Вы тут

Што пачытаць дзеткам?


Аксана Спрынчан. Смачная кніга: вершы, загадкі. Мастак Вольга Максімовіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — 71 с.

Хто з дзетак не любіць ласавацца шакаладкамі, марожаным, смачнай садавіной? А хто з іх не любіць чытаць вершы? Таму, безумоўна, і малечы, і іх бацькам прыйдуцца даспадобы творы Аксаны Спрынчан, што склалі новую кнігу. Гэта не толькі кароткія, вясёлыя і дасціпныя вершы пра смакату. У гэтых невялічкіх творах — і расповеды пра адметнасці розных страў і спосабаў іх прыгатавання, смешныя гісторыі пра жывёл і іх любімую ежу, загадкі, якія цікава разгадваць усім разам. Гэта яшчэ і невялічкія казкі ў вершах. Напрыклад, пра Выдру, якая любіць гатаваць дранікі, пра рака, які прыдумвае рок-н-рол, гутарку лася з ласосем і многа-многа іншых цікавінак. Але папярэджваю: з пустым страўнікам кнігу лепш не адкрываць! Выданне валодае неверагоднай уласцівасцю абуджаць апетыт, прычым хочацца з'есці не толькі прысмакі, але і самыя звычайныя стравы — курыны булён, бульбу, рэпу ці проста хлеб, спечаны па беларускай традыцыі на кляновым лісце. Ды што казаць — смачнага чытання!


Раіса Баравікова. Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку: казкі з міфалагічнага люстэрка. Мастак Марыя Міцкевіч. — Мінск: Звязда, 2017. — 128 с.

Ці могуць міфічныя героі жыць побач з чалавекам у сучасным свеце? Як бы вы пачуваліся, калі б ведалі, што пад ложкам жыве Дамавуха, у галінках лётае Паветрык, а ваш любімы кот Чарныш — зусім не Чарныш, а сапраўдны кашэчы кароль Варгін? Такі свет, дзе разам з намі жывуць Русалкі, Вадзянікі, выдатна малюе пісьменніца Раіса Баравікова ў сваёй новай кнізе. Праўда, тут не ўсе персанажы сябруюць з чалавекам і — тым больш — паміж сабой. Так, Варгін здольны прыносіць разлад у сям'ю, дзе жыве, ён можа трапіць «у мультфільм», ператварацца ў каго заўгодна, нават лётаць па небе. Паветрык здольны «скрасці» капялюш, а Русалкі — напалохаць. Свет людзей і стасункі з чалавекам — важныя не для ўсіх істот. У некаторых з іх ёсць больш важныя заняткі, свае місіі. Выдатна, што пісьменніца смела адаптуе старажытных персанажаў да жыцця ў сучасным свеце, спрабуе ўявіць, як іх вачыма «бачыліся» б новыя тэхналогіі і звычкі чалавека ХХІ стагоддзя. Але самае галоўнае, што на старонках гэтай кнігі маленькіх чытачоў чакаюць сапраўды цікавыя паветраныя, падводныя і падземныя гісторыі, аздобленыя выдатнымі ілюстрацыямі.


Цеплыня душы ў звычайных рэчах. Падарожжа ў краіну народнага мастацтва / складальнік Алеся Коршак, мастак Людміла Галубец. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — 72 с.

Свет нашых продкаў быў уладкаваны паводле строгіх правілаў. Нават самыя звычайныя рэчы, іх упрыгожванні, майстэрства вырабу мелі глыбокі сімвалічны сэнс, важнае значэнне ў хатняй гаспадарцы і жыцці чалавека. Таму і беларускія рамёствы, заняткі, якія дапамагалі наладжваць побыт, будаваць і ўпрыгожваць дом, так пільна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. А адметныя рысы, падыходы пераходзілі ад бацькі да сына, а часам і ўвогуле трымаліся ў строгім сакрэце. Сучаснаму чалавеку, а тым больш дзіцяці, падчас складана зразумець, як жылі продкі, чаму іх адзенне мела менавіта такі выгляд, посуд быў карычневы ці чорны, як фарміраваліся традыцыі ткацтва, кавальства. Думаецца, кніга «Цеплыня душы ў звычайных рэчах» дапаможа адчуць, пабачыць, уявіць і ўсвядоміць многае. Выданне тлумачыць, як фарміраваліся адметнасці беларускага рамесніцкага стылю. Чаму многія вырабы не дайшлі да нашага часу, а некаторыя з іх — займаюць важнае месца ў музейных зборах. Важна, што кніга не проста пераносіць у мінуўшчыну, але і паказвае повязь старажытнасці з сучаснасцю, распавядае, дзе і сёння ў Беларусі можна знайсці захаваныя ўзоры выдатных рамесніцкіх вырабаў і ў якой мясцовасці пільна зберагаюцца самі сакрэты майстэрства.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Смачна, дасціпна, пазнавальна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».