Завочна я з Дарыяй пазнаёмілася ўжо даўно. Пачалося ўсё з таго, што падпісалася на яе відэаканал на YоuTubе. І з асалодай слухала, як маленькая брастаўчанка артыстычна чытае на памяць свае любімыя дзіцячыя кніжкі. (Чытаць Дарыя навучылася ў два гады, а літары вывучыла яшчэ раней. — Аўт.). Менавіта сваёй неверагоднай памяццю дзяўчынка і пакарыла Максіма Галкіна на шоу «Лепш за ўсіх». А зусім нядаўна Дарыя з мамай Кацярынай Таберка вярнулася дадому з Масквы, дзе здымалася ў перадачы пра дзяцей з унікальнымі здольнасцямі «Золата нацыі». Мы з фатографам завіталі ў госці да маленькай зорачкі, якая не любіць хваліцца, бо лічыць, што «дзяўчынку ўпрыгожваюць не толькі сукенкі, але і сціпласць».
Пра Сару Кру, торт па шведскім рэцэпце і «вада камень точыць»
— Дарыя, ты згодная, што кніга — гэта найлепшы падарунак?
— Так. Ці хадзілка па якой-небудзь кнізе.
— А што такое хадзілка па кнізе?
— (Дастае з паліцы). Ёсць такая кніга пра Пэтсана і Фіндуса. Мама зрабіла па яе сюжэце хадзілку. Кідаеш кубік, ходзіш фішкамі і выконваеш розныя цікавыя заданні.
— Летась бацькі зрабілі табе незвычайны падарунак: квэст па матывах любімай кніжкі «Чараўнік Ізумруднага горада». Нядаўна табе споўнілася шэсць. Як на гэты раз святкавала дзень народзінаў?
— Не па кнізе, бо былі ў Маскве. Мяне прыйшлі павіншаваць новыя сябры — удзельнікі праекта «Золата нацыі». Мама замовіла вялізны торт. Ён быў вельмі смачны, па шведскім рэцэпце.
— Пасля вяртання дзядуля з бабуляй падарылі Дарыі набор мастака, — дадае мама Дарыі, якая калекцыянуе якасныя дзіцячыя кнігі і вядзе свой блог «Кніжны шкап». — Мы з мужам — настольную гульню і кніжку. Стараемся не дарыць шмат падарункаў, каб яны мелі нейкую каштоўнасць. Зараз у нас (азіраецца па баках), лічу, зашмат рэчаў. Вясной і зімой перад Раством з Дарыяй і Данікам разбіраем цацкі і адносім тыя, якія ім не шкада, у прытулак, іншым дзеткам.
— Я не ведаю, што такое голад і холад. Але мне здаецца, што пасля таго, як я пазнаёмілася з Сарай Кру, дык зразумела, што гэта такое...
Кацярына: — Сара Кру — гэта новая любімая гераіня Дарыі, з кнігі «Маленькая прынцэса».
— З задавальненнем паглядзела перадачу «Золата нацыі». І вельмі радавалася, калі ты прынесла перамогу сваёй камандзе: спачатку ўгадала слова «тачылка», а потым і «цыркуль». Як так атрымалася? Можа, таму што мама архітэктар і ты гэтыя прадметы бачыла не раз?
Кацярына: — Гэта нешта неверагоднае! Але за дзень да запісу праграмы мы з Дарыяй былі на прадстаўленні ў цырку Нікуліна. І я ёй расказвала, што слова «цырк» паходзіць ад лацінскага «цыркус» — круг. Таму што арэна круглая. І што слова «цыркуль» таксама звязана са словам «круг», бо пры дапамозе гэтага інструмента можна яго начарціць.
— А «тачылку» адгадала, таму што ў кніжцы яшчэ даўно чытала прыказку «вада камень точыць».
— Звярнула ўвагу, што практычна ўсе дзеці з каманды, якая прайграла, плакалі. А ты там так цудоўна сказала: «Усе дзеці малайцы! І я іх абдыму. Я не хачу, каб яны засмучаліся».
Кацярына: — Яна іх усіх потым абняла.
— Дарыя, а ты калі-небудзь засмучаешся?
