія я насіла ў юнацтве?», — расказвае Дзіяна. — Ну як ад такога адмовішся? Наступны раз мая масоўка прыходзіць з торбачкамі, і мне ўжо трэба ехаць дамоў на таксоўцы».

Праўда, перш Дзіяна ўсё непатрэбнае сцягнула ў сваіх родных. Мама была моцна здзіўлена: маўляў, навошта табе гэты хлам? Але менавіта ён, па словах мастачкі, часам вельмі неабходны. Як, напрыклад, было з каробкай для капелюшоў, якую яна ўбачыла ў кватэры аднаго дзядулі. У ёй, рарытэтнай, 1960-х гадоў, ён захоўваў розную дробязь. І вельмі здзівіўся, калі Дзіяна прапанавала за яе грошы...

— Неяк паехала да адной бабулі набываць кнігу, — успамінае яшчэ адну цікавую гісторыю Дзіяна. — Раптам яна паказвае мне старую швейную машынку. Ды яшчэ з гісторыяй! Аказваецца, машынку неаднойчы хавалі ў вайну, каб немцы не адабралі. Дасталася мне яна вельмі танна.

Але гатова яна дзеля эксклюзіўнай рэчы ахвяраваць і большымі грашыма. Напрыклад, так было з яшчэ дарэвалюцыйнымі «акулярамі Берыі», як называе іх майстрыха. «Пэўныя рэчы знаходзіш на аўкцыёнах. Нешта на барахолках, стыхійных рынках, дзе сярод звычайных прадметаў часта заўважаеш нешта эксклюзіўнае, — працягвае мастак-стыліст. — Часам ідзеш і не задумваешся аб тым, што нешта купіш. Гэта як на рыбалцы: не ведаеш, што зловіш. Такі азарт!»

Абавязкова пасля паходу па рынках Дзіяна прыцягне ў «касцюмерку» чарговы чамадан. «Проста ў іх зручна ўсё захоўваць», — прызнаецца яна і паказвае на чамаданы з шалямі, гальштукамі, каўнерыкамі, пальчаткамі...

Кожная рэч з «касцюмеркі» знаходзіць сваё прымяненне: падчас шматлікіх мерапрыемстваў, фотаздымкаў, з задавальненнем іх бяруць на карпаратывы, выкарыстоўваюць у кіно. Апошні буйны праект, над якім працавала Дзіяна, — шматсерыйны фільм Белтэлерадыёкампаніі «Міліцыя ў асобах», прымеркаваны да 100-годдзя беларускай міліцыі.

— Гэта ўнікальны вопыт у маёй творчай дзейнасці: у адным фільме трэба было паказаць усе эпохі, пачынаючы з 1917 года да сучаснасці, — расказвае мастак-стыліст Белтэлерадыёкампаніі. — У фільме ў асноўным здымаліся курсанты Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, маладыя хлопцы да 25 гадоў. Часам адных і тых жа акцёраў здымалі ў розных эпохах, а значыць паказвалі ў якасці розных людзей. Вельмі цікава было назіраць, як юнакі ператвараліся ў дарослых мужчын.


У тым, што Дзіяна — майстар пераўвасаблення, удалося пераканацца асабіста. Маладая матуля Каця, якая прыйшла ў «касцюмерку» з чатырохгадовай дачкой Вікай (на фота), за некалькі хвілін з сучасных модніц ператварыліся ў кабет 1920-х гадоў. Прымяралі на сябе і іншыя «эпохі». І трэба сказаць, настолькі захапіліся, што ў такіх вобразах гатовыя былі сысці дамоў...

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Чамаданы прыгажосці, або Эксклюзіўныя рэчы адной «касцюмеркі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».