— Я не засмучаюся, калі мне не вельмі моцна балюча.
Кацярына: — Калі яна ўпадзе і ўдарыцца, яна крыху засмуціцца.
— Каця, як зрабіць так, каб дзіця не засмучалася?
— Проста не трэба ператвараць перамогу ў нейкую каштоўнасць. Ніяк не абазначаць гэта. Там быў хлопчык, якога бацькі настроілі: «Ты абавязаны выйграць, мы не можам паехаць назад без перамогі». Дзеці засмучаюцца не таму, што яны прайгралі, а таму, што засмучаюцца іх бацькі. Незалежна ад таго, перамагла Дарыя ці не, я ўсё роўна рада за яе.
Пра 50 тысяч грывен, шахматнага каня і вудачку для таты
Дарыя дастала з паліцы шахматы.
— А вы хочаце са мной у шахматы згуляць?
— Я хачу, — падбягае трохгадовы брацік Даніла.
— Данік, табе белыя ці чорныя?
— Дарыя, хто цябе захапіў шахматамі?
— Мой сябар Арцём хадзіў на шахматы. Ён неяк паказаў, як ходзяць фігуры, і так зачараваў мяне, што я папрасіла маму з татам запісаць і мяне ў гурток.
— Бачыла ў тваім Іnstаgrаm (яго вядзе мама Дарыі. — Аўт.), што ты нядаўна заняла першае месца ў чэмпіянаце краіны па шахматах.
— Я гуляла з дзеткамі майго ўзросту. І выйграла шэсць партый з шасці. Цяпер рыхтуюся да чэмпіянату свету. Трэніруюся дома з дзядулем. Ён лепш за ўсіх у нашай сям'і гуляе.
Кацярына: — Гэтыя шахматы — дамашнія, яшчэ з майго дзяцінства. У нас ёсць і дарожны набор. Мы яго бяром заўсёды з сабой. І на «Золата нацыі» бралі. Там, дарэчы, усе дзеткі ўмелі гуляць у шахматы.
— Пакуль ехалі, я ў цягніку гуляла з мамай. І з дзядзем, які насупраць сядзеў. Гэта гульня вельмі цікавая. Яна не проста захапляльная тым, што тут ёсць шмат фігур. А яшчэ і тым, што кожная фігура ходзіць неяк па-свойму. А для хлопчыкаў гэта яшчэ як сапраўдны бой. Вось, напрыклад, для Даніка. Пешкі бягуць, коні скачуць, ладдзі плывуць!.. (вельмі эмацыянальна размахвае рукамі).
— Якая ўзнагарода для цябе больш важная: медаль на чэмпіянаце па шахматах ці 50 тысяч грывен, якія ты выйграла ў ток-шоу «Рассмяшы коміка» сваімі жартамі?
— Няважна, якую ўзнагароду дадуць. Мне падабаецца гуляць і вучыцца ў іншых.
— Спачатку ты рассмяшыла комікаў. А пасля пакарыла ўсіх тэлегледачоў тым, як вырашыла распарадзіцца выйгрышам: «Я патрачу грошы: маме — на завушніцы і сукенку, тату — на вудачку, сабе — на кніжку, браціку — на сапраўдны шчыт, дзядулю — на інструменты для агарода, бабулі — на насенне для кветак. А яшчэ, калі што-небудзь застанецца, нам усім на кніжную краму». Якой павінна быць гэтая крама ў тваім уяўленні?
— Там замест сцен будуць драўляныя кніжныя палічкі. На іх мы паставім усе самыя лепшыя кніжачкі. У нас дома іх больш за 4 тысячы. І туды будуць прыходзіць дзеткі і браць любыя з іх. А яшчэ там будуць жыць трусік Містар Тумі і папугай Бо. Іх можна будзе забраць з сабой дадому на выхадныя пагасціць. А каля ўвахода будзе стаяць парасон Оле-Лукойе, які можна ўзяць з сабой, калі раптам пайшоў дождж.
Кацярына: — Гэта будзе чароўнае месца, дзе прадаўцы любяць дзяцей і добрыя кнігі больш за ўсё на свеце і кожны дзень носяць новы дзіўны капялюш. А яшчэ ў нашай краме будуць дні казак, прагляд дыяфільмаў, тэатр ценяў...
Пра геніяльнага дырэктара, перламутравы цвік і сярэдзіну сасіскі
Данік ускараскаўся на зэдлік і пачаў чытаць спачатку літары, а затым словы цалкам, напісаныя на спецыяльнай дошцы на кухні: «П, і, р,о,г, пірог...»
— Дарыя, гэта ты яго навучыла чытаць?
— Не, не я. Тата. Бачыце, там машынка намаляваная, калі ён назаве ўсе словы, то загоніць яе ў гараж.
— Можа, таму, што Уладзімір апошнім часам больш за ўсё з Данікам часу праводзіць?
Кацярына: — Данік ведаў усе літары. Перад нашым ад'ездам на «Золата нацыі» яны з татам атрымалі баявое заданне: вывучыць лічбы да 10 і навучыцца чытаць. Мы вярнуліся праз месяц, праверылі: усё ведае, усё чытае.
— Дарыя, ты сумавала па тату з брацікам?
— Пастаянна думала: што нашы хлопцы там дома робяць? Я адкладу гэтыя дзве гульні. І мы пасля з вамі пагуляем, калі пагаворым. Добра?
— Ты, напэўна больш за ўсё на свеце любіш гуляць?
— Не, больш за ўсё на свеце я люблю маму. Яна мая найлепшая сяброўка (абдымае Кацю).
— А што для цябе значыць найлепшая сяброўка?
— Гэта калі ты з ёй усім дзелішся, усё расказваеш. Я лічу, што яе трэба заўсёды слухацца і не адмаўляць ёй. І яшчэ трэба яе ўвесь час абдымаць і любіць.
— А што трэба рабіць маме, каб яна стала найлепшай сяброўкай для дачкі?
— Напэўна, таксама яе любіць. Тады ўсё атрымаецца.
— Дарыя, як ты ўмудрылася запомніць столькі кніжак?
— Напэўна, таму што я дома шмат-шмат разоў чытала гэтыя кнігі. Яны былі мне знаёмыя, як сябры. Хочаце, я вам раскажу, як я магу вывучыць любую кніжку на памяць? Прачытала, лягла на яе жыватом, каб не падглядаць. І расказваю тое, што памятаю. А калі нешта забылася, то не падглядаю. А расказваю далей тое, што памятаю. А пасля зноў перачытваю спачатку і зноў кладуся жыватом.
Кацярына: — Я раней чытала ёй услых, і яна запамінала. А цяпер Дарыя сама хутка чытае. Нядаўна ёй даверылі весці ў Брэсце вялікі фестываль. Я ёй раздрукавала словы, якія трэба было вывучыць, а сама займаюся сваімі справамі. Праз нейкі час прыбягае: «Я гатова рэпеціраваць!» Выходзіць у цэнтр пакоя: «Слова прадастаўляецца геніяльнаму дырэктару». Слова «генеральнаму» яна не ведала, таму прачытала «геніяльнаму». Я думаю, ён быў бы рады пачуць такое прадстаўленне (усміхаецца).
— А хочаце я вам раскажу адну казку на памяць? Называецца «Сярэдзіна сасіскі» (расказвае).
Кацярына: — Мы гэта яшчэ не запісвалі на YоuTubе. Трэба запісаць.
— Дарыя, на тваім YоuTubе—канале падпісчыкаў нават больш, чым у маміным блогу. Навошта ты запісваеш гэтыя ролікі?
— Каб дзеткі таксама больш чыталі і вучылі на памяць.
У пакой забягае Данік з лейкай на галаве і пластмасавай клюшкай у руках. «Я жалезны дрывасек». «Ці можна далучыцца потым мне да тваёй гульні? — цікаўлюся. — І кім я магу быць?» — «Ты дзяўчынка, таму Элі», — абрадаваўся Данік.
— Дарыя, на адной з перадач ты сказала, што самая тоўстая кніжка, якую ты ведаеш на памяць, гэта «Чараўнік Ізумруднага горада».
— Так (дастае з кніжнай шафы). Тут цэлых шэсць тамоў. Мне яна вельмі падабаецца. Таму што там сябры ўвесь час адно аднаго абараняюць і стараюцца адно аднаму дапамагчы.
— А праўда, што ты сваю кніжку цяпер пішаш?
— Я збіраюся пісаць тры кнігі. Адна будзе называцца «Сяброўства-святло», пра сяброўства ад аднаго канца свету да другога. Другая кніжка пра пешку, якая згубілася, і яе шукаюць па лесе конь разам з іншымі шахматнымі фігурамі. Трэцюю назаву «Перламутравы цвік».
Дарыя падбегла да сваёй куртачкі і дастала з кішэні маленькі цвік.
— Я яго знайшла на «Золаце нацыі». Доўга разглядала і заўважыла, што ад яго ідзе маленькае чырвонае святло. Бачыце? Я яго цяпер з сабой нашу. Часам дастаю і расказваю маме. Кніга будзе пра хлопчыка, у якога ў кішэні быў цвік, але ён спачатку не ведаў, што ён чароўны. А потым з'явіліся тры вялікія сабакі, якія маглі выконваць усе яго жаданні.
— Калі б табе на далоньку апусцілася знічка, што б ты ў яе папрасіла?
— Каб ніхто з добрых людзей не хварэў.
Калі я піла гарбату ў кухні, забегла Дарыя і спыталася:
— А вы мне ўсе пытанні ўжо задалі?
— А якое пытанне ты хацела б яшчэ пачуць?
— Кім я хачу стаць? Я хачу стаць пісьменніцай, а таксама мараком.
— Гэта цябе так Іосіф Бродскі натхніў сваёй «Баладай пра маленькі буксір» (відэаролік, дзе Дарыя чытае баладу і плача, набраў больш як 80 тысяч праглядаў. — Аўт.)?
— Не, у дзядулі два браты на падводных лодках плавалі. Ён мне паказваў іх фотаздымкі, фуражку, рамень.
— Дарыя, некаторыя людзі перажываюць, што ты «бедная дзяўчынка, якая яна не бачыць дзяцінства, арэляў». Ты бачыла арэлі?
— Так, і не раз каталася на іх. Вы ведаеце, у мяне жыццё на колах. І мне гэта так падабаецца. Таму што я даведваюся шмат пра новыя будынкі, выдатнасці. У Маскве мы ў планетарый схадзілі, у Эксперыментаніум (музей займальных навук).
— Ці лёгка быць Дарыяй Скамарошчанка?
— Лёгка. Калі ў мяне мама такая.
— Дарыя, цябе называюць «аўдыядзяўчынкай», «каралевай дэкламацыі», «маленькім вундэркіндам»... Як табе падабаецца, каб цябе называлі?
— Проста Дарыя.
Восенню Дарыя пойдзе ў школу. Паказала мне сваю школьную форму: сінюю сукенку з беласнежнымі карункавымі манжэтамі і каўнерыкам.
— Вы яе ў нейкую адмысловую школу аддаяце?
Кацярына: — Ды не, яна пойдзе ў школу, у якой вучыліся мая мама і я.
— Не баіцеся, што з такой памяццю ёй будзе сумна на ўроках?
— Сумна — гэта не пра Дарыю. Заўсёды ж можна паглядзець у акно і пафантазіраваць. Калі мы ехалі з Масквы ў цягніку, адна пажылая жанчына, што сядзела насупраць, вельмі перажывала, што «дзіця сумуе». «На табе цацку, пагуляй». На што Дарыя адказала: «Дзякуй, не трэба. Я гуляю. Я прыдумваю».
— Сары Кру ніколі не было сумна. Я хачу на яе быць падобнай. Быць такой, як Сара, няпроста. Але, я лічу, што я на яе ўжо крыху падобная.
Кацярына: — Ёсць мамы, якія не аддаюць дзетак у школу і самі праходзяць з імі ўсю школьную праграму. Але мне падабаецца займацца і сваімі праектамі. Я магу быць шчаслівай, толькі калі ў мяне ёсць нейкая любімая справа. А дзеці ж не могуць быць цалкам шчаслівымі, калі мама не шчаслівая. Таму Дарыя пойдзе ў школу. А дамашняе выхаванне школа не зусім адмяняе. Яно на ўсё жыццё.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